Развагі з нагоды 130-годдзя Цішкі Гартнага

У гісторыі развіцця нацыянальнай літаратуры значная і шмат у чым выключная роля належыць творчасці і грамадскай дзейнасці выдатнага беларускага паэта, пісьменніка, палітычнага дзеяча, кнігавыдаўца Зміцера Фёдаравіча Жылуновіча, які ўвайшоў у беларускую літаратуру на пачатку ХХ стагоддзя пад знакавым псеўданімам — Цішка Гартны. Па асацыяцыі на памяць адразу прыходзяць знакамітыя радкі з верша М. Багдановіча «Песняру», апублікаваныя ім у 1910 годзе ў газеце «Наша Ніва». Паводле свайго пафаснага, грамадзянскага і мастацкага напалу гучання, гэты верш вельмі сугучны творчай дзейнасці сёлетняга юбіляра Цішкі Гартнага, з дня нараджэння якога 4 лістапада споўнілася 130 гадоў.

Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей

Сэрцы цвёрдыя, быццам з камення.

Разаб’ецца аб іх слабы верш заўсягды,

Не збудзіўшы святога сумлення.

Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,

Абрабіць яго трэба з цярпеннем.

Як ударыш ты ім, — ён, як звон, зазвініць,

Брызнуць іскры з халодных каменняў.

Мастацкая творчасць Ц. Гартнага менавіта кавалася і гартавалася ва ўмовах пад’ёму беларускай нацыянальнай ідэі, ідэі Адраджэння, якая сваім мэйнстрымным кірункам утрымлівала па-сапраўднаму дэмакратычную энергетыку ў памкненні выражэння дум, мараў і чаканняў народных сіл.

Як творца ён пакінуў у айчыннай літаратуры даволі шырокую тэматычнаідэйную вершавана-лірычную спадчыну, але найбольшы талент Ц. Гартнага, на наш погляд, рэалізаваўся праз цікавую і змястоўную празаічную форму, дзе ён актыўна працаваў у розных эпічных жанрах — нарыса, апавядання, аповесці, рамана і інш.

Вяршыняй празаічнай творчасці Цішкі Гартнага па праве лічыцца знакаміты ў свой час раман «Сокі цаліны», напісаны ў чатырох кнігах, над якім аўтар працаваў больш за паўтара дзясятка гадоў (1914 — 1930). Да работы над першай кнігай рамана, аповесцю «Бацькава воля», празаік прыступіў яшчэ ў 1914-м і закончыў у 1916 годзе. Многія раздзелы першай аповесці друкаваліся ў беларускамоўнай газеце «Дзянніца» за 1916 год у №№ 1 — 7, якая выходзіла ў Петраградзе. Як вядома, у 1930-я гады пісьменнік значна перапрацоўваў першапачатковы варыянт аповесці, каб надаць большую канцэптуальную цэласнасць усяму сюжэту і ідэі твора «Сокі цаліны».

Сама ўжо назва «Бацькава воля» нясе значную сімвалічную нагрузку і шмат у чым прадвызначае тэматычна-ідэйную і сюжэтна-фабульную канву творчай задумы аўтара, якая найперш трымаецца на праблеме раскрыцця сацыяльнага статусу беларускай местачковай сям’і пачатку ХХ стагоддзя і на раскрыцці характару выяўлення вечнай калізіі жыццёвых узаемаадносін, праблему сутыкнення пакаленняў бацькоў і дзяцей.

Гэты канфлікт падаецца ў аповесці як працэс у многім справакаваны і прадвызначаны станам крызіснай рэвалюцыйнай эпохі пачатку ХХ стагоддзя, які шмат у чым быў выкліканы бурным і імклівым развіццём і ростам буржуазных, капіталістычных адносін у асяроддзі местачковага грамадства. Ішоў хуткі рост прамысловасці, гарадоў. Тысячы, мільёны людзей вымушаны былі радыкальна мяняць свой лад жыцця, спрадвечныя ментальныя ўстаноўкі светасузірання.

Цягам усяго цывілізацыйнага і гістарычнага развіцця грамадства імкнулася выпрацаваць ідэальныя погляды на вобраз чалавека. Так, антычны грэка-рымскі свет выявіў ідэал мудраца, які азначаў духоўную перамогу над неўладкаванасцю жыццёвай рэчаіснасці, раскрываючы галоўную праграму жыцця імкненнем асобы да ўнутранага ўдасканалення, заспакаення і раўнавагі. Гэты ж ідэал таксама быў добра распрацаваны і вядомы ў культурах Усходу, Індыі, Кітая і іншых цывілізацый свету.

Хрысціянства ж, як мы добра ведаем, вылучыла са свайго культурнага асяродка ідэал святога — чалавека перайначанага і прасветленага, які актыўна імкнецца перамагчы сваю старую прыроду. З цягам часу хрысціянскае Сярэднявечча высунула высокі ідэал рыцара. Рыцарства ў сваю чаргу выкавала ў сабе вобраз асобы, якая з развіццём Новага часу і рэвалюцыйна-дэмакратычных пераўтварэнняў выкрышталізавала новую іпастась дасканаласці — чалавека-грамадзяніна.

Але грамадзянін не можа быць раўназначна супрацьпастаўлены вобразам мудраца, святога, рыцара, бо ён звязаны з жыццём выключна грамадства, якое патрабуе найперш партыкулярнага падыходу да ідэальных чалавечых дасканаласцяў.

Для Новага часу з найважнейшым прынцыпам шырокага, веернага падзелу працы ідэал павінен быў выводзіцца найперш паводле прафесійных здольнасцяў: ідэал вучонага, артыста, палітычнага дзеяча, фабрыканта-буржуа, рабочага, селяніна, гандляра і інш.

У аповесці «Бацькава воля» Ц. Гартны і імкнецца вывесці новы вобраз-ідэал грамадскай супольнасці, выпрацаваны капіталістычным ладам жыцця і рэвалюцыйна-нігілістычнай атмасферай пачатку ХХ стагоддзя на ўскраінах Расійскай імперыі — вобраз актыўнага рабочагапралетарыя, выхадца з мяшчанска-местачковага асяроддзя, вобраз ідэальнага таварыша, які на першае месца ставіць інтарэсы блізкага яму перадавога класа рабочых і абяздоленых.

Асноўная сюжэтная канва аповесці «Бацькава воля» ўтрымліваецца на нежаданні бацькоў Зоські Прыдатнай выдаць яе замуж за каханага рабочага Рыгора Нязвычнага. Бацькі Мікалай і Стэпа Прыдатныя самі больш-менш заможныя местачкоўцы і жадаюць бачыць яе выбранцам Васіля Берага, які таксама заляцаецца да прыгожай і працавітай дачкі Прыдатных. У гэтым сямейна-сацыяльным канфлікце светапоглядная і ідэйная пазіцыя аўтара твора, безумоўна, знаходзіцца на баку Рыгора Нязвычнага. Менавіта яго вобраз з’яўляецца для празаіка пратаганістам чалавека новай эпохі. І вось як цікава перадае Ц. Гартны ў пачатку аповесці думкі-развагі свайго героя: «І мне, — звяртаўся Рыгор да сябе: — і мне беднаму, цёмнаму паўмужыку, а ўжо напаўрабочаму, сыну ўбогага, нікчэмнага мястэчка Сілцоў, мне незайздроснаму, не хціваму, напрацаванаму, — здаецца, што з часам свет гэты будзе так міл, ніколі нішто жывое нават і не падумае, каб гэта маракаваць на жыццёвыя нелады і цягчыцца надавам жыцця. Згіне енк, высахнуць слёзы, перастане стогн; радасць запануе, расістым отсветам заблішчаць вочы… А ўжо блізка той час, блізка; жыццё ў тэрміне перабудоўкі; старое рушыцца, знікае, уступаючы месца новаму, маладому. Патрэбен націск, упор, намаганне, патрэбны ахвяры».

У гэтых развагах, на нашу думку, і прыхавана асноўная рыса характару Рыгора: чалавек, мысленне якога завязана выключна на жыцці грамадства, яскрава выяўляе сябе выразнікам светапогляду новага сацыяльнага асяроддзя, дзе ідэал асобы заменены на ідэал грамадства і дзе пануе наіўная і ідэалізаваная думкамара аб тым, што дасканалага грамадскага ладу жыцця магчыма дасягнуць без складаных напружанных унутраных высілкаў самога чалавека. Унутраная ўзвышаная думка пра самога сябе як выбітнага прадстаўніка перадавога класа, безумоўна, трымаецца на павярхоўным уяўленні героя пра свет і шмат у чым парушае логіку яго спрадвечных маральнадухоўных законаў развіцця.

Ц. Гартны паказвае нам, што ў жыцці Рыгора вялікае месца адведзена працэсу чытання газет, дзе б ён ні быў: у горадзе, на станцыі, падчас паездкі дадому ці ў самім мястэчку, калі ён жыў у маці (ён заўсёды шукаў моманту, каб набыць газету, пацікавіцца навінамі пра падзеі ў свеце).

Вось гэта заахвочанасць і цікаўнасць да падзей «далёкага» ідэйна ангажаванага жыцця, якія шмат у чым мала тычыліся яго асабістага «бліжняга» кола пражывання, і фарміравалі яго светапогляд. Гэтым самым ён і выражае сабой яркі прыклад вобраза буржуа-пралетарыя, у якім выдуманая ідэалізаваная сацыяльная штодзённасць канчаткова правіць сваю перамогу ў яго ўяўленнях пра навакольныя працэсы.

Вельмі паказальныя ў гэтым плане эпізоды, якія раскрываюць адносіны нашага героя да грошай. Загартаваны прагматычнымі прынцыпамі жыцця падчас работы ў Рызе на заводзе, ён выразна пераносіць гэты рацыяналізм і на адносіны з іншымі людзьмі, нават самымі блізкімі — маці і каханай дзяўчынай. Бачачы сваю перавагу ў адносінах да Зосі ў тым, што ў яе пачуццё закаханасці больш палкае і адданае, ён імнецца разам з тым паставіцца да іх узаемаадносінаў вельмі прагматычна і «адказна», каб не перайсці мяжы задуманай і шмат у чым эгаістычнай па сваёй сутнасці мэты жыцця. Стрэўшы яе ў першы дзень прыезду ў Сілцы, Рыгор адчуў, «што справа кахання да Зосі не такая непахісная рэч, каб без яе не можна было абысціся». Свой погляд на Зосю ён грунтоўна пракрытыкаваў пасля гутаркі з ёю. Аднак яго думкі змяніліся, калі ён усвядоміў, што з «цягі» дзяўчыны да «таварышкавання з сілцоўскімі дэмакратамі» можна атрымаць карысць для рэвалюцыйнага руху, для змагання за вызваленне працоўных. Рыгор не мог не верыць Зосінаму жаданню і намерам не паддавацца бацькавай волі, а змагацца з яго мяшчанска-дзедзіцкім уздзеяннем на яе.

Менавіта яго рацыяналізаваная, эгаістычная заангажаванасць на толькі практычнай, карыслівай, буржуазнай зададзенасці ў падыходзе да жыццёвых праблем і людзей і вызначае яго поўную паразу ў адносінах да Зосі. Бацькі Зосі ў вырашэнні быццам бы галоўнага канфлікту твора, нам думаецца, маюць не фундаментальнае і прынцыповае значэнне. Дух эпохі, які пачаў дамінаваць у пачатку ХХ стагоддзя на Беларусі, даваў поўную магчымасць вырашэння канфлікту закаханых людзей. І такі рыгарыстычны і разам з тым закамплексаваны галоўны герой не ўтрымліваў у сабе ўнутранай духоўнай патрэбы да сямейнага жыцця, да самаахвярнага служэння блізкім.

Сям’я, як добра вядома, ёсць першасным улоннем культуры. І там, дзе гаворка вядзецца аб выхаванні дзяцей, падрыхтоўцы іх да жыцця, трэба заўсёды падыходзіць як да чагосьці ў найвышэйшай меры сур’ёзнага, адказнага і нябесна-боскага. І сто разоў мелі рацыю тыя мысляры і пісьменнікі, якія сцвярджалі, што свет кіруецца і будуецца з дзіцячай калыскі. Аднак свет не толькі можа будавацца з гэтай духоўнай купелі, але і разбурацца з яе, бо менавіта тут, у гэтым сакральным месцы, закладваюцца не толькі шляхі магчымага будучага выратавання і росквіту, але і гібелі, разбурэння і заняпаду грамадства.

Ігар ШАЛАДОНАЎ, кандыдат філалагічных навук

«Літаратура і мастацтва»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.