ПРЫЁМЫ НАПІСАННЯ НАВІН. Матэрыял выкладчыка Інстытута журналістыкі БДУ Ягора Конева

Спрэчкі наконт таго, што трэба лічыць навінамі, доўжацца з пары зараджэння журналістыкі і не спыняюцца дагэтуль. У заходняй журналістыцы за апошнія стагоддзі назбіралася багата арыгінальных выказванняў на гэты конт. Адно з іх належыць самаму сварліваму газетнаму магнату Амерыкі Джо Бэнэту-малодшаму, які напрыканцы ХІХ стагоддзя заявіў: «Навіны — гэта тое, што я называю навінамі». Болей тактычна выказаўся ў пачатку ХХ стагоддзя рэдактар «The New-Yourk Sun» Чарльз Дан: «Навіны — гэта ўсё, што змушае людзей размаўляць паміж сабой». Крыху пазней у каледжах і інстытутах студэнтам, якія марылі прысвяціць сваё жыццё журналістыцы, давалі наступныя тлумачэнні жанру навін: «Навіны — гэта паведамленне пра падзеі, якое змяшчае інфармацыю, мала каму вядомую, і якая была атрымана рэпарцёрам і перададзеная чытачу, слухачу, гледачу». Або: «Навіны — гэта цякучая інфармацыя, якая паведамляе пра тое, што адбываецца. Навіны змяшчаюць жыццёва важную інфармацыю для людзей, якія спрабуюць вырашыць, што ім належыць думаць і як рабіць». Або: «Навіны — гэта тое, пра што вы не ведалі ўчора».

Досыць цікавую характарыстыку навін даў напрыканцы ХХ стагоддзя журналіст Мелвін Менчэр у кнізе «Асновы газетнай журналістыкі»: «1. Навіны — гэта матэрыял, які публіка павінна ведаць, бо ён важны. 2. Навіны — гэта матэрыял, які зацікавіць чытачоў».

Такім чынам, як бачым, у амерыканскай навуцы (як, прынамсі, і ў еўрапейскай) няма агульнапрынятага азначэння або комплексу азначэнняў «навіны». Друк усклаў на сябе абавязкі інфармаваць чытача, забаўляць яго, адукаваць ды падштурхоўваць да пэўных учынкаў і паводзін. Унутры гэтага шырокага спектра, аднак, існуе пэўнае ўсведамленне, абумоўленае практычным інтарэсам аўдыторыі, адносна таго, што можна лічыць навінамі, а што — не.

Безумоўна, да навін належаць паведамленні пра дзейнасць афіцыйных асоб і знакамітасцей, ініцыятывы ўрада, неардынарныя падзеі (злачынствы, катастрофы, скандалы, выкрыцці), новыя сацыяльныя тэндэнцыі і г.д. Аднак жанр навін не вычэрпваецца толькі канцэнтраваннем увагі грамадскасці на незвычайным. Некаторыя журналісты інтуітыўна адчуваюць, што можа зацікавіць іх чытачоў. Але тыя, каго прырода пазбавіла такой інтуіцыі, могуць выкарыстаць метадычны падыход, вышукваючы ў навакольнай рэчаіснасці рэальныя падзеі з пэўнымі характэрнымі рысамі, якія здатныя заінтрыгаваць масавую аўдыторыю. Для большасці навін гэтыя рысы маюць наступныя элементы:

  1. Блізкасць.

Рэдактар аддзела навін лонданскай газеты ніколі не забудзе, што яго чытачоў болей зацікавіць паведамленне пра авіякатастрофу у Эдынбургу, чым дзесьці ў Мумбаі. Адзінае выключэнне з гэтага правіла — колькасць ахвяр: чым далей ад месца выдання, тым іх павінна быць болей, каб звесткі пра іх патрапілі на першыя палосы. Так, для рэдактара брытанскага выдання 4 загінуўшыя лонданцы раўназначны 40 нябожчыкам у Парыжы або Бярліне, 4 000 памерлым у Турцыі або Іране, 400 000 забітым у М’янме або Інданезіі. Гэтаксама рэпарцёры імкнуцца звязаць навіну са сваімі чытачамі, паведамляючы, напрыклад: «Учора ля берагоў Канады затануў пасажырскі карабель. Загінулі 83 пасажыры і члены экіпажа. 16 з іх — жыхары нашай краіны».

  1. Вядомасць.

Рэдактары газет больш ахвотна змяшчаюць матэрыялы пра любоўныя авантуры знакамітасцей у такіх падрабязнасцях, якія выклікалі б у чытачоў агіду, калі б яны тычыліся звычайных людзей.

  1. Своечасовасць.

Добрасумленны рэпарцёр не напіша пра падзею, якая адбылася ўчора ці пазаўчора, бо для чытача гэта ўжо не навіна. Можна, аднак, выкарыстаць прыём «update» («асучаснівання») навіны. Напрыклад, калі ўчора ў горадзе быў абрабаваны банк, то назаўтра паведамленне пра гэту падзею павінна выглядаць наступным чынам: «Здароўе ахоўніка, параненага ўчора ў час абрабавання банка, значна палепшылася. Хутка ён зможа даць паказанні паліцыі».

  1. Актуальнасць.

Некаторыя тэмы ў пэўныя перыяды хвалююць грамадскасць значна больш, чым іншыя. Звычайна гэта тэмы, якія інтрыгуюць і палохаюць чытачоў. Напрыклад, у 1983 годзе грамадства ў Паўночнай Амерыцы і Заходняй Еўропе надзвычай хвалявалася з нагоды эпідэміі герпесу, якую называлі «чумой ХХ стагоддзя». Як толькі аўдыторыя стамілася ад гэтай тэмы, у 1985 годзе яе змяніла тэма новай «чумы ХХ стагоддзя» — СНІДу, потым — сібірскай язвы, пазней — атыпічнай пнеўманіі, затым — свінога грыпу і г.д.

  1. Значнасць.

Чым большы ўплыў дадзеная падзея акажа на людзей, тым больш верагодна, што яна патрапіць на паласу навін. Напрыклад, паведамленне пра закрыццё фабрыкі дзесьці ў Вярмонце не з’яўляецца значнай для агульнанацыянальнага выдання кшталту «The New-Yourk Times» ці «The Washington Post». Але такая навіна акажацца вельмі важнай для рэгіянальнага выдання ў штаце Вермонт, паколькі ў выніку банкруцтва прадпрыемства працу згубяць сотні чалавек.

  1. Драматызм.

Некаторым падзеям уласцівая драматычная інтрыга, якая змушае чытача чакаць працягу расказа. Да такіх навін належаць, напрыклад, паведамленні, прысвечаныя судовым працэсам або пошукам паліцыяй серыйных забойцаў і г.д. Калі ў матэрыяле прысутнічае хаця б адзін са згаданых элементаў (звычайна іх называюць элементы «будаўніцтва навін»), то ён мае шанц на апублікаванне. І чым больш у паведамленні будзе такіх элементаў, тым вышэйшыя будуць яго шанцы патрапіць на першыя палосы выдання (адпаведна і ганарар акажацца вышэйшы, чым за публікацыю дзе-небудзь на 20-й або 120-й паласе).

У якасці прыкладу спалучэння такіх элементаў, як вядомасць, значнасць і своечасовасць, хацелася б згадаць навіну, змешчаную сёлета на другой паласе «The Washington Post»:

«Папа Рымскі Бенедыкт XVI вітаў вернікаў са свайго папамабіля, калі прыехаў на месу ў Кідроне па-за сценамі старога цэнтра Іерусаліма. У аўторак 12 мая 2009 года Папа прыбыў з пяцідзённым візітам у Ізраіль і Палестыну».

Гэты матэрыял, падрыхтаваны супрацоўнікамі інфармацыйнага агенцтва «Associated Press», па-першае, з’яўляецца досыць лаканічным (усяго 2 сказы), па-другое, мае сваім героем адну з самых аўтарытэтных асоб у свеце (элемент вядомасці), па-трэцяе, аператыўна інфармуе пра падзею, якая адбылася толькі зараз (своечасовасць), і, па-чацвёртае, закранае праблему, якая хвалюе мільёны амерыканскіх этнічных іўдзеяў і прыхільнікаў ісламу, — перманентную вайну паміж Ізраілем і арабскім светам, а таксама надзею на ўрэгуляванне гэтага канфлікту пры пасрэдніцтве каталіцкай царквы (значнасць).

Паводле існуючай класіфікацыі дадзенае паведамленне належыць да шэрагу «цяжкіх» навін, паколькі тычыцца пытанняў міжнароднай палітыкі, і з’яўляецца тыповай News in brief (аналаг нашай кароткай інфармацыйнай заметкі).

Аднак, паколькі чытач хоча ведаць не толькі факты, але і падрабязнасці, то большасць паведамленняў, якія змяшчаюцца на паласе пад рубрыкай «Навіны» (News), прадстаўлены не толькі ў лаканічным News in brif, але і ў разгорнутым выглядзе General News Account (аналаг пашыранай заметкі).

Істотнае адрозненне паміж гэтымі групамі жанру заключаецца ў тым, што «лёгкія» і «цяжкія» навіны, а таксама News in brif змяшчаюць паведамленне пра пэўную падзею, якая ўжо адбылася, або анонс пра падзеі, якія яшчэ адбудуцца, між тым як General News Account можа мець рысы і мініагляду, і міні-гісторыі (гэта значыць змяшчаць у тэксце прафесійную або жыццёвую інтрыгу, пабудаваную на чалавечых узаемаадносінах), ці нават міні-парады (напрыклад, па гаспадарцы або па падтрымцы здароўя). Яднаюць жа гэтыя групы выкананне прафесійных патрабаванняў да тэксту — аператыўнасць, актуальнасць, дакладнасць, лаканічнасць і яснасць выкладання.

Жанру General News Account уласцівыя дынамічная манера азнаямлення з фактамі, інфармацыйная насычанасць, аўтарскае імкненне да аб’ектыўнасці і нейтральнга стылю расповяду. Якасны тэкст General News Account звычайна дэперсаніфікаваны — аўтар быццам не навязвае чытачу сваю інтэрпрэтацыю падзей. Дзеля гэтага ўжываецца дастатковая колькасць цытат і спасылак на разнастайныя крыніцы інфармацыі.

У якасці прыкладу варта спаслацца на матэрыял Кліфарда Леві, апублікаваны 27 мая 2009 года ў газеце «The New-Yourk Times» пад загалоўкам «У Сібіры — памінальны звон па запасе смяротнай зброі»:

«У пятніцу ў сібірскім горадзе Шчучча афіцыйна адкрыецца аб’ект па ўтылізацыі хімічнай зброі.

У 1994 годзе амерыканскія інспектары ўбачылі на складах у Шчуччы, дзе захоўваецца 14 % рускага арсенала гэтых узбраенняў, сумнае відовішча: браму ахоўваў маладжавы шчуплы салдат, якому шмат месяцаў не плацілі грашовае ўтрыманне, дзверы складоў былі зачыненыя на іржавыя вісячыя замкі, а ўнутры, як дровы, былі складзены 2 мільёны артылерыйскіх снарадаў і боегаловак з нярвова-паралітычным газам. Многія з зарадаў партатыўныя, прычым выбух усяго аднаго з іх у месцы масавага збору людзей спарадзіў бы дзясяткі тысяч ахвяр. Візіт інспектараў у 1994 годзе стаўся каталізатарам амерыканскай дапамогі па знішчэнню хімічнай зброі. За бягучы перыяд склады у Шчуччы змяніліся непазнавальна.

Сумесная расійска-амерыканская праграма па бяспечнаму захоўванню і ліквідацыі каласальных запасаў зброі масавага вынішчэння савецкай вытворчасці сутыкалася з замінкамі: Кангрэс ЗША настойваў, каб Расія аплачвала яе з уласнай кішэні, а рускае кіраўніцтва накладвала бюракратычныя абмежаванні ды павышала ўзровень сакрэтнасці, што перашкаджала амерыканскім прадстаўнікам высвятліць, на што менавіта выдаткоўваюцца грошы.

Утылізацыя арсенала ў Шчуччы зойме не менш пяці гадоў. У кожным снарадзе або боегалоўцы прасвідруюць адтуліну, газ выпампуюць і змяшаюць з іншымі хімікатамі дзеля нейтралізацыі, адходы ж заліюць асфальтам.

Мясцовыя эколагі заклапочаныя верагоднасцю аварый на новым аб’екце. Як сцвярджае Леў Фёдараў, прэзідэнт Саюза хімічнай бяспекі, у апошнія гады жыхары Шчучча назіралі на складах пажары ды іншыя пазаштатныя сітуацыі, але ўлады не паведамлялі пра гэтыя інцыдэнты і не тлумачылі, якія меры бяспекі прынятыя. Буйнейшыя сусветныя запасы хімічнай зброі знаходзяцца ў Расіі і ЗША, якія абавязаліся знішчыць іх да 2012 года. Але наўрад ці яны ўкладуцца ў гэты тэрмін з-за праблем з фінансаваннем і лагістыкай».

Як бачым, у матэрыяле раскрываецца логіка факта, чытач атрымлівае накіраваны імпульс для асэнсавання паведамлення. Што ж да асабістай думкі аўтара на дадзеную праблему, то яна выказана ў фінальным абзацы карэктна і нейтральна.

Дадзены матэрыял мае рысы ўласцівай жанру General News Account міні-гісторыі, інтрыга якой абумоўлена патэнцыяльнай пагрозай з-за благіх умоў захоўвання зброі масавага вынішчэння.

Якасць дадзенай публікацыі абумоўлена наяўнасцю некаторых важных элементаў інфармацыйнага аналізу, збольшага ўласцівага жанру General News Account. Газета «The New-Yourk Times» недарма апошнія сто гадоў карыстаецца славай своеасаблівай«Бібліі навін», паколькі ад яе рэпарцёраў патрабуюць наступныя элементы інфармацыйнага аналізу:

  1. Пра тое, што адбудзецца, трэба паведамляць у першым, у крайнім выпадку — у другім абзацы.
  2. Тэкст мусіць быць напісаны кароткімі сказамі ды абзацамі. Гэта значыць, што дапускаецца і адзін сказ ў абзацы; у сказе павінна быць максімум 25 слоў; адзін абзац змяшчае адну ідэю; стыль — максімальна спрошчаны для чытання і г.д.
  3. Расповед ідзе ад трэцяй асобы.
  4. Даты павінны быць дакладнымі. Гэта значыць, што лепей пісаць не «на мінулым тыдні», а «15 ліпеня».
  5. Пра падзеі трэба не проста паведамляць, але тлумачыць іх сутнасць, дэманстраваць у кантэксце.
  6. Меркаванне павіненна грунтавацца толькі на фактах.
  7. Тэкст мусіць быць інфарматыўным і збалансаваным ў ацэнках.
  8. Факты павінны быць прывязаныя да крыніц.
  9. Аналіз базуецца толькі на фактах, згаданых у тэксце.
  10. Калі цытата крыніцы інфармацыі з’яўляецца меркваннем, то яму павінна супрацьстаяць супрацьлеглае меркаванне (цытата іншай крыніцы).
  11. Падзею трэба асвятляць паводле прынцыпу «перагорнутай піраміды»: спярша — самае галоўнае, далей — падрабязнасці.

Зразумела, даволі праблематычна напісаць інфармацыйнае паведамленне, якое змяшчала б усе гэтыя аналітычныя элементы. Але тут спрацоўвае той жа прынцып зацікаўленасці журналіста: чым больш элементаў аналізу будзе мець яго навіна, тым больш шанцаў яна займее, каб патрапіць на першыя (высокаганарарныя) палосы выдання.

Да шэрагу такіх матэрыялаў можна аднесці публікацыю ўласнага карэспандэнта «The NewYourk Times» у рэгіёне Бліжэйшага Усходу Назіла Фатхі пад загалоўкам «Вялікая дэманстрацыя ў падтрымку Мусаві адлюстроўвае пагрозу сённяшняму лідару Ірана», якая выйшла 1 чэрвеня 2009 года:

«Учора, 31 мая, галоўны сапернік Махмуда Ахмадзінежада на бліжэйшых у Іране прэзідэнцкіх выбарах Мір-Хасейн Мусаві здолеў сабраць незвычайна вялікую дэманстрацыю сваіх прыхільнікаў у час выступу ў Табрызе — на паўночным захадзе краіны, недалёка ад месца яго народзінаў.

Да выбараў засталося менш месяца, і такая масавая падтрымка памяркоўнага кандыдата стварае сур’ёзную пагрозу сённяшняму кіраўніку Ірана. Прыкметна тое, што паслухаць Мусаві сабраліся 30 тысяч чалавек, якіх пры гэтым не кармілі бясплатна, не прывозілі на аўтобусах і якім не давалі грошы — такія метады выкарыстоўвае Ахмадзінежад у сваёй перадвыбарчай кампаніі.

Многія прыехалі на сваіх машынах, даведаўшыся пра збор праз сацыяльную сетку «Facebook», у якой даволі паспяхова пазіцыяніруецца перадвыбарчая кампанія Мусаві.

Гэта толькі першы прыпынак у двухдзённым турнэ Мусаві па Заходнім Іране. Мэта Мусаві — прыцягнуць галасы турэцкамоўнага электарата (15 млн), які складае трэцюю частку выбаршчыкаў. «Людзі Табрыза і Азербайджана некалькі разоў змянялі лёс гэтай краіны, — заявіў Мусаві. — Яны заўсёды супрацьстаялі дыктатуры».

Бы лы прэм’е р Мусаві вя д омы сва імі памяркоўнымі поглядамі, дзякуючы якім ён атрымаў падтрымку прыхільнікаў рэфарматарскага курса, у прыватнасці, былога прэзідэнта Махамеда Хатамі. У той жа час падтрымка Ахмадзінежада з боку клерыкалаў саслабела — яго вінавацяць у эканамічных праблемах.

Мусаві дакляраваў у выпадку абрання забяспечыць выкананне канстытуцыйнага закона пра выкладанне ў школе на роднай мове. Таксама ўпершыню з 1979 года ў перадвыбарчай кампаніі ўдзельнічае жанчына — Заўра Рахнавард, жонка Мусаві. Яна публічна заявіла, што выступае за манагамію і пашырэнне правоў для жанчын».

Дадзены матэрыял дэманс труе узор палітычнай заангажаванасці, якая, аднак, прафесійна прыхавана з дапамогай стылістычна афарбаваных адценняў непрадузятасці ды аб’ектыўнасці. Мы зноў назіраем рысы мінігісторыі, інтрыга якой абумоўлена спрадвечным грамадскім інстынктам — барацьбой за уладу. Аўтар фактычна не ўтойвае, што адлюстроўвае пункт гледжання амерыканскай эліты на сітуацыю ў рэгіёне Бліжэйшага Усходу (яе рупарам і з’яўляецца «The New-Yourk Times»). Яго сімпатыі цалкам на баку Мусаві, ён нават не цытуе прыхільнікаў Ахмадзінежада. Разам з тым, тон публікацыі дэманстратыўна дыперсаніфікаваны. Аўтар дакладна ўказвае час і месца падзеі, мэты кандыдата ў прэзідэнты і прыблізную колькасць яго прыхільнікаў. Аўтарскія ацэнкі грунтуюцца на дакладных фактах. Іншая справа, што згадваюцца толькі тыя факты, якія падмацоўваюць аўтарскую інтанацыю крытычнага стаўлення да Ахмадзінежада —«ворага № 1 для ЗША ў 2009 годзе». Тым не менш, аўтар нідзе не дазваляе сабе некарэктнага выказвання, абразы або беспадстаўнага абвінавачвання. Захаванне эмацыянальнай адасобленасці ў спалучэнні з інфармацыйнай насычанасцю і збалансаванасцю ацэнак — гэта безумоўная прыкмета журналісцкага майстэрства, праяву якога мы назіралі ў дадзенай публікацыі.

***

У заходняй мадэлі журналістыкі навіны вызначаюцца дасведчанасцю рэпарцёра ў пэўнай сферы (гарадскім жыцці, культуры, спорце і г.д.). Штодзённыя намаганні, якія карэспандэнт прыкладае ў гэтай сферы, называюцца працай з навінамі. Прафесійны журналіст заўсёды павінен быць у курсе ўсяго, што адбываецца ў сферы яго службовых інтарэсаў. У час працы з навінамі, іх падрыхтоўкай да друку рэпарцёру варта ўлічваць наступныя карысныя парады:

  1. Тэкст навін нельга пачынаць са слоў «Як мы ўсе і чакалі…» або «Дзіўным чынам…».
  2. Трэба пазбягаць выразы кшталту «У працяг учарашняй тэмы…».
  3. Нельга пачынаць са слова «учора» (бо навіны для звычайнага абывацеля — гэта тое, што адбылося сёння).
  4. Трэба пазбягаць фактычных памылак і доўгіх слоў.
  5. Нельга называць навіны добрымі ці благімі (працяглая залева можа быць прыемнай навінай для фермераў і благой для турыстаў).

У працэсе збору і апрацоўкі навін значную ролю грае выяўленне сувязі выпадковага (факта) з заканамерным (з’явай), прыватнага — з агульным, асабістага — з грамадскім.

Так, паведамленне пра закрыццё завода па вытворчасці цацак дзе-небудзь у Вісконсіне або Гесэне набывае значнасць у кантэксце глабальнага эканамічнага крызісу (сувязь прыватнага — з агульным).

Але пачынацца такая навіна павінна персаніфікавана, напрыклад: «Сёння з ранку ў Гертруды Раўбель благі настрой. Завод, на якім яна адпрацавала трыццаць два гады, зачыніўся». Далей пойдзе расповед пра тое, што гэткім жа чынам скасавалі кантракты яшчэ 4 тысячы супрацоўнікаў прадпрыемства, якое зачынілася з-за нерэнтабельнасці вытворчасці ды памылак у маркетынгавай палітыцы, дапушчаных адміністрацыяй. І паколькі ў такой навіне з’яўляецца сувязь прыватнага з грамадскім, то яна, безумоўна, зацікавіць шырокую аўдыторыю.

Спецыфіка адбору навін для друку часта абумоўлена тыпам выдання. Так, штодзённыя газеты пішуць галоўным чынам пра тое, што адбылося на працягу бліжэйшых 24 гадзін. Тыднёвікі маюць права на іншы часовы інтэрвал — 7 дзён, таму не могуць абмяжоўвацца лаканічнымі паведамленнямі: чытачы чакаюць ад іх грунтоўнага і ўзважлівага аналізу.

Пэўную ролю ў публікацыі навін адыгрываюць тыраж і месца выдання. Так, газета, якая выходзіць у гарадку Абердзін на поўначы Шатландыі, звычайна паведамляе пра ўсе без выключэння дарожна-транспартныя здарэнні ў наваколлі. Газета, якая друкуецца ў Эдынбургу — сталіцы Шатландыі — асвятляе толькі аварыі, якая маюць наступствамі смерць або траўматызм людзей. Нарэшце, газета, якая выходзіць у Лондане — сталіцы Злучанага Каралеўства Англіі, Уэльса, Шатландыі і Паўночнай Ірландыі — будзе інфармаваць чытачоў пераважна пра буйнешыя аўтакатастрофы.

Яшчэ адзін крытэрый, якім кіруюцца журналісты і рэдактары пры адборы навін, — традыцыйная палітыка выдання. Напрыклад, брытанская газета «The Sun» апошнія дваццаць гадоў спецыялізуецца на навінах, звязаных са скандальнымі забойствамі, сексуальнымі забавамі, а таксама спартыўных дасягненнях. На палосы такой газеты наўрад ці трапяць паведамленні пра найноўшыя адкрыцці ў фармакалогіі, калі яны толькі не звязаны з мужчынскай патэнцыяй. Амерыканская «USA Today», наадварот, презентуе сябе як дасведчанае выданне, якое інфармуе інтэлектуальна развітую аўдыторыю пра падзеі ў сферы палітыкі і бізнесу. Рэдакцыю такой газеты не зацікавіць апісанне, напрыклад, сямейнай бойкі паміж спявачкай Мадонай і яе экс-мужам Гаем Рычы.

У якасці прыкладу характэрнай для рэспектабельнай «USA Today» навіны ў жанры General News Account (аналаг нашай аналітычнай пашыранай заметкі) можна згадаць апублікаваны 14 студзеня 2009 года на даволі злабадзённую для Амерыкі тэму матэрыял Нэнсі Хэлміч «Майамі — горад таўстуноў, а самыя хударлявыя амерыканцы жывуць у Солт-Лейк-Сіці»:

«Згодна штогадоваму адзінаццатаму даследаванню часопіса «Men’s Fitness» у ЗША больш за ўсё людзей з залішняй вагою жыве ў Маямі, штат Фларыда. Самым«худым» горадам у краіне прызнаны Солт-Лейк-Сіці.

«Калі Вы думаеце пра Маямі, то прыгадваеце людзей, якія выхваляюцца на пляжах фізічна накачанымі цяламі, а тэлебачанне ўсё гэта дэманструе, — кажа галоўны рэдактар часопіса Рой Джонсан, — таму нас вельмі здзівілі вынікі даследавання».

У 50 буйнейшых гарадах ЗША былі праведзены даследаванні па самых розных накірунках, у тым ліку і па колькасці тоўстых людзей. Выданне ўстанавіла: у Маямі ўтрая больш фаст-фудаў, чым у сярэднім амерыканскім горадзе, і менавіта гэта стала галоўнай прычынай масавага атлусцення. Да таго ж у Маямі амаль не сустрэнеш чалавека, які едзе на ровары або бегае ў парку.

Клаўдзія Гансалес, урач-дыетолаг з Маямі, сцвярджае, што гарадскія ўлады не прапагандуюць здаровы вобраз жыцця з-за вялікай колькасці хайвэяў. «У некаторых раёнах горада, калі вы пойдзеце пешшу, людзі паглядзяць на вас, бы на марсіяніна: «Чаму вы ідзяце, калі ўсе астатнія едуць на машынах?» Выключэнне бадай што Маямі-Біч, Какосавы Гай і Паўднёвы Бераг».

Доктар Гансалес прызнаецца, што працуе галоўным чынам з эмігрантамі, многія з якіх аддаюць перавагу танным, высокакаларыйным прадуктам ў рэстаранах хуткага харчавання або, з мэтай эканоміі, набываюць іх на распрадажах. «Яны нават не маюць уяўлення наконт добрых рэстаранаў і якасных прадуктаў», — кажа Клаўдзія Гансалес.

Солт-Лейк-Сіці атрымаў высокую адзнаку даследчыкаў за мноства людзей атлетычнага целаскладу на вуліцах, за наяўнасць вялікай колькасці паркаў і спартыўна-аздараўленчых цэнтраў, а таксама за нізкі рэйтынг прагляду тэлебачання.

«Жыхары матывавана трымаюць сябе ў форме, — сцвярджае Рой Джонсан. — У адрозненне ад жыхароў Маямі яны вылучаюць на плаванне і заняткі спортам ў 4 разы больш часу, а плошча паркаў Солт-Лейк-Сіці ў 11 разоў перавышае аналагічны паказчык у Маямі».

Паводле слоў Роя Джонсана, мэта аналізу заключаецца не ў тым, каб прынізіць той ці іншы горад «таўстуноў», але ўхваліць тыя, дзе ўлады ўсяляк спрыяюць жыхарам, каб трымалі сябе ў форме.

«Для гарадоў, што знаходзяцца напрыканцы нашага рэйтынгу, мы спадзяемся, гэта стане матывацыяй для больш дзейснага паляпшэння ўмоў пражывання», — заяўляе рэдактар «Men’s Fitness».

У папярэднія гады самымі «тоўстымі» гарадамі Злучаных Штатаў былі прызнаныя Філадэльфія і Аклахома-Сіці. Пасля такой ацэнкі ўлады гэтых гарадоў сталі больш актыўна змагацца з праблемай «атлушчэння» насельніцтва».

Як бачым, гэтая навіна павінна прыцягнуць увагу чытача не столькі дзякуючы аператыўнасці паведамлення (калі б выданне змясціла яе праз дзень ці праз тыдзень, яна істотна не састарэла б), колькі актуальнасці дадзенай тэмы.

Гэты матэрыял мае выразныя рысы General News Account найперш за кошт лаканічнага стылю і яснасці выкладання фактаў, а таксама дакладнасці геаграфічных назваў, імёнаў спецыялістаў, да якіх карэспандэнт звярталася за тлумачэннямі, і г.д.). Відавочна, што аўтарам была праведзена карпатлівая праца па збору фактаў, якія яна паведамляе, аднак зроблены ёю аналіз мае не непасрэдны, а канстатацыйны характар. Нэнсі Хэлміч разважае над прычынамі «атлусцення» Майамі і «схуднення» Солт-Лейк-Сіці не ад уласнага імя, а ўкладвае развагі ў вусны рэдактара Роя Джонсана і доктара Клаўдзіі Гансалес. Такім чынам, асоба журналіста ў матэрыяле дэманстратыўна адсутнічае (што, прынамсі, з’яўляецца яскравым сведчаннем прафесіяналізму) і, разам з тым, у невялікім па аб’ёме тэксце чытач атрымлівае неабходную яму інфармацыю па злабадзённай тэме.

Актуальныя праблемы заслугоўваюць сталага інтарэсу журналіста. Пра неабходнасць іх выра-шэння варта нагадваць перыядычна, і жанравыя характарыстыкі General News Account ствараюць для такой палітыкі выдатныя падставы.

У якасці прыкладу такой мэтанакіраванай палітыкі мы хацелі б спаслацца на яшчэ адзін матэрыял Нэнсі Хэлміч «Нацыя фаст-фуду?», апублікаванай на старонках «USA Today» 4 ліпеня 2009 года:

«Жыхароў Злучаных Штатаў Амерыкі ахрысцілі «нацыяй фаст-фуду». Аднак даныя апошніх сацыялагічных апытанняў сведчаць, што гэтая абраза ўжо не адпавядае рэальнасці.

У выніку даследавання, праведзенага ў 12 краінах свету сярод 10 300 чалавек, пра сваю цягу да фаст-фуду заявілі 44% амерыканцаў. Між тым у Балгарыі аналагічныя прызнанні зрабілі 68% рэспандэнтаў. Меней за ўсё аматараў фаст-фуду ў Швецыі (19%) і Малайзіі (20%).

Паводле слоў Грэга Чу, вядучага эксперта Цэнтра SNW, які правёў гэта апытанне, амерыканцы разрываюцца паміж любоўю і нянавісцю да фастфуду.«Нам падабаюцца хуткасць яго прыгатавання і зручнасць, а таксама смак. Але мы ведаем, што гэта шкодна», — кажа большасць з іх.

Жыхары іншых краін, у прыватнасці Балгарыі, па славах эксперта, знаходзяцца ў стадыі «мядовага месяца» з фаст-фудам: «Пакуль ім гэта падабаецца, і яны наўрад ці змогуць яго адцурацца».

Вынікі апытанняў у Бразіліі, Балгарыі, Канадзе, Кітаі, Індыі, Малайзіі, Нідэрландах, Іспаніі, Швецыі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Вялікабрытаніі і ЗША сведчаць:

  • 29% рэспандэнтаў выдатна ўсведамляюць, што ежа хуткага гатавання шкодная для арганізму. У ЗША не пасаромеліся прызнацца 45% (з іх 54 % жанчын і 35% мужчын);
  • 37% апытаных сцвярджаюць, што заняткамі спортам кампенсуюць ужыванне шкоднай ежы (такой, як бульбяныя чыпсы). У Злучаных Штатах пра гэта гавораць 26%, у Кітаі — 71%;
  • 55% рэспандэнтаў ядуць усё, што захочуць, кожны раз, калі пажадаюць. У ЗША у гэтым прызналіся 37%;
  • у ЗША 12% апытаных сцвярджаюць, што становяцца на шалі штодня, 11% — штотыднёва, 15% — калі не могуць улезці ў свае старыя джынсы і спрабуюць зразумець прычыну такой недарэчнасці. 20% адказалі, што ўзважваюцца толькі тады, калі пра гэта ўзгадаюць. 4% пра гэта наогул ніколі не ўзгадалі;
  • у астатніх краінах свету 5% рэспандэнтаў становяцца на шалі штодня, 10% — штотыднёва, 7% — калі іх вопратка рабілася вузейшай. 32 % зрэдку ўспамінаюць пра неабходнасць узважвацца, а 19% аніколі не падыходзяць да шаляў».

***

Сучасная інфармацыйная індустрыя замежных краін не толькі здабывае і пастаўляе навіны сваёй аўдыторыі, але і спараджае іх. Недарма яшчэ напрыканцы ХХ стагоддзя знакаміты сацыёлаг і даследчык праблем медыя Гэй Тачман пісаў, што «навіны — гэта канструяванне часцінак новай рэальнасці», а журналістаў і рэдактараў параўноўваў з архітэктарамі ды будаўнікамі, якія гэтую рэальнасць ствараюць.

Падкрэслім, што гаворка ідзе не пра пошук псеўдасенсацый або выдумлянне драматычных падзей. Насамрэч мы кажам пра крытэрыі адбору навін з вялікай сукупнасці падзей у навакольнай рэчаіснасці. На гэты конт слушна выказаўся яшчэ семдзесят гадоў таму знакаміты вучоны Уолтар Ліпман, апісваючы працэс спасціжэння навін аўдыторыяй: «У бліскучай і шумнай гаманіне рэчаіснасці мы адбіраем для сябе тое, што наша культура ўжо абрала да нас». Такім чынам Ліпман тлумачыў сутнасць працэсаў сацыялізацыі (г. зн. успрыняцце нормаў грамадскай маралі на свядомым і падсвядомым узроўнях), якая выпрацоўваецца ў кожнага чалавека з ранняга дзяцінства. Узровень сацыялізацыі ўплывае як на метады журналісцкага збору і асэнсавання інфармацыі, так і на ступень успрымання навін масавай аўдыторыяй.

Менавіта працэсы сацыялізацыі змушаюць рэпарцёраў і рэдактараў няспынна балансаваць на мяжы аб’ектыўнасці ды непрадузятасці. Бо, напрыклад, ці зможа захаваць карэспандэнт эмацыянальную адасобленасць, апісваючы дэманстрацыю лесбіянак і гомасексуалістаў, калі сам выхоўваўся ў сям’і, дзе зусім не віталася нетрадыцыйна я сексуальная арыентацыя?

«Маладосць» №12-2016

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.