Міхась КЕНЬКА. МОЙ КНІГАЗБОР

Кнігі былі ў нашай вясковай хаце яшчэ да дня майго нараджэння ў 1947-м годзе. Іначай як бы яно выйшла, што пупавіну мне абразалі не на чым іншым, а на кнізе. Мама казала, што гэта быў спосаб паўплываць на мой лёс: каб жыццё было звязана з чытаннем. Што цікава — так яно і сталася. Але якая кніга упершыню, хай сабе фізічна, судакранулася са мной, я так і не ўведаў. Мабыць, яе ўзялі ў маёй старэйшай сястры Ксені, на той час школьніцы. У мамы быў толькі малітоўнік, у таты — дапаможнікі, звязаныя з чыгуначнай справай — «Руководство бригадира пути», «Семафоры», «Путеукладочные машины».

Чытаць я навучыўся рана, яшчэ да школы. Першая прачытаная кніжка — казка «Лёгкі хлеб». Гэтае выданне я расшукаў пазней і паставіў на паліцу на ганаровае месца. Але ў дзяцінстве сваіх кніжак у мяне пэўны час не было: застаўшыся адна з двума дзецьмі (пасля смерці таты) мама ашчаджала грошы. Карыстаўся напачатку кніжкамі сястры. Яны стаялі на этажэрцы з чатырма палічкамі. З гэтай этажэркі і пачаўся мой кнігазбор. На ёй часта стаялі кнігі, узятыя са школьнай бібліятэкі, самыя любімыя я доўга трымаў, не хацелася здаваць. Сярод іх была аповесць Міхася Лынькова «Міколка-паравоз», яна была надзвычай блізкай мне як сыну чыгуначніка.

Доўга стаяла там і кніга тройчы Героя Савецкага Саюза Івана Кажадуба «Служу Радзіме» ў перакладзе на беларускую мову Усевалада Краўчанкі. Вядома ж, яна спарадзіла мару стаць лётчыкам. І верш Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык» я ведаў на памяць. Але потым мара мянялася: машыніст паравоза, касманаўт (пасля 1961 года), нарэшце — журналіст, што пэўным чынам пазней і збылося. Але ў дзяцінстве ўвайшлі ў жыццё найперш вясковыя спецыяльнасці — пасвіць кароў, нарыхтоўваць сена, дровы, садзіць і капаць бульбу. А чытаў я ў любую вольную хвіліну. Чытаў усё, што траплялася. Захапляўся аповесцю В. Каверына «Два капітаны», раманамі Б. Ізюмскага «Пунсовыя пагоны» і «Энергіяй» Ф. Гладкова.

Мама часам купляла мне дзіцячыя кніжкі, калі мы ездзілі ў бліжэйшыя гарады Глыбокае і Варапаева. У старэйшых класах ужо і сам набываў кніжкі, якія прадаваліся ў сельскіх крамах, дзе яны стаялі побач з гаспадарчымі таварамі. Купіў і часта перачытваў «На ростанях» Якуба Коласа, «Капітан Фракас» Тэафіля Гацье. Калі я хадзіў у Ласіцкую сярэднюю школу, то кнігі чытаў пераважна бібліятэчныя, аб’ездзіў бліжэйшыя бібліятэкі пры сельскіх клубах, неблагі выбар быў і ў школьнай бібліятэцы. Менавіта там я прачытаў ледзь не ўвесь збор твораў Джэка Лондана, творы Жуля Верна, Антона Чэхава, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Асабліва любіў «Новую зямлю» і «На ростанях» Якуба Коласа. Колькі ў іх было блізкага мне!

Былі ў той час добрыя дзіцячыя кнігі. Вельмі падабаліся мне аповесці Янкі Маўра «Палескія рабінзоны», Паўла Кавалёва «Андрэйка», Міколы Гамолкі «Лета ў Калінаўцы», у перакладах на беларускую мову прачытаў «Стажары» Аляксея Мусатава, «Аповесць аб дружных» Ірыны Карнаухавай, «На беразе Севана» Вахтанга Ананяна, на рускай — усю казачную трылогію «Прыгоды Нязнайкі» Мікалая Носава, «Прыгоды Бураціна» Аляксея Талстога, «Сярожа» Веры Пановай, «Прыгоды Траўкі» Сяргея Розанава, трылогію пра Васька Трубачова Валянціны Асеевай.

Памятаю, як аднойчы папрасіў паглядзець у Ласіцкім сельмагу кніжку Віктара Трыхманенкі «Чалавек распраўляе крылы», пачаў чытаць каля прылаўка, ды так захапіўся, што ледзь адарваўся, сеў на веласіпед, за пяць кіламетраў паехаў з Ласіцы ў родную вёску, узяў там прыхаваныя на нешта іншае грошы, вярнуўся, купіў гэтую кніжку і, крыху ад’ехаўшыся, на ўзбочыне бальшака залпам прачытаў яе. Як жа! Там апавядалася пра равеснікаў, пра першае школьнае каханне, пра мару стаць лётчыкам! Гэтую кнігу потым перачытаў увесь клас. Зашмальцаваную, з парэпанымі старонкамі, я праз гады паказаў яе аўтару, які тады працаваў рэдактарам газеты «Во славу Родины», і ён быў прыемна здзіўлены папулярнасцю гэтай аповесці, якую ён сціпла назваў «грахом свайго літаратурнага юнацтва».

З самага пачатку я купляў толькі тыя кнігі, якія мне падабаліся. Праўда, у вясковых крамах выбар быў невялікі. Затое ва ўнівермагу ў Глыбокім, дзе быў багаты кніжны аддзел, у мяне проста вочы разбягаліся, і тое хацелася купіць, і гэта. Але… «купіла» не хапала, і я часта з жалем ставіў кніжкі назад на паліцу. І ўсё ж якраз купленае там і склала аснову маёй школьнай хатняй бібліятэкі, некаторыя з тых кніг захаваліся ў мяне да сёння, хаця большасць страцілася: даваў чытаць, не вярталі… Не магу без гідкага пачуцця ўспомніць, што аднойчы змяняў лепшыя свае кнігі на спінінг (хаця так яго і ні разу не скарыстаў). Некаторых з тых, страчаных тады, кніг дагэтуль шкада… Настолькі шкада, што я расшукаў асобныя з іх у інтэрнэце і «спампаваў» на комп, перачытаў са скрухай і жалкаваннем і захаваў, ужо ў электронным выглядзе… Сярод іх «Рэспубліка Самба» Ю. Андрэева, — аповесць пра спартсменаў, пра каханне, вельмі светлая, узнёслая.

Да часоў інтэрнэта, да сканіравання і ксеракапіравання як спосабаў займець пэўныя тэксты было яшчэ далёка. А ў школьныя гады, калі пачалося захапленне вершамі, перапісваў іх у тоўсты агульны сшытак. Атрымалася своеасаблівая кніга. А яшчэ паспрабаваў заняцца «самвыдатам» у адмысловым варыянце. Калі пачалася эра касмічных палётаў, вельмі хацелася ўведаць паболей пра касманаўтаў. Дакументальныя запіскі першага касманаўта свету Юрыя Гагарына «Дарога ў космас» друкаваліся тады асобнымі раздзеламі ў газеце «Правда», і я выразаў тыя публікацыі па стаўбцах, а потым наклейваў з дапамогай варанай бульбы (клею для паперы было не дастаць) у сшытак. Атрымаўся пульхны том, але ўсё ж гэта была кніга, а не стос газет. Услед за тым я гэтак жа зрабіў «рукаклейную» кнігу з запісак другога касманаўта — Германа Цітова. І зноў жа, ці мог я тады нават уявіць, што лёс звядзе мяне з касманаўтамі, што ўбачу і змагу пагаварыць з Германам Цітовым, Георгіем Берагавым, Віктарам Савіных, што я, працуючы ў выдавецтве, буду стаяць каля вытокаў выдання кніжкі Уладзіміра Кавалёнка «Радзіма крылы дала» і ён напіша мне на ёй «Дзякуй Вам за тое, што гэта кніга ёсць». Гэта самы дарагі для мяне аўтограф. Нядаўна я спрычыніўся да выдання кнігі пра касмічны палёт трэцяга касманаўта-беларуса Віктара Навіцкага, створанай паводле дзённіка ягонай жонкі Юліі Навіцкай.

У сувязі з успамінамі пра хатнюю бібліятэку нельга не згадаць пра сваё кола чытання, пра тое, што ў часы дзяцінства я хацеў чытаць усё, што тады прадавалася ў кнігарнях. Пачатак маёй цягі да кнігі супаў з панаваннем у мастацкай літаратуры так званай «тэорыі бесканфліктнасці», калі ў аснову сюжэта твора клалася «барацьба добрага з яшчэ лепшым». Але ўсё ж запомніліся мне раманы С. Бабаеўскага «Кавалер Залатой Зоркі, «Ад усяго сэрца» Я. Мальцава, «У Забалоцці днее» Я. Брыля, «Глыбокая плынь» І. Шамякіна.

Часам кнігі мне дарылі. Былі і прыемныя нечаканасці. Першую кніжку з серыі ЖЗЛ (пра Андрэя Рублёва) я выйграў на школьным вечары ў снежні 1963 года. З той пары гэтую серыю пачаў папаўняць сам, збіраў не ўсе біяграфіі, а толькі тых, хто мне быў цікавы як творца і як асоба.

Такім чынам, мая хатняя бібліятэка была запачаткавана ў дзяцінстве.

Але ўсё ж на палічках этажэркі тады стаялі пераважна школьныя падручнікі. Я іх лічу першымі навуковымі кнігамі ў маёй хатняй бібліятэцы. Сярод іх асабліва запомніўся падручнік па гісторыі беларускай літаратуры Н. Перкіна і Ю. Пшыркова. Я не мог і ўздумаць тады, што праз гады сустрэнуся з яго аўтарамі ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР, і што Навум Саламонавіч Перкін стане маім навуковым кіраўніком па дысертацыі.

Калі я ў 1965 годзе паступіў вучыцца ў Магілёўскі педінстытут, то ў першыя ж дні вучобы ўбачыў зблізку «жывых» пісьменнікаў, ды якіх: любімага мной Канстанціна Сіманава, Яўгенія Вераб’ёва (аўтара кнігі пра ўраджэнца Магілёўшчыны, разведчыка Льва Маневіча) і Генрыха Баравіка. Набраўся смеласці і сфатаграфаваў Сіманава ў час выступлення, а ўсе, што ён гаварыў, старанна запісаў.

Са стыпендыі выкройваў грошы на мастацкія творы, якія мне падабаліся. А таксама, думаючы пра будучую прафесію настаўніка, купляў метадычную літаратуру, слоўнікі, даведнікі. Усё гэта адвозіў у час канікул дадому, у вёску, бо захоўваць кнігі ва ўмовах студэнцкага інтэрната не было дзе. Па інтэрнатах, прыватных кватэрах я жыў аж да 1980 года, купленыя кніжкі ці пераязджалі са мной, ці раздорваліся падчас пераездаў, ці захоўваліся ў мамы. Я заўсёды любіў даваць чытаць свае кнігі, мне хацелася падзяліцца радасцю ад добрага, на маю думку, твора. Але ніколі не запісваў, каму што даў, далёка не ўсе мне вярталі кнігі, «зачытвалі» іх.

У майго аднакурсніка Эдуарда Веккера, магіляўчаніна, была багатая хатняя бібліятэка, і я дужа зайздросціў таму, што ягоны бацька і ён сам маглі падпісвацца на рознага роду зборы твораў, анталогіі. Якраз тады былі запачаткаваныя анталогія сусветнай фантастыкі, сусветная бібліятэка ў 200-х тамах. Без пастаяннай прапіскі ў пашпарце падпісацца на іх было немагчыма. Да таго ж пасля інстытута я доўга яшчэ мяняў месца жыхарства — Кіраўск, Удзела, Віцебск, Мінск, мяняў інтэрнаты, кватэры. І першы раз падпісаўся толькі пасля завяршэння аспірантуры — на зборы твораў А. Пушкіна і А. Куляшова.

 У час працы ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР я прычыніўся да выдавецкай справы — прымаў удзел у падрыхтоўцы збораў твораў Міхася Лынькова і Максіма Гарэцкага. Зразумела, яны сталі і на паліцу ў хатняй бібліятэцы. Выдаў я тады і дзве ўласныя кнігі паводле сваіх навуковых інтарэсаў. Пазней захапіўся мастацкім перакладам, былі выдадзены перакладзеныя мной творы Г. Сянкевіча, Ю. Крашэўскага, І. Баса, В. Палянецкага, Г. Жавускага.

Праблемы з кнігамі на той час былі і іншага кшталту. Далёка не ўсё, што хацелася б мець у хатняй бібліятэцы, удавалася здабыць яшчэ і таму, што не ўсякую кніжку можна было знайсці ў кнігарнях. Усе тыя гады, што я іх збіраў, аж да распаду СССР, панаваў жудасны кніжны дэфіцыт. Самыя папулярныя, «модныя» кнігі не даходзілі часта да кнігарань, іх прадавалі наменклатурным работнікам па спецыяльных каналах, але некаторыя шустрыя кнігалюбы завязвалі сувязі з кніжнымі базамі. Аднойчы такая магчымасць, здавалася, надарылася і мне. На ранішніку ў дзіцячым садку, недзе ў 1983 годзе, я сядзеў побач з жанчынай, якая (я гэта ведаў) загадвала кніжнай базай. І парашыў да яе падступіцца. Пачаў здалёку. Адбыўся такі дыялог:

— Скажыце, да Вас, мабыць, часта звяртаюцца з просьбай дастаць кнігі?

— О, не кажыце! Ды часам такое просяць! Вось, пачытайце, якую запіску мне сёння перадалі.

Я разгарнуў запіску, там было: «Прошу Вас, достаньте мне, пожалуйста, книгу — Д. К. Мирон «Пока, чево». Адразу зразумеў, што просьбіт хоча займець выданне «Дэкамерона» Д. Бакачча, але так дзівосна былі перайначаны і пераблытаны прозвішча аўтара і назва, што я не мог утрымацца ад рогату, аж ледзь не сапсаваў дзіцячае прадстаўленне. Зразумела, што знаёмства не адбылося. Пасля такой запіскі самому прасіць дастаць штосьці расхацелася.

З кніжнага дэфіцыту нехта прыдумаў займець выгаду: скарыстаць яго для здачы насельніцтвам макулатуры. Абвяшчаліся спіскі кніг, якія можна было набыць, калі прад’явіш талон на 20 кілаграмаў здадзенай макулатуры. Што тады стала рабіцца! Дзеля нейкай навамоднай ці то і сапраўды вартай дэфіцытнай кнігі часам здавалі вельмі добрыя старыя, сама макулатура стала дэфіцытам, за ёй палявалі. Сёння, калі я гляджу ў букіністычным магазіне на тое, што было некалі ў ліку тых «макулатурных» кніг, мне робіцца вельмі сумна. Мне стала проста не па сабе, калі я на развале, на асфальце Ждановіцкага «поля цудаў» убачыў «Планету людзей» Сент-Экзюперы — кнігу, за якую я ў шасцідзясятыя гады быў гатовы аддаць… сам не ведаю, што. Усё, што папрасілі б. А тут яна ляжыць проста пад нагамі, і ніхто не хоча яе набыць. Я тады ўспомніў, як у казахскім пасёлку, куды я ўлетку 1966-га года трапіў як удзельнік цаліннага студэнцкага будаўнічага атрада, убачыў у кнігарні яшчэ здалёк, ад парога, кніжку, на якой быў знаёмы малюнак, выява Маленькага прынца. Кінуўся да прылаўка, схапіў, чытаю: СентЭкзюперы!!! Але… «Кішкентай шахзада»… Гэта быў пераклад на казахскую мову. Але я купіў яго, хаця б дзеля малюнкаў.

Многія творы, якія карысталіся папулярнасцю, выдаваліся ў таннай серыі «Раман-газета», некаторыя з іх мне ўдалося раздабыць. Я іх пераплятаў, апранаў у цвёрдыя вокладкі. А з часопісных публікацый выразаў тое, што мяне цікавіла, і таксама пераплятаў. Так у мяне з’явілася асобная падборка любімых твораў, якія я сам зрабіў кнігамі. Газетныя публікацыі складваў па папках.

Ёсць у мяне і кнігі з аўтографамі аўтараў. Асабліва даражу падараванымі мне тымі аўтарамі, з кім я добра знаёмы, сябрую, працую разам.

Па тэлевізары з 1975 года пачалі паказваць гульню «Што? Дзе? Калі?», прызамі ў якой былі якраз дэфіцытныя кнігі. Тым, хто іх выйграваў, я таксама жудасна зайздросціў. Асабліва тады, калі ўгадваў адказы. Але ніводная з тых прызавых кніг мне ў кнігарнях не трапілася.

У Віцебскай гарадской бібліятэцы я пазнаёміўся з будучай жонкай — Таццянай Фёдаравай — выпускніцай бібліятэчнага аддзялення Ленінградскага інстытута культуры. У яе дома была багатая хатняя бібліятэка. Бацька, Аляксандр Іванавіч Фёдараў, быў вельмі эрудзіраваным чалавекам, заядлым кніжнікам, ён знайшоў падыход да кнігагандляроў, яму ўдавалася купляць і «дэфіцыт», і па падпісцы ён сабраў многа збораў твораў. Калі цесць і цешча пайшлі з жыцця, большая частка бібліятэкі дасталася нам.

Тады мы якраз узбіліся на сваё жытло, а я перайшоў на працу ў выдавецтва. Але хаця аказаўся нібыта і бліжэй да кніжнай справы, а ўсё ж многія кнігі ці набываў пасля доўгіх пошукаў, ці зусім не мог здабыць. Цікава ўспомніць, што я ў выдавецтве адну кніжку з ліку любімых у дзяцінстве — «Барацьбу за агонь» Ж. Роні Старшага — я прапанаваў выдаць, і яе выдалі. Яшчэ ў дзяцінстве (шосты клас) я выменяў яе ў школьнага сябра Вані Захарыча на нейкую цацку, але потым яна страцілася — зачыталі. Вядома, уплываць на тэматычныя планы выдавецтва ў сваіх інтарэсах у шырокіх межах я не мог. Былі просьбы чытачоў, і часам ім ішлі насустрач, калі кніга была папулярная і аўтару не трэба было плаціць ганарар за даўнасцю яе першага выдання.

Зразумела, што папаўнялася, і вельмі актыўна, хатняя бібліятэка і тады, калі я перайшоў на працу ў БДУ. Мяне узяў да сябе на кафедру беларускай літаратуры Алег Антонавіч Лойка, каб я чытаў курс літаратуры народаў СССР. Давялося тэрмінова папаўняць хатні кнігазбор творамі пісьменнікаў з рэспублік Савецкага Саюза, іх у мяне тады амаль не было. Асабліва многа я набыў кніг на ўкраінскай мове, адмыслова ездзіў купляць іх у Кіеў. Многа добрых кніг было куплена таксама ў час паездак у Маскву, Ленінград, Вільню.

Што ж стала ўяўляць сабой наша хатняя бібліятэка ў часы, калі ўжо была свая «хата», кватэра, калі можна было купіць кніжныя шафы, павесіць паліцы, а кнігі расставіць згодна з нейкай сістэмай?

Я не набываў і цяпер не набываю кнігі для хатняй бібліятэкі з мэтай мець літаральна ўсё, не калекцыянірую кніг. Палічыў, што гэта немагчыма і недарэчна. Успамінаю эсэ Янкі Сіпакова пра ягоную хатнюю бібліятэку, якое друкавалася ў «Полымі». Быў, з аднаго боку, уражаны шырынёй ягоных чытацкіх інтарэсаў, але з другога, не зразумеў яго жадання збіраць яшчэ і перавыданні, бібліятэчныя серыі, анталогіі, усё запар. У мяне прынцып адзін: купляць тое, што захочацца перачытаць, што спатрэбіцца для працы. Вядома, купляю слоўнікі, энцыклапедычныя даведнікі, навуковую літаратуру.

Праўда, патрэбную для работы кніжку не заўсёды ўдавалася і ўдаецца прыдбаць. Таму я па-ранейшаму хаджу ў бібліятэкі, праглядаю каталогі, сяджу ў чытальных залах.

Але ёсць творы, якія я, што называецца, «на дух не прымаю», якія не тое што перачытваць, але і забіраць у галаву не хачу. Вядома, жадання набыць іх, трымаць у хатняй бібліятэцы няма.

Насталі часы «перабудовы», распаўся СССР. З дзяржаўных бібліятэк выкідвалі творы Маркса, Леніна, Брэжнева, партыйную публіцыстыку. Букіністычныя магазіны не спраўляліся прымаць тое, за чым некалі чытачы палявалі, ганяліся, дзеля набыцця чаго, што называецца, вылузваліся са скуры. Многія кнігі, у тым ліку і мастацкія, сапраўды, маральна састарэлі тады, іх ужо не хацелася перачытваць. Але… не хацелася і выкідаць з хатняй бібліятэкі. З імі было нешта звязана, ды і невядома яшчэ, ці не спатрэбіцца якая з іх. Хаця б для таго, каб прыгадаць штосьці з мінулага…

Як ні дзіўна, але ў часы, калі на кніжным рынку стала магчымым купіць тое, пра што раней і сасніць не мог, што раней даводзілася «даставаць», выменьваць, капіраваць, перапісваць, мая хатняя бібліятэка ўжо не так і значна папаўнялася. Па-першае, многае ўсё ж было набыта нават у тых неспрыяльных умовах. Па-другое, не карцела цягнуць на полкі «масавую» кніжную прадукцыю, якая літаральна навадніла прылаўкі. Праўда, спачатку зацікавіла дакументалістыка, мемуары, дзённікі вядомых людзей. Але потым, калі аказалася, што дзеля сенсацый, дзеля таго, каб кніжку купілі, выдавецтвы, асабліва прыватныя, пачалі друкаваць многа непраўдзівага, набываць такія кнігі перастаў.

І вось тут якраз прагрэс камп’ютарызацыі закрануў і тыражаванне мастацкай літаратуры. З’явіліся «бібліятэкі» на дысках, потым і ў інтэрнэце рознага роду зборкі — «Библиотека в кармане», «Библиотека Мошкова», «Библиотека Ватикана», «Историческая библиотека». Купіў першую з іх, уставіў дыск у камп’ютар і вельмі ўразіўся: каб тое, што запісана на адным тым дыску, «матэрыялізаваць» у кніжках, яны б запаланілі ўсю кватэру, ды што там — не змясціліся б у ёй. Праўда, аказалася, што на той дыск запісалі шмат таго, што мне было не патрэбна, а якраз нечага неабходнага і не было. Значна лепей аказалася «спампаваць» патрэбную кнігу ў інтэрнэце. І я цяпер карыстаюся гэтым. Пераношу патрэбныя мастацкія творы ў памяць камп’ютара, у электронную кнігу. Прычым, часам пасля таго, як убачу той ці іншы з іх у кнігарні. Так, нядаўна знайшоў на паліцы ў магазіне кніжку Роберта Харыса «Пампеі», зацікавіўся, але грошай, каб купіць, не хапіла. Прыйшоў дадому, сеў за комп, аказалася, што гэтую кніжку можна «спампаваць». Вось так мая хатняя бібліятэка ў яе кніжным выглядзе стала папаўняцца радзей…

А нядаўна я купіў новае цуда тэхнікі — электронную кнігу. У яе памяці можна захоўваць усё, што патрэбна, што сам пажадаеш. Гэтую кніжку зручна чытаць і ў дарозе. Першы раз я скарыстаў яе магчымасці, калі восем гадзін ляцеў у Канаду. Спаць не хацелася, творы для электроннай кнігі я падабраў цікавыя, час у палёце ішоў незаўважна. Тыя творы, якія я прачытаў тады, у кніжным фармаце не змясціліся б у «ручную кладзь». Электронная кніга, планшэт заваёўваюць папулярнасць, іх я часта бачу ў руках пасажыраў, у студэнтаў. Ды што там — кніжку можна цяпер чытаць нават у мабільным тэлефоне, інтэрнэт прапануе досыць багаты выбар.

Хто ведае, можа быць, у чалавека будучага на стале на адмысловай падстаўцы будзе стаяць усяго адна, адзіная кніжка — электронная. Можа, будзе прыдумана прылада для чытання, якую пакуль што і ўявіць немагчыма. Але ж — для чытання! Значыць, мастацкія творы, занатаваныя ў слове, застануцца.

Пакуль што хатнія бібліятэкі існуюць, папаўняюцца. Час ад часу я прыношу з кнігарні, бібліятэкі ці бяру з паліцы нешта з хатняга кнігазбору, тое, што мне хочацца чытаць менавіта ў выглядзе кнігі, няспешна перагортваючы старонкі, любуючыся малюнкамі, свабодна звяртаючыся да каментарыяў, пасляслоў’я. Усё ж ёсць у тым свая асалода.

«Полымя» №11-2016

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.