Перакладаць, каб сябраваць

6-8 кастрычніка 2017 г. у Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці прайшоў ІІ Міжнародны моладзевы фестываль-конкурс паэзіі і паэтычных перакладаў «Берагі сяброўства».

Дзякуючы намаганням заснавальніка фестывалю Л.Ю.Севера і зладжанай працы арганізатараў, маладыя перакладчыкі Расіі, Беларусі і Украіны, а таксама іх настаўнікі — члены творчых саюзаў — змаглі прыняць удзел у цэлым шэрагу знакавых мерапрыемстваў.

6 кастрычніка размеркаваныя па групах паэты з творчымі праграмамі наведалі навучальныя ўстановы раёна, дзе з вялікай цікавасцю дзеці і іх настаўнікі слухалі пісьменнікаў-сучаснікаў і знаёміліся з асаблівасцямі гучання роднасных моў. У гэты ж дзень адбылася і вельмі значная для міжнароднага супрацоўніцтва паміж краінамі падзея — Пятрушынскай бібліятэцы Растоўскай вобласці было нададзена імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа.

Падчас свята нацыянальных культур традыцыйныя свечкі сяброўства і творчасці запалілі Святлана Грыцэнка-Макарава (Расія), Уладзімір Гаўрыловіч (Беларусь) і Вольга Сафронава (Украіна).

Конкурсная праграма ў Данской дзяржаўнай публічнай бібліятэцы распачалася 7 кастрычніка. Рашэннем журы, у склад якога ўваходзілі члены Саюза пісьменнікаў Расіі, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Украіны і Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў, былі ўзнагароджаны 26 канкурсантаў. З ліку беларусаў дыпламантамі сталі Дз.Нілаў, С.Старыкаў, Я.Плюшчай (г. Гомель), лаўрэатамі ІІІ ступені — Н.Філон (г.Гомель) і І.Радзіхоўская (г.Віцебск), ІІ ступені — А.Хітрун (г.Ліда) і В.Бялова (г.Магілёў), І ступені — А.Болсун (г.Гомель).

8 кастрычніка дэлегаты фестывалю наведалі г.Таганрог і заклалі пісьменніцкі сквер каля храма Іконы Божай Маці хутара Дараганаўка. На ўрачыстым закрыцці былі адзначаны і настаўнікі пачынаючых літаратараў — яны атрымалі падзякі арганізатараў. А У.Гаўрыловічу быў уручаны нагрудны знак Міжнароднага саюза пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў «Ганаровы настаўнік творчай моладзі».

Ад Мінскай вобласці ў конкурсе прынялі ўдзел два маладыя перакладчыкі (Марыя Бельская — г.Маладзечна і Ганна Небаўсенка — Мінскі раён) пад куратарствам членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Аксаны Ярашонак і Бажэны Мацюк. У выніку гэтай працы пры фінансавай падтрымцы Ганаровага консула Рэспублікі Беларусь па Краснадарскім краі Алега Уладзіміравіча Невяркевіча была выдадзена асобная кніга вершаў і паэтычных перакладаў аўтараў Міншчыны «Ад чатырох вятроў». За вялікі асабісты ўклад і шматгадовую грамадскую работу па ўмацаванні літаратурных і братэрскіх сувязей між народамі Расіі, Беларусі і Украіны перакладчыкі-настаўнікі А.Ярашонак і Б.Мацюк былі знагароджаны падзякамі Міністэрства культуры Растоўскай вобласці.

Б.Ганушкіна