Павага і ўвага – родныя сёстры
Напярэдадні кіраўніцтва Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” наведала Вольгу Паршыну (Патрый) – паэтэсу, кампазітара і выканаўцу песень. Нядаўна ёй споўнілася 60 год, але хвароба і перанесеная аперацыя не дазволілі ёй як след адзначыць гэтую значную жыццёвую дату. Акрамя таго, Вольга Мацьвееўна – ад нараджэння невідушчая, з’яўляецца інвалідам І групы па зроку.
Таму Святлана Быкава і Марыя Кобец вырашылі наведаць Вольгу Мацьвееўну, павіншаваць яе з мінулым асабістым святам і ўручыць Грамату аддзялення за значныя поспехі ў творчасці і ў сувязі з юбілеем.
Гаспадыня была вельмі рада і ўдзячна гасцям, і з задавальненнем пачаставала іх гарбатай і пірагом з яблыкамі. За гарбатай Вольга Патрый расказала ім пра сваё жыццё і творчыя планы.
Развітанне было цёплым, з агульным пажаданнем новых сустрэч, як асабістых, так і творчых.
Прэс-служба МАА ГА СПБ