“Nhật Lệ”. “Промні сонечнага святла”. Паэзія Марыі КОБЕЦ у В’етнаме
Share the post "“Nhật Lệ”. “Промні сонечнага святла”. Паэзія Марыі КОБЕЦ у В’етнаме"
“Nhật Lệ”, а ў дакладным перакладзе з в’етнамскай мовы “Свячэнне сонечнага святла” ─ так называецца літаратурны часопіс, у якім напярэдадні былі змешчаны вершаваныя творы паэтэсы, перакладчыцы з пінскага Палесся Марыі Кобец.
Што тычыцца назвы часопіса, дык насамрэч Нхат Лі – яшчэ і назва буйной ракі, што распрасціраецца ўздоўж В’етнама. Пачынаючыся з горнага хрыбта Труонг-Сон, яна праходзіць праз правінцыю Куанг-Бінь, а затым ужо ўпадае ва Усходняе мора. Што тычыцца самога часопіса, дзе змешчана публікацыя беларускай паэтэсы, дык гэта выданне Асацыяцыі пісьменнікаў В’етнама. Выхад першага нумара часопіса “Nhật Lệ” вядзе свой адлік з 1994 года. З таго часу “Nhật Lệ” распаўсюджваецца на тэрыторыі 54-х правінцый В’етнама і мае канцэпцыю: даследаванні, тэорыя, літаратурная крытыка. На сваіх старонках часопіс адлюстроўвае рознабаковыя пагляды на змены сацыяльна-гістарычнага жыцця краіны, а таксама з’яўляецца літаратурнай пляцоўкай для прэзентацыі творчасці айчынных і замежных аўтараў.
Ва ўступным слове да публікацыі вершаў Марыі Кобец вядомы паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Май Ван Фан адзначыў:
- Вершы беларускай паэтэсы Марыі Кобец упершыню з’яўляюцца ў літаратурным друку нашай краіны, але тон яе твораў (“Прабач мяне, Неба, прабач”, “Неба”) унікальны і экспрэсіўны. У іх прачытваецца моцнае ўздзеянне чалавечай веры і справядлівасці, святла і цемры, дабрыні і зла, унутранай гармоніі аўтара і яго неабыякавасці. Яе паэтычная мова надзвычай моцная і гарачая, дакладная і трапяткая, жывыя і эмацыйныя, гэтым самым паэтка стварае ў сваіх вершах надзіва уразлівыя і жывыя вобразы. Вершы як быццам падштурхоўваюць чытача да асэнсавання таго, пра што гаворыць сама Марыя, абуджаюць чалавецтва да спачування, дабрачыннасці, таго, чаго часам так бракуе ў сучасным свеце.
Марта КВЕЦЕНЬ