Нашчадкі Рагнеды з Заслаўя       

Сёлета надвор’е не спрыяла правядзенню мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Але, нягледзячы на гэта, у суботу, 3 чэрвеня, у Дзіцячы парк горада Заслаўе прыйшло шмат дзяцей і дарослых.

Свята Дзяцінства, якое зладзіла кіраўніцтва горада, пачалося канцэртам, дзе былі прадстаўлены лепшыя дзіцячыя танцавальныя калектывы, юныя спевакі горада. Задорная музыка і звонкія галасы разносіліся далёка за межы парка, зазываючы усіх на свята.

Недалёка ад канцэртнай пляцоўкі, на самай шырокай паркавай дарожцы, мастакамі дзіцячай школы мастацтваў ладзіўся конкурс «Малюнкі на асфальце». Фундатарам конкурсу стала мясцовае прадпрыемства «ПМК-42», якое прафінансавала матэрыяльную частку спаборництва: набыло наборы каляровай крэйды, якой былі ўзнагароджаны пераможцы і ўдзельнікі конкурсу.

Пасля атрымання падарункаў пачалося наступнае гарадское мерапрыемства: прэзентацыя агульнагарадскога діцячага літаратурнага зборніка «Нашчадкі Рагнеды».

Ужо другі год запар пры падтрымцы Заслаўскага гарвыканкама старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» паэтэса Святлана Быкава ўкладае і выдае калектыўныя зборнікі літаратурных твораў юных таленавітых заслаўчан. У жніўні мінулага, 2016, года на свяце горада Заслаўе адбылася прэзентацыя першага такога зборніка пад назвай «Струмені заслаўскай крынічкі». У зборнік увайшлі літаратурныя творы (вершы, казкі, эсэ і інш.) 77 юных заслаўчан – вучняў усіх трох сярэдніх навучальных устаноў горада Заслаўе. Зборнік быў шчодра аздоблены шматлікімі ілюстрацыямі навучэнцаў Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Сёлетні зборнік, хоць крышачку і меншы па аб’ёме за мінулагодні, атрымаўся лепшым па якасці, бо над выданнем кнігі працаваў калектыў выдавецтва «Чатыры чвэрці», які ў сваёй дзейнасці вызначаецца высокім прафесійным майстэрствам. Мелаваная папера новай кнігі, на якой вельмі добра глядзяцца малюнкі выхаванцаў школы мастацтваў, – падарунак ад выдавецтва юным заслаўчанам да Свята Дзяцінства.

Творы амаль 60 юных аўтараў знайшлі месца на старонках зборніка «Нашчадкі Рагнеды», шматлікія малюнкі 28 юных мастакоў Заслаўя ўпрыгожылі новае выданне.       Больш чым паўгода ішла падрыхтоўка зборніка да выдання. Святлана Быкава збірала матэрыял для кнігі на сустрэчах з вучнямі ў школах роднага горада, на пасяджэннях літаратурнага клуба «Ізяслаўцы», які працуе пры ДУА «Заслаўская гімназія» і якім яна на гармадскіх пачатках кіруе ўжо амаль два гады. Адначасова паэтэса рабіла рэдактуру сабраных літаратурных твораў, раздрукоўкі якіх потым перадавала ў дзіцячую школу мастацтваў, дзе настаўнікі размяркоўвалі вершы і казкі для ілюстравання паміж сваімі вучнямі.

Падчас правядзення прэзентацыі Святлана Анатольеўна назвала шмат імёнаў дарослых жыхароў роднага горада, якія дапамагалі ёй у падрыхтоўцы новай кнігі да выдання. Нягледзячы на сваю занятасць, кіраўнікі і настаўнікі сярэдніх навучальных устаноў знаходзілі час для збору твораў вучняў.

Вялікую ўдзячнасць Святлана Быкава выказала дырэктару Заслаўскай гімназіі Даманаву Аляксандру Аляксандравічу, намесніку дырэктара Каспяровіч Жанне Лявонцьеўне, настаўніцам беларускай мовы і літаратуры Даманавай Валянціне Аляксандраўне і Гарбінскай Тэрэсе Чаславаўне.

У сярэдняй школе №1 значную дапамогу ўкладальніца зборніка атрымала ад дырэктара ўстановы Баблеўскай Святланы Аляксандраўны, настаўнікаў Сінькевіч Марыны Міхайлаўны, Матрунчык Людмілы Сямёнаўны, Тарасевіча Віталія Леанідавіча. Названыя настаўнікі ахвяравалі сваім асабістым часам, каб зрабіць  карэктуру тэксту зборніка.

У гарадской сярэдняй школе №2 ім. М.К Пуцейкі са згоды дырэктара школы Адамовіча Сяргея Уладіміравіча сабраць матэрыял паэтцы дапамагалі настаўнікі Казлоўская Ганна Станіславаўна і Ліопа Наталля Уладзіміраўна. Падчас прэзентацыі шмат шчырых слоў падзякі ад Святланы Быкавай пачулі супрацоўнікі Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў, бо менавіта пад кіраўніцтвам яе дырэктара Шкурскага Валерыя Пятровіча, настаўнікаў-мастачак Сакаловай Ларысы Уладзіміраўны, Тукач Алены Анатольеўны, Мядзведзь Таццяны Мікалаеўны, Гудавай Ліліяны Іванаўны вучні мастацкага аддзялення стварылі шмат цудоўных ілюстрацый да вершаў і казак новай кнігі.

Зроблена вялікая праца, шмат сіл і часу аддадзена на падрыхтоўку зборніка да выдання. Але кніга б не нарадзілася, каб не знайшліся шчодрыя душой людзі, якіх мы называем спонсарамі, мецэнатамі.  Такія людзі былі і раней, дзякуй Богу, ёсць яны і сёння. Менавіта гэтыя руплівыя гаспадары,  разумеючы, што «не хлебам адзіным жывы чалавек», заўсёды гатовы падзяліцца сваімі грашовымі набыткамі для добрых спраў. Дырэктар ІП «Косвік» Яноўскі Уладзімір Сяргеевіч і дырэктар ТАА «Владпродимпорт» Брэмшміт Уладзімір Гар’евіч вынайшлі сродкі, каб дапамагчы выдаць мінулагодні калектыўны зборнік “Струмені заслаўскай крынічкі”. У гэтым годзе яны прафінансавалі выданне зборніка «Нашчадкі Рагнеды». Святлана Быкава падкрэсліла, што такія кіраўнікі з’яўляюцца прыкладам для ўсіх, бо, на жаль, многія сёння жывуць іншымі каштоўнасцямі, дбаюць толькі пра свой уласны дабрабыт…           

Далей прэзентацыя пайшла ў творчым накірунку: да мікрафона выходзілі юныя суаўтары зборніка і чыталі свае вершы. Сярод іх былі вучні ўсіх навучальных устаноў горада ад 4-га да 11 класа: Лізавета Скальская, Цімур Цітоў, Валовіч Кацярына, Лукомскі Іван, Здор Варвара, Гапуціна Дар’я, Галалоб Вадзім, Жыдовіч Яўгенія і інш. Святлана Быкава раз-пораз каментавала выступленні юных паэтаў: Цімур Цітоў і Карташова Паліна сталі ў гэтым годзе лаўрэатамі Мінскага абласнога конкурсу маладых літаратараў, які праводзіла Мінская абласная бібліятэкі імя А.С. Пушкіна, Ілья Руткевіч заняў першае месца ў рэспубліцы па выніках конкурсу маладых журналістаў, які штогод праводзіць ГА “Белая Русь”. За апошнія 2 гады каля 70 публікацый вершаў, казак і эсэ юных літаратараў горада Заслаўе знайшлі сваё месца на старонках вядомых рэспубліканскіх часопісаў “Бярозка”, “Качели”, “Родная прырода”.          

У канцы мерапрыемства адбылася не менш прыемная падзея: уручэнне кожнаму юнаму суаўтару і мастаку экзэмпляра зборніка “Нашчадкі Рагнеды”. Тыя, хто дапамагаў укладальніцы кнігі ў яе падрыхтоўцы да выдання, разам з падзякай таксама атрымалі ад падарункавы экзэмпляр новай кнігі. А для прадпрыемстваў-спонсараў дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Анцух Ліліяна Фёдараўна перадала цудоўнае дапаўненне – прыгожыя маляўнічыя падарункавыя фаліянты “Тураўская рапсодыя”, якія, безумоўна, стануць цудоўным упрыгожаннем кніжных паліц абодвух прадпрыемстваў.          

Мерапрыемства завяршылася агульным фотаздымкам. Узрушаныя радаснай падзеяй дзеці і дарослыя не спяшаліся разыходзіцца, шчыра дзякавалі Святлане Анатольеўне за яе вялікую бескарысную працу, спадзеючыся, што ў наступным годзе яна таксама знойдзе магчымасць выдаць калектыўны дзіцячы зборнік. У адказ Святлана Быкава сказала, што галоўнае – каб не знікла, каб і надалей струменіла творчая крынічка юных заслаўчан, тады абавязкова з’явяцца і новыя кнігі. У дадатак яна прачытала свае вершаваныя радкі, прысвечаныя юным творцам:

Душа акрыленая ў вершы

Званочкам залатым звініць.

Верш першы –  як струменьчык першы:

З яго крынічка пабяжыць.

 

Натоліць таленту крынічка

Жывое зернейка ў раллі.

Сярод людзей успыхне Знічка,

Каб светла стала на Зямлі.