А.Карлюкевіч. Літаратурнае пабрацімства. Беларусь-Туркменістан (урывак)

ШМАТ гадоў, дзесяцігоддзяў і нават ужо стагоддзяў злучаны паміж сабою дзве куль­туры, дзве літаратуры — беларуская і туркменская. Здавалася б, адлегласць паміж Беларуссю і Туркменістанам немалая — тысячы кіламетраў, мовы настолькі далёкія адна ад адной, што і вузельчыкаў ніякіх агульных няма зусім, але вось цягне лес да гор, азёры — да пустыні, пяску. Цягнуцца адзін да аднаго розныя менталітэты, розныя па рэлігіі людзі цягнуцца адзін да аднаго. І шмат якія факты — яркае таму пацвярджэнне. Узгадаем хаця б некаторыя з іх…

Давайце спярша зазірнём у сярэдзіну ХІХ стагоддзя. Ураджэнец сучаснага Мядзельскага раёна на Міншчыне Аляксандр Ходзька, падарожнік па Туркменістане, запісаў паэтычныя тэксты туркменскага паэта Махтумкулі і надрукаваў іх у Англіі. Гэта падзея стала пачаткам еўрапейскай славы класіка туркменскай літаратуры. Ураджэнец мядзельскіх Крывічоў расійскі дыпламат Аляксандр Ходзька таксама запісвае і туркменскі эпас «Кёр-аглы», вершы Кемінэ. Затым публікуе ў сваіх перакладах на англійскай мове. Праца нашага суайчынніка адкрывае Еўропе туркменскі фальклор, імёны невядомых дагэтуль пісьменнікаў, знаёміць з багатым на гісторыю народам. Паводле перакладу Ходзькі рыхтуюцца нямецкае, рускае і французскае выданні «Кёр-аглы». Перакладчыцай на французскую мову выступае Жорж Санд. Вось які цікавы ланцужок цягнецца: туркмен Махтумкулі — беларус Аляксандр Ходзька — францужанка Жорж Санд…

У ХХ стагоддзі да перакладаў Махтумкулі на беларускую мову звярталіся народны паэт Беларусі Максім Танк, Алесь Звонак, Уладзімір Караткевіч і іншыя вядомыя беларускія літаратары. У Мінску пабачыла свет асобная кніга паэзіі Махтумкулі «Салавей шукае ружу». Верш «Лёс туркмена» ў перакладзе У. Караткевіча на беларускую мову апублікаваны і ў кнізе аднаго верша Махтумкулі на мовах народаў свету, выдадзенай у Ашхабадзе. Вартая ўвагі мініяцюрная кніга ў пачатку 1990-х гг. аўтарам гэтых радкоў была перададзена ў Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф.Скарыны. А зусім нядаўна вялікі том твораў Махтумкулі выйшаў у Мінску да 5 юбілею класіка туркменскай паэзіі. Перакладчык — выдатны беларускі паэт Казімір Камейша. Вялікую арганізатарскую працу па рэалізацыі ў Мінску гэтага праекта правёў паэт і перакладчык Ганад Чарказян. Пра гэта шмат пісалі ў беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы.

ПАЧАТАК знаёмству чытачоў Туркменістана з творчасцю беларускіх пісьменнікаў пакладзены публікацыяй апавядання Якуба Коласа на рускай мове ў газеце Закаспійскай вобласці «Асхабад». Першыя кнігі народных песняроў Беларусі Купалы і  Коласа пабачылі свет на туркменскай мове ў 1941 г. Перакладчык — А. Ніязаў. Шырока былі адзначаны стогадовыя юбілеі Якуба Коласа і Янкі Купалы ў Туркменістане ў 1982 г. З’явіўся цэлы шэраг новых перакладаў, былі апублікаваныя артыкулы пра класікаў беларускай літаратуры ў газетах і часопісах «Совет эдебияты», «Совет Туркменистаны», «Эдебият ве сунгат». Вялікую працу па прапагандзе творчасці Янкі Купалы вёў вядомы туркменскі публіцыст, літаратурны крытык Какалы Бердыеў, які ўзначальваў у 1980-я гады рэдакцыю газеты «Эдебият ве сунгат». Невыпадкова К. Бердыеву прысвечаны асобны артыкул у беларускай энцыклапедыі «Янка Купала». Памятаю, з якім душэўным узрушэннем, з якім сардэчным хваляваннем трымаў у  руках таўшчэзны зялёны том з артыку­лам пра яго Какалы Бердыеў. Урачыстасць моманту надаваў і той факт, што кнігу ў Ашхабад даслаў сам Максім Танк.

Пачатак сувязям Беларусі і Туркменістана ў галіне выяўленчага мастацтва па­клаў прафесійны туркменскі мастак Назар Іамудскі — сын поўнага Георгіеўскага ка­валера, камандзіра ўланскага палка, героя Руска-турэцкай вайны, удзельніка штурму Шыпкі Анамухамеда Іамудскага. Разам з працамі Н. Іамудскага «Будаўніцтва Закаспійскай чыгункі», «У гарах Капет-дага» ў гісторыі выяўленчага мастацтва засталіся карціны «Зіма ў Беларусі», «Белавежская пушча». Беларускі скульптар Віктар Папоў (1923, Мінск — 1981) з’яўляецца аўтарам помніка Махтумкулі ў Ашхабадзе (1970) і шэрагу іншых скульптурных работ у Туркменістане (Ашхабад, Небіт-Даг). Ашхабадскі і небіт-дагскі Ленін у скульптуры — працы беларуса Віктара Папова. У Беларусі ваяваў (пад Віцебскам) народны мастак СССР і Туркменістана, Герой Сацыялістычнай Працы Ізат Клычаў.

Працяг будзе…

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.