На татарскай мове
У Набярэжных Чаўнах накладам 1000 асобнікаў пабачыла свет кніга Алеся Карлюкевіча “Казкі Белавежжа”. Адразу на дзвюх мовах – па-руску і па-татарску. Пад адной вокладкай кнігі, адрасаванай дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, сабраны тры казкі: “Шубуршун вяртаецца да рэчкі”, “Як Зайка Бяляк Мядзведзя Таптыгіна выратаваў”, “Памылка першакласніцы Святланкі”. На рускую мову гэтыя творы пераклалі Ірына Шаўлякова, Юрый Сапажкоў. На татарскую пераўвасобіла Лейла Гыймадзіева. Аўтар малюнкаў – В. Бялова-Недавізій.
Кніга “Казкі Белавежжа” выйшла ў серыі “Сучасныя аўтары – дзецям” выдавецтва “Идел-Пресс”, якое ўзначальвае таленавіты арганізатар выдавецкай справы ў Татарстане Вера Хамідуліна. Вось што гаворыць пра праекты “Идел-Пресс” народны паэт Татарстана Роберт Мінулін:
Прыклад “Идел-Пресс” уражвае. Выдаўцы імкнуцца выбраць сярод сучаснай дзіцячай літаратуры якраз тое, што павінна прыцягнуць увагу юнага чытача. Мне прыемна, што ў дадатак да пісьменнікаў – аўтараў серыі “Сучасныя аўтары – дзецям”, якія жывуць і працуюць у Казахстане, далучыўся і літаратар з Беларусі – Алесь Карлюкевіч.
Варта заўважыць, што гэта не першая кніга нашага земляка, выдадзеная за межамі краіны. Дагэтуль казкі Алеся Карлюкевіча асобнымі зборнікамі выходзілі ў Кіеве, Баку, Ашхабадзе, Душанбэ. І таксама – у розных перыядычных выданнях на літоўскай, сербскай, чачэнскай, удмурцкай, украінскай, казахскай, татарскай і іншых мовах. Піша Алесь Карлюкевіч па-беларуску. А сярод яго перакладчыкаў на рускую мову – Рыма Ханінава, Ірына Шаўлякова, Юрый Сапажкоў, Алег Ждан. Двойчы ў Мінску выходзілі кнігі казак пісьменніка ў перакладзе на рускую мову – “Белка пишет сочинение» і «Путешествие Шубуршуна”.
Наталля Асмола