К.Хадасевіч-Лісавая. Касмічная гісторыя

Я ўжо каторую гадзіну без аніякай мэты сноўдалася па кватэры і задавала сабе адны і тыя ж пытанні: “Хто прыдумаў выхадныя? Чаму яны цягнуцца бясконца доўга? Як прыспешыць ход часу?” Вось ужо амаль чатыры месяцы доўжыцца мая нелюбоў да выхадных. З першага па сёмы клас і першае паўгоддзе восьмага навучальнага года мне здавалася, што субота і нядзеля пралятаюць імгненна, а цяпер, менавіта ў выхадныя дні, час нібыта запаволіў бег, стаў нейкім гумовым.

Сёння нядзеля, усе адпачываюць, а мне так карціць, каб хутчэй прыйшла раніца панядзелка, так хочацца пайсці ў школу. Я зірнула на гадзіннік і цяжка ўздыхнула — мінула толькі паўгадзіны… Зноў прайшлася па сваім пакоі, зірнула ў акно. Прахалодны красавіцкі дождж натхнёна змываў з асфальта псячана-брудныя плямы, пакінутыя шэрымі гурбамі апошняга снега. Неба, беспрасветна зацягнутае нізкімі цёмнымі хмарамі, падказвала, што вясна задумала генеральную ўборку, хоча за адзін раз пазбавіцца ад заляжалага зімовага смецця, змыць яго і расквеціць зямлю яркімі фарбамі.

Гэта і добра, канешне, але вось на вуліцу сёння не выйдзеш, не скароціш час прыемным шпацырам на свежым вясеннім паветры. Я зноў уздыхнула і адвярнулася ад акна. Прайшлася па пакоі, ужо каторы раз пераправерыла ці ўсё патрэбнае для ўрокаў паклала ў  сумку. Быццам бы ўсё…

Як жа мне хацелася ў школу. І не ў маёй празе да ведаў была справа, хоць, трэба адзначыць, вучуся я добра і з жаданнем. Проста ў другім паўгоддзі ў наш восьмы “А” клас прыйшлі два новенькія. Аднаго завуць Алекс Хацкель — Аляксей па-сапраўднаму, але яму падабаецца замежны варыянт уласнага імені. Знешнасць у хлопца кідкая, адразу звяртае ўвагу. Ці не ўсе дзяўчаты з нашага і не толькі з нашага класа закахаліся ў гэтага высокага каравокага брунета з даўгаватымі, крыху кучаравымі валасамі. Сапраўдны мачо з паўднёвай краіны. Алекс умее сябе падаць, нібы магніт, прыцягвае дзяўчат. З хлопцамі напачатку трымаўся так, быццам ён тут самы-самы, а астатнія проста драбяза. Але нашыя аднакласнікі такога абыходжання трываць не сталі і растлумачылі новенькаму што тут да чаго. Свой нораў ён крыху перайначыў, перад хлопцамі прыцішэў, але дзяўчат вабіў, як агонь матылькоў. Я адношуся да той невялікай часткі, на каго чары Алекса не дзейнічаюць. Для мяне ён проста знешне сімпатычны хлопец і ўсё.

У адзін дзень з Алексам у наш восьмы “А” прыйшоў яшчэ адзін новенькі — Славік Сымановіч. Прыемны спакойны хлопец, выдатнік. Але не з тых, хто невылазна сядзіць за падручнікамі, зубрыць усё на памяць, а потым нікому не дае спісаць. Сымановіч запамінаў і разумеў, як кажуць, злёту. Ва ўсіх нашых аднакласнікаў ці не праз тыдзень-другі склалася такое ўражанне, што Славік вучыўся з намі з першага класа. Ён хутка заваяваў аўтарытэт і сярод вучняў і ў настаўнікаў. А я закахалася. Упершыню ў жыцці, калі не лічыць татавага сябра дзядзьку Сяргея, за якога я збіралася замуж, калі хадзіла ў дзіцячы садок. Дзядзька Сяргей падарыў мне цудоўнага ружовага мядзьведзіка, якога я не выпускала з рук. А праз некалькі дзён ажаніўся з цёткай Аксанай, што даўно вілася вакол яго. Спачатку я перажывала, а потым супакоілася. Тая цётка Аксана хоць ружовага мядзьведзіка мне пакінула — і тое добра. Зараз узгадваю і смяюся.

У Славіка Сымановіча я закахалася па-сапраўднаму. На ўроках употай любавалася яго прыгожым профілем, позіркам прыгладжвала непаслухмяную пасмачку русых валасоў, якая любіла выткнуцца з віхорчыка на патыліцы. А калі ён адказваў ля дошкі, глядзела прама ў яго сінія, крынічнай чысціні вочы. Толькі падчас яго адказу каля дошкі я магла не тоячыся глядзець яму ў твар. Вось у такім напружанні, хаваючы ад усіх свае пачуцці да Сымановіча, я і жыву апошнія месяцы.

Мінулая пятніца была самым шчаслівым днём у маім жыцці. Класны кіраўнік запланавала перасадзіць частку вучняў нашага класа на іншыя месцы. Мае малітвы былі пачутыя — Сымановіч сабраў свае рэчы і перасеў ад Міколы Сіўца да мяне. Некалькі доўгіх хвілін я ледзь дыхала ад шчасця. Цяпер ён будзе сядзець зусім побач! Я змагу больш размаўляць з ім, мы будзем чытаць адзін падручнік, бо я часам буду “забываць” кнігу дома. Мая душа спявала радасную песню. А калі класны кіраўнік нагадаў, што мы са Славікам сёння дзяжурныя па класе, то да спеваў душы дадалася яшчэ і натхнёная музыка сэрца. Колькі намаганняў мне прыйшлося прыкласці, каб схаваць задаволеную ўсмешку, якая сама па сабе расцягвала мае вусны.

Урокі скончыліся. Нашыя аднакласнікі паспешліва пакінулі клас і выйшлі на свежае красавіцкае паветра. Мы са Славікам засталіся ўдваіх. Пабраўшы венікі, дружна мялі падлогу, размаўлялі пра тое, якія школьныя прадметы нам падабаюцца.

— Я асабліва люблю ўрокі мовы і літаратуры. – Сказала я, спрытна вымятаючы з-пад парты Алекса Хацкеля паперку, парваную на дробныя кавалачкі, якія, мабыць, былі рэшткамі любоўнай цыдулкі. – Цікаўлюся геаграфіяй і біялогіяй.

— А я захапляюся фізікай, матэматыкай і астраноміяй. – Адказаў Славік. – Ведаеш, на зоры я б глядзеў ночы напралёт. Далёкі халодны космас вабіць мяне, займае думкі і мары.

Ён крыху памаўчаў, потым спытаўся:

— Ты кім хочаш стаць?

— Пакуль не вызначылася. – Шчыра прызналася я. – Настаўніцай, альбо журналістам. А можа і не. Яшчэ ёсць час падумаць. А ты кім хочаш быць?

Шчокі Сымановіча кранула лёгкая чырвань, яго рукі пераріралі дубчыкі веніка, а позірк разгублена блукаў па чыста падмеценай намі падлозе.

— Я нікому пакуль не казаў… – пачуўся яго прыемны ціхмяны голас. – Паабяцай, што не будзеш смяяцца.

— Даю слова! – усхвалявана сказала я.

— Я хачу стаць касманаўтам! – З натхнёным бляскам у вачах адказаў Славік.

— Гэта ж выдатна! – пахваліла я.

Маё сэрца адбівала нейкі асаблівы замілаваны рытм. Ён даверыў мне сваю мару, сказаў тое, аб чым не гаварыў больш нікому. Які ж ты рамантычны, Славік Сымановіч! У наш час, калі ўсе хлопцы імкнуцца стаць бізнесменамі і банкірамі, альбо не вельмі хочуць вучыцца, бо лічаць, што для таго, каб рабіць грошы, добрая адукацыя не вельмі і патрэбная… Ты хочаш стаць касманаўтам, каб паляцець далёка-далёка ў бязмежны космас да асльпляльна-яркіх зорак і іншых планет.

Я глядзела на гэтага незвычайнага хлопца і адчувала, што мае пачуцці да яго яшчэ больш узмацніліся. Калі такое было магчыма.

Славік узяў алюмініевае вядро і пайшоў набраць вады, каб памыць у класе падлогу. А я глядзела ў ярка-блакітнае красавіцкае неба і верыла, што Славік Сымановіч абавязкова паляціць на касмічным караблі да зорак. Ён вярнуўся з вядром вады, анучай і швабрай. Я паспяшалася да яго, каб прыняць увесь гэты інвентар і ўзяцца за справу. Славік і так амаль усю падлогу сам падмёў. Хлопцы з нашага класа заўсёды стараліся прыцягнуць да ўборкі дзяўчат, а самі толькі камандвалі. Сымановіч, так бы мовіць, жаночай работы не цураўся. Я ўжо ўзялася адной рукой за швабру і нахілілася, каб падняць анучу, але Славік перапыніў мой намер. Адным лёгкім рухам ён акуратна ўзяў мяне за талію, спрытна прыпадняў і пасадзіў на парту. Я так і застыла з шырока расплюшчанымі ад здзіўлення вачыма і швабраю ў руцэ.

— Ты лепей пасядзі тут, а я хуценька ўсё памыю. – Загадаў Славік.

Ён забраў у мяне швабру, намачыў анучу і ўзяўся за справу. І так ладна ў яго атрымлівалася, што прыемна было паглядзець.

— Да нас у госці прыязджаў з Масквы бацькаў брат, мой дзядзька Лёня. – Апантана распавядаў Славік, шаруючы падлогу. – Аб падарунку, які ён мне прывёз, я даўно марыў, а калі ўбачыў і ўзяў у рукі, адчуў сябе на сёмым небе ад шчасця. Ты толькі ўяві сабе, Лёня прывёз для мяне самы сапраўдны тэлескоп! Мне не было ні сну, ні адпачынку. Я настройваў яго і глядзеў на зоры, зазіраў у таямнічыя глыбіні загадкавага космасу. Мне здавалася, што мая мара пачынае здзяйсняцца, зоркі і планеты становяцца бліжэй.

— Калі-небудзь ты паляціш туды. – З абсалютнай перакананасцю сказала я.

Славік неяк па-асабліваму, з надзеяй паглядзеў на мяне.

— У тваім голасе столькі ўпэўненасці… – даверліва прашаптаў ён.

— Можаш мне паверыць, я ведаю. – Загадкавым голасам сказала я.

Сымановіч пільна паглядзеў мне ў вочы, потым зноў узяўся шараваць падлогу. Калі ён праходзіў ля нашай парты, незнарок зачапіў маю сумку. Яна перакулілася на бок і з незашпіленага аадзяленне на вільготную чыстую падлогу з гучным плясканнем зваліўся цёмна-сіні нататнік у цвёрдай вокладцы, упрыгожанай бліскучымі зорачкамі. З заміраннем сэрца я сачыла за тым, як Славік нахіліўся і падняў мой нататнік, які быў ні чым іншым, як маім асабістым дзённікам. Пад цёмна-сіняй у зорачкі вокладкай жылі мае сяброўкі-старонкі, ім адзіным я даверыла таямніцу сваіх пачуццяў да Славіка Сымановіча. І вось у гэты момант сам аб’ект маіх любоўных перажыванняў трымаў мой дзённік у руках. Мне падалося, што парта, на якой я сядзела, захісталася. Я моцна ўчапілася ў край рукамі, каб не зваліцца. Хацелася саскочыць, падбегчы і забраць дзённік, але я чамусьці не магла зварухнуцца. На доўгія імгненні немаведама куды знік мой голас, якому я ў думках загадвала крыкнуць: “Не чапай мой нататнік, гэта асабістае!”

Але Славік Сымановіч быў выхаваным хлопцам. Ён не палез чытаць, што там напісана, толькі паглядзеў на прыгожую вокладку і паклаў нататнік каля маёй сумкі.

— Табе таксама падабаюцца зоркі? – стрымана ўзрадаваўся ён.

— Ага! – нарэшце мой голас зноў ажыў. – Вельмі прыгожа!

Калі я пабачыла, што Славік паклаў дзённік, не зазірнуўшы ў яго, то парта перастала хістацца і я з лёгкасцю саскочыла з яе. Праз імгненне нататнік зноў апынуўся ў сумцы і маё хваляванне канчаткова знікла.

Нечаканым рэзкім гукам цішыню, што ўсталявалася ў класе, разарваў званок.

— Няўжо цэлы ўрок мінуў? – агучыў мае думкі Славік. – Гэтая ўборка цягнулася аж сорак пяць хвілін!

— Затое ты так чыста прыбраў, што падлога аж ззяе! – шчыра пахваліла я.

— Мне не цяжка! – перасмыкнуў плячыма Славік. – Мы з табою так хораша паразмаўлялі…

Мае вусны паплылі ў задаволенай усмешцы. Які ж ты мілы, Славік Сымановіч! Які шчаслівы сёння ў мяне дзень!

Мы вышлі з кабінета і накіраваліся дадому. Я ведала, дзе жыве Сымановіч. Яму значна бліжэй было абыходзіць краму з левага боку і ісці праз двары, але сёння ён пайшоў іншым шляхам, які пралягаў аж каля майго пад’езда. У маім сэрцы прарасло зярнятка надзеі. Я цешылася думкай, што падабаюся Славіку. І так хораша мне было ад гэтага, такім салодка-дурманлівым падаваўся водар цёплага красавіка, такім блізкім па духу стаў для мяне той, у каго я закахалася.

Мы нарэшце развіталіся, я борздзенька ўзбегла па прыступках і ўвайшла ў пад’езд. Мне сто разоў хацелася павярнуцца, паглядзець на Славіка, памахаць яму рукой, паслаць паветраны пацалунак, але я стрымлівалася. Баялася, каб не здагадаўся пра мае пачуцці да яго. Але, як толькі я паднялася на другі паверх, непрыкметна прабралася да акна і зноў убачыла Славіка. Ён павольна ішоў праз дзіцячую пляцоўку ў накірунку свайго дома. Я так і стаяла, пакуль ён не знік за паваротам.

І пасля ўсяго гэтага надыйшлі выхадныя, якія пазбавілі мяне магчымасці бачыць Сымановіча, размаўляць з ім, разам марыць і фантазіяваць. Што калі за гэтыя два бясконцыя дні ён забудзецца пра нашу цёплую размову, пра тое, што даверыў мне свае летуценні, пра тое, што і мне падабаюцца зоры, бо імі ўпрыгожаны мой цёмна-сіні нататнік.

І вось цяпер, вечарам у нядзелю, я ізноў дастала свой дзённік з сумкі, правяла пальцамі па яго бліскучай вокладцы. Гэтая таямніца майго сэрца была ў яго руках. Калі б ён зазірнуў пад вокладку, пагартаў старонкі, то пабачыў бы вершы, напісаныя мной для яго, ён даведаўся б пра мае пачуцці, якія я стамілася старанна хаваць. Але ведаю, што не змагу першай сказаць яму пра тое, што адчуваю.

Я кратала падушачкамі пальцаў бліскучыя зорачкі і ўжо шкадавала, што Славік Сымановіч аказаўся настолькі добра выхаваным, што так і не зазірнуў у мой нататнік. Гэта было б такім добрым высцем з сітуацыі! Мне б не прыйшлося саромецца, чырванець і расказваць яму пра маё каханне. Няхай бы ён усё прачытаў!

Я села за пісьмовы стол, узяла ручку і пачала пісаць у дзённіку новую старонку. Распавяла пра маю шчаслівую пятніцу, пра мае эмоцыі, пра асаблівыя адценні пачуццяў, якія я перажывала ў той час, як Славік прыбіраў у класе і калі праводзіў мяне да пад’езда. У той нядзельны вечар у маім нататніку з’явіўся і новы верш.

Задаволеная, я закрыла дзённік, абняла яго. Цяпер мне думалася, што праз некаторы час я адважуся і проста аддам яго Славіку. Няхай прачытае. Я не магла дакладна ведаць, што ён адкажа мне, але ў тым, што не будзе кпіць з мяне, была ўпэўнена.

Так і трымаючы дзённік у абдымках, я села каля прыадчыненага акна. Шэрыя набрынялыя хмары крыху пасвятлелі і падняліся вышэй. Зусім дробненькія кропелькі дажджу пераходзілі ў вадзяны пыл, потым зусім зніклі. Вясна, мабыць, задаволеная вынікамі генеральнай уборкі, перапыніла дождж і дазволіла паўднёваму цёпламу ветрыку разагнаць хмары. Там, высока-высока ў небе, у далёкай касмічнай прасторы я ўбачыла першую вячэрнюю зорку. “Мабыць, яна сёння дзяжурная — загарэлася раней за ўсіх!” – падумалася мне.

Я паклала свой дзённік на шырокі пластыкавы падаконнік. Ноч абяцала быць цёплай, таму я лягла спаць, не зачыняючы шчыльна акно, дазволіла свежаму паветру напоўніць мой пакой водарам красавіцкай вясны.

 *     *     *

Аб тым, што пара ўставаць і збірацца ў школу, мне нагадаў пранізлівы гук будзільніка. Я прачнулася і села на ложку. “Панядзелак! Нарэшце панядзелак!” – радавалася я. Борздзенька ўстала. Пазбавіўшыся цёплай коўдры, здрыганулася — у пакоі было досыць прахалодна. Паспяшалася зачыніць акно, правяла позіркам па маладой лістоце дрэва, галіны якога ажно падпіралі сцяну пад маім акном. Я салодка пацягнулася, абаперлася рукамі на шырокі пластыкавы падаконнік і… замерала. Майго дзённіка не было! Ён знік! Я дакладна памятала, што перад тым, як класціся спаць, пакінула яго вось тут на падаконніку. Зноў адчыніла акно, высунулася і паглядзела ўніз — там нічога не было. Пашукала ў пакоі, вытрыбушыла сваю сумку, спыталася ў бацькоў… Цёмна-сіні ў зорачкі нататнік знік. І тут я здагаладася. Гэта ж хлопцы з нашага класа забралі! Я бачыла, як учора Сашка Зайцаў і Віцька Сянько бадзяліся па двары, шукалі сабе якісьці занятак. Вось і знайшлі. Пажартаваць вырашылі! Гэта ж тая яшчэ парачка сябрукоў! Усяму класу пакажуць, будуць кпіць з мяне і дражніцца. Што ж рабіць?

Я пачала хуценька апранацца, вырашыўшы бегчы да іх і прасіць, каб аддалі дзённік і нікому нічога не расказвалі. Буду абяцаць ім даваць спісваць пакуль школу не скончым.

Сняданак, клапатліва прыгатаваны мамай, праглынула, нават не заўважыўшы што менавіта ляжала на талерцы. Абула туфлікі і пабегла. На ганку пад’езда спынілася, задумалася. Не, не дамоўлюся я з імі. Яны такога ўтаіць не змогуць, ды і не захочуць. А спісваць ім і без мяне ёсць у каго.

Заставалася толькі адно. Я падышла да дома Славіка Сымановіча. Ведала, што праз некалькі хвілін ён выйдзе з пад’езда. Вось тады я і раскажу яму пра дзённік. Няхай пра мае пачуцці ён ад мяне даведаецца, а не з кпінаў Сашкі ды Віцькі. Стаю, чакаю. Гумовыя хвіліны цягнуцца бясконца доўга, сэрца хвалюецца і б’ецца паскорана. Пішчыць кодавы замок, дзверы Славікава пад’езда адчыняюцца, з іх выходзяць дзве жанчыны, за імі ідзе той, каго я чакаю.

— Прывітанне! – голас Славіка крыху здзіўлены.

— Ой, Славік, тут такое здарылася… – адразу пачала я, забыўшыся павітацца. – Памятаеш, у пятніцу з сумкі выпаў мой нататнік. Такі цёмна-сіні ў зорачкі…

— Вядома, памятаю. І што? – хлопец уважліва глядзеў на мяне.

— Дык гэта быў не проста нататнік. – Выдыхнула я. – Гэта мой асабісты дзённік. На яго старонках напісана самае патаемнае. Мае пачуцці, думкі, мары… Учора вечарам я пакінула яго на падаконніку ля прыадчыненага акна, а раніцай не знайшла яго на тым месцы. Каля майго дома расце яблыня-дзічка, гукі якой падымаюцца прама да майго акна. Як раз учора вечарам па двары сноўдаліся Сашка Зайцаў і Віцька Сянько. Ні хто іншы, толькі яны маглі ўзлесці па яблыні і забраць мой дзённік. Гэтыя хлопцы не прамінуць паказаць мае асабістыя запісы ўсяму класу, а потым будуць кпіць і дражніцца.

Я зрабіла паўзу. Адчула, як чырвань сарамлівасці напаўзае на мае шчокі, але я павінна была прызнацца Славіку Сымановічу, што ўсе мае запісы ў дзённіку былі толькі пра яго. Я ўдыхнула паветра і ўжо адкрыла рот, каб сказаць пра тое, што так старанна ўтойвала ўвесь гэты час. Але Славік апярэдзіў мяне:

— Пачакай, не трэба так хвалявацца! – суцяшаў ён. – Твой дзённік Сашка з Віцькам не чапалі. Ён не ў іх.

Я зніякавела. Адкуль яму гэта вядома? Няўжо…

— Сымановіч, дык гэта ты яго ўзяў?! – абуралася я.

— Не. Я таксама яго не браў.

Славік узяў мяне за руку і шпаркім крокам накіраваўся ў бок школы. Я ледзь паспявала за ім, некалькі разоў спатыкнулася, але моцная надзейная рука Сымановіча своечасова дапамагала злавіць раўнавагу і не паваліцца.

— Славік, а дзе ж тады мой дзённік? – не супакойвалася я.

— Усё растлумачу пасля ўрокаў. – Паабяцаў хлопец. – Мы яго абавязкова вернем, не сумнявайся.

— А ты ведаеш, што там напісана? – недаверліва спыталася я.

— Адкуль? Па-першае, я яго не браў, а па-другое — не маю звычкі чытаць нечыя асабістыя запісы.

Я перастала распытваць. І прызнанні, якія збіралася зрабіць, адклала на некаторы час.

Парог класа пераступіла на дрыжачых нагах, чакала ўзрыву смеха, здзекаў, дражнілак. Сашка Зайцаў і Віцька Сянько толькі кіўнулі нам са Славікам галовамі — павіталіся і працягвалі хуценька спісваць дамашняе заданне па геаметрыі. Маё з’яўленне ў класе не выклікала ніякай незвычайнай рэакцыі. Цяпер я пераканалася, што дзённік не трапіў у рукі маіх аднакласнікаў. Скажу па-праўдзе, дыхацца мне стала крыху лягчэй. Але тады хто ж забраў з майго падаконніка цёмна-сіні ў зорачкі нататнік? Гэтае пытанне не давала мне спакою аж да званка з апошняга ўрока.

— Ну? Дзе мой дзённік? – нецярпліва запыталася я ў Славіка, ледзь толькі мы выйшлі са школы. – Расказвай!

— Не ведаю, з чаго пачаць… – задуменна вымавіў Сымановіч. – Ты ж мне ўсё роўна не паверыш, палічыш за вар’ята.

— Га-ва-ры! – па складах адчаканіла я.

— Разумееш, сёння была незвычайная ноч. Апоўначы ў двары твайго дома адчыніўся касмічны партал. Прышэльцы, якія трапілі па ім да нас, выйшлі акурат каля той самай яблыні-дзічкі. Я бачыў, як яны прыхапілі нешта з прыадчыненага акна. Не ведаў, што гэта акно твайго пакоя. А яшчэ нейкая гаспадыня з вашага двара раніцай не далічыліся некалькіх ручнікоў, што былі пакінуты на шнурку. Ты можа бычыла, такія яркія ручнікі з буйнымі малюнкамі сланечнікаў.

— Бачыла! – Пагадзілася я. – Гэта Ірына Піліпаўна з дзевятнаццатай кватэры іх на ноч пакінула. Але навошта тым прышэльцам былі ручнікі ў сланечнікі і мой дзённік?

— Навошта яны прыхапілі ручнікі, я і сам не ведаю, мо як музейны экспанат старажытнасці. А твой нататнік, як сапраўдны рарытэт, мабыць, захацелі паказаць дома. Дзе ўжо даўно не карыстаюцца такімі спосабамі захоўвання інфармацыі.

— Ім рарытэт, а ў тым нататніку мае пачуцці, пра якія ніхто не павінен ведаць! – я нават усхліпнула.

— Не перажывай так! – па-добраму ўсміхнуўся Славік. – Там, у іх свеце, цябе ніхто не ведае, а калі табе так неабходна вярнуць дзённік, можна паспрабаваць…

— А што трэба зрабіць? – ажывілася я. – Я на ўсё гатова!

— І на палёт на іншую планету? – у вачах Славіка засвяціліся прыгодніцкія іскрынкі.

— Ой! – адмахнулася я. – Было б толькі на чым ляцець!

— Дык ёсць… – нягучна вымавіў Сымановіч. – Паляціш?

— А ты думаў, я палахлівая? – працягвала я гульню-жарт.

— Быў перакананы, што ты смелая. Самая лепшая дзяўчына на свеце.

У маёй душы нібыта расцвілі кветкі. Я была для яго самай лепшай ва ўсім свеце! Вось каб толькі знайшоўся мой дзённік. Я б дазволіла яму прачытаць усе старонкі з першай да апошняй, і тады б ён зразумеў, што гэта каханне. Але дзённіка няма. Ён аджартоўваецца нейкімі там прышэльцамі…

— Як ты згодная ляцець са мною на пошукі твайго нататніка, то буду чакаць цябе праз гадзіну на беразе Свіслачы. На тым месцы, дзе мы зімой з класам будавалі снежныя крэпасці. Памятаеш? Прыйдзеш?

— Канешне! Роўна праз гадзіну чакай!

Я махнула рукой на развітанне і ледзь не подскакам кінулася да свайго пад’езду. Ён прызначыў мне спатканне! Большага шчасця ў свеце і ўявіць не магчыма!

Я прыбегла дадому, хуценька паабедала, злёгку кранула вейкі мамінай тушшу, падфарбавала вусны ледзь прыкметным ружовым бляскам. Апранула новыя джынсы і звязаную ўласнымі рукамі кофту. Праз гадзіну я падыходзіла да прызначанага месца з аднаго боку, а Славік з другога.

— Ну як? Гатова да касмічнага падарожжа? – ён пытальна прыпадняў адно брыво.

Я ў думках адзначыла, што ён чамусьці працягвае гэту гульню. Можа не рашаецца прызнацца, што запрасіў на спатканне? Цікава, як жа ён выйдзе з гэтай гульні, якая ўжо крыху зацягнулася. Але я падтрымала яго лінію:

— Гатова, палаяцелі. А дзе твой касмічны карабель?

— Пойдзем пакажу!

Сымановіч працягнуў мне руку. Я ўсміхнулася і ўклала ў яе сваю далонь. Мы пайшлі па беразе Свіслачы. Трымаючыся за рукі, прагульваліся даволі доўга, гаварылі пра надвор’е, пра раннюю цёплую вясну, пра школу. Славік спыніўся.

— Амаль прыйшлі.

— Што гэта? – весялілася я. – Касмадром? Чаму нам не аб’яўляюць пасадку?

— Пойдзем, пабачыш усё на свае вочы! – падміргнуў Сымановіч.

Ён падышоў да люка, які быў закрыты звычайнай драўлянай накрыўкай. Славік адкінуў яе і кіўнуў уніз.

— Цяпер мы спусцімся па гэтай лесвіцы. Ці ты можа баішся?

Калі па-праўдзе, то мне было страшнавата лезці ўглыб гэтага калодзежа. Ды яшчэ ў новых джынсах! Але я была са Славікам Сымановічам. І гэта вызначала ўсё.

— Нічога я не баюся! – адмахнулася я. – Не хочацца новыя джынсы пэцкаць.

— Там чыста, не хвалюйся.

Славік першым палез у калодзеж. Я агледзелася навокал, усміхнулася сама з сябе і рушыла за ім. Дно аказалася даволі далёка. Ногі нарэшце апынуліся на зямлі, маю руку зноў абхапілі цёплыя Славікавы пальцы. Вочы крыху прызвычаіліся да цемры, з якой выплылі нізкія драўляныя дзьверцы. Сымановіч штурхнуў іх. Дзверцы рыпнулі і адчыніліся. Давялося прыгнуцца, каб прайсці праз іх. Пераступіўшы праз парог, мы трапілі ў доўгі калідор, які асвятляўся яркімі шнурамі, таўшчынёй з запясце. У канцы гэтага калідора былі яшчэ адны дзверы. Мы адчынілі іх і трапілі ў вялізнае памяшканне, залітае яркім белым святлом. Ад здзіўлення я і слова вымавіць не магла. Шырока расплюшчанымі вачыма глядзела на нешта авальнае, памерам з аўтамабіль. Вокны-ілюмінатары то з’яўляліся, то знікалі ў розных частках гэтай канструкцыі.

— Гэта касмічная капсула. – Даляталі да майго слыху словы Славіка. – Менавіта ў ёй мы і паляцім шукаць твой цёмна-сіні ў зорачкі нататнік.

Ён гаварыў нешта яшчэ, але я ўжо не разбірала яго словы. Уся мая ўвага была засяроджана на дзвярах капсулы, з якіх нехта выходзіў. На першы погляд гэта быў чалавек, а не нейкі там прышэлец. Пакуль я разглядала яго, гэты нехта падыйшоў да нас. Павітаўся за руку з Сымановічам, паціснуў маю далонь. Я адчула дотык яго цёплых пальцаў.

— Гэта пілот капсулы робат Алесь. – Расказваў Славік. – Не здзіўляйся, гэтае імя ён выбраў сабе сам, хоча быць сваім на Беларусі. А на самой справе яго завуць ПР 509І50І47У. Так напісана ў яго тэхнічным пашпарце. Але ты можаш не запамінаць гэты набор літар і лічбаў, для нас ён проста Алесь.

— Добра… – выціснула я ўсмешку.

— Ты хочаш знайсці свой нататнік? – запытаўся робат.

Я згодна паківала галавой, хоць сама ўжо была гатова ахвяраваць той няшчасны дзённік прышэльцам. Няхай забіраюць! Але адмовіцца ад сваіх слоў зараз азначала збаяцца. Як я буду глядзець у вочы Славіку?

— Тады нам трэба ляцець у галактыку №73/4. Сённяшняй ноччу праз касмічны партал прыляталі толькі іх караблі. – Распавядаў Алесь. – І вось яшчэ што: сёння я магу выканаць па адным вашым жаданні. Чаго б вам хацелася?

— Мне — вярнуць свой дзённік і вярнуцца дадому! – сказала я.

Хоць на самой справе мне хацелася дадому прама цяпер, без дзённіка. Я наўмысна больш нічога не загадала, каб не шукаць новых прыгод, якія могуць быць вельмі небяспечнымі.

— А я мару пазнаёміцца з сапраўдным касманаўтам, звычайным чалавекам з планеты Зямля, які паляціць ў космас і зробіць новыя адкрыцці, якія паўплываюць на развіццё ўсяго чалавецтва. – На адным дыханні выпаліў Славік. – Я ж і сам у будучыні мару стаць касманаўтам…

— Добра. – Пагадзіўся Алесь. – Што спачатку?

— Канешне ж, дзённік! – сказаў Сымановіч.

Алесь загадаў нам ісці за ім. Праз хвіліну мы торе сядзелі ў той самай касмічнай капсуле. Крэслы былі вельмі ўтульныя, панэль прыбораў і нават сценкі былі нашпігаваныя безліччу кнопак, рычажкоў і экранчыкаў. Рамяні бяспекі слізганулі, нібыта змейкі, і самі сабою зашпіліліся.

— Курс на Чорную Дзірку нумар сто дваццаць тры. – Паведаміў Алесь разумнай панэлі кіравання.

— Як гэта на Чорную Дзірку? – не стрымала я сваёй занепакоенасці. – Яна ж засмокча нас і ўсё!

— Не хвалюйся! – спакойна адказаў Алесь. – Каб трапіць у галактыку №73/4, дзе зараз знаходзіцца твой нататнік, мы павінны пакінуць межы Галакыкі. Зрабіць гэта можна толькі праз Чорную Дзірку.

Я ўжо хацела прызнацца, што не патрэбен мне той нататнік, але як раз у гэты момант Славік Сымановіч пяшчотна пагладзіў маю руку, суцяшаючы, быццам малое дзіця. Я зазірнула ў яго самыя сінія ва ўсім Сусвеце вочы і зразумела, што побач з ім я гатова на любыя прыгоды. Усміхнулася Славіку і далей слухала тлумачэнні Алеся.

— Ты, мабыць, ведаеш толькі аб тым, што ўсё, што трапляе ў Чорную Дзірку, з прагнасцю глынаецца ёю і назад ужо не вяртаецца. – Расказваў Алесь. – Але ў кожнай Чорнай Дзіркі ёсць адваротны бок – Белая Дзірка, праз якую ўсё, што праглынулася, трапляе ў паралельны сусвет. Пры гэтым, у пункце разрыву між двух Сусветаў ёсць тунэль. У ім час ідзе зусім не так, як у вас на Зямлі. У тунэлі час можа ісці далей наперад, альбо можа вярнуць нас на стагоддзі назад. У любы год і дзень.

— Чалавек стаў усемагутным? – спыталася я.

— Не. Проста нам дазволена пашырыць свае веды роўна настолькі, наколькі гэта дазваляе Ўсявышні. Усемагутны толькі Бог. – Мудра адказаў Алесь. – Вам сённяшняе наша падарожжа здаецца фантастыкай. Для нас, істот з будучыні, гэта звычайная рэч.

Мы са Славікам слухалі Алеся і ўяўлялі сябе героямі фантастычнай кінастужкі. Аповед нашага правадыра быў, канешне, цікавым, але я зноў занепакоілася.

— А што калі мы не знойдзем тюу Белую Дзірку, якая верне нас назад? Альбо трапім не ў тую? – запыталася я ў Алеся.

— Выключана! – самаўпэўнена адказаў ён. – Месцазнаходжанне патрэбных Чорных і Белых Дзірак вызначаецца шляхам дакладнага матэматычнага разліку. Проста трэба рашыць ураўненне тэорыі адноснасці Эйнштейна.У нас такія задачкі ў першым класе рашаюць.

— Нішто сабе! – усміхнулася я.

— Падлятаем да Чорнай Дзіркі! – абвясціў Алесь і перамясціў вялікі, ці не на палову ўсяго нашага транспартнага сродку, ілюмінатар на нос капсулы. Прама перад намі ўзнікла страшэнная разяўленая пашча Чорнай Дзіркі. Наша маленькая капсула трапіла ў поле яе прыцягнення і ў наступны момант чорна-чырвонае жарало засмактала нас. Я ўскрыкнула і моцна заплюшчыла вочы. Пасядзела так, прыслухалася. Асцярожна прыадкрыла вока, потым другое. Побач спакойна сядзеў Славік Сымановіч, каля панэлі кіравання пагойдваўся ў крэсле Алесь.

— Прабачце! – мармытнула я. – Страшная пашча ў гэтай Дзіркі! Жах проста!

Я з асцярогай паглядзела ў ілюмінатар, які цяпер перамясціўся на правы бок капсулы. Было падобна, што мы ляцім праз цёмны тунэль. Алесь уключыў спакойную, прыемную музыку, і я адчула, што нервовасць знікае, я расслабляюся і нават нібыта драмлю. Так прайшоў некаторы час.

— Шаноўныя пасажыры! – пачуўся скрозь музыку голас нашага правадыра. – Мы на месцы. Сардэчна запрашаем у галактыку №73/4! Зараз мы знаходзімся на планеце КС29. Можаце адшпіліць рамяні.

Першым з капсулы выйшаў Алесь, другім Славік, а за імі асцярожна паклэпала я. Мы апынуліся ў ярка асветленым памяшканні. Тут усё блішчэла, было цёпла і ўтульна. Выгляд гэтай велізарнай залы быў зусім незвычайны, а вось людзі, што знаходзіліся ў ім, выглядалі так як і мы. Алесь падвёў нас да круглага, метры са тры ў дыяметры, слупа. Раптам ён адчыніўся і прыемны жаночы голас запрасіў нас увайсці. Калі мы былі ўнутры, дзверы “ліфта” зачыніліся і мы некуды паехалі. Выйшлі праз хвілін пяць, хоць Алесь сказаў, што мы праляцелі некалькі сотняў кіламетраў.

З “ліфта” мы трапілі ў невялікі пакой, шкляная столь у якім была сферычнай формы. Праз яе можна было глядзець на зорнае неба, але зоркі тут былі значна большыя, чым на Зямлі. Алесь прапанаваў нам прысесці на канапу і пачакаць яго. Мы са Славікам уладкаваліся і сталі разглядаць цёмна-сіняе неба, на якім загадкава мігцелі буйныя залатыя зоркі.

— Зусім як на тваім нататніку! – заўважыў Сымановіч.

— Ага! – адазвалася я. – А я думаю, дзе ж я магла гэта бачыць!

— Паглядзі, вунь тое сузор’е нагадвае грыб на доўгай ножцы. – Славік паказаў рукой на неба.

— Бачу! – узрадавалася я. – А вунь там зоркі ўтварылі кляновы ліст!

— А гэтае сузор’е нагадвае вавёрку!

— Вунь лілея! А гэта кот з выгнутым хвастом!

Мы адшукалі на незнаёмым зорным небе вядзерца, птушку, слана, паветраны шар, караблік і яшчэ шмат што. Раптам прама над празрыстай столлю праляцела зорка-знічка. Я загадала, каб мне заўсёды было так хораша, як цяпер і каб побач быў Славік Сымановіч. А ён таксама нешта загадаў. Мяркуючы па тым, як пранікнёна ён зірнуў на мяне, а зразумела, што прысутнічаю ў яго мары. “Знічка, здзейсні тое, што мы загадалі!” – падумалася мне.

Вярнуўся Алесь. Разам з ім увайшла прыгожая маладая дзяўчына з доўгімі і абсалютна белымі, як снег валасамі.

— Рады вітаць вас! – сказала яна прыемным голасам. – Вяртаем вам ваш нататнік. Ён зацікавіў нас тым, што ў дакладнасці паўтарае зорную мапу аднаго з сегментаў нашай касмічнай прасторы. Будзем вывучаць гэты выпадак. Прабачце, што так выйшла. І, калі ласка, вярніце гаспадыні яе прыгожыя ручнікі са сланечнікамі. Колькі не стараюцца нашыя навукоўцы — не могуць вывесці такую прыгожую расліну, падобную на Жоўтага Карліка, якога вы на Зямлі называеце Сонцам.

Дзяўчына аддала мне нашы зямныя рэчы. Я запусціла руку ў кішэню і дастала адтуль з дзясятак сланечнікавых семачак. Учора купіла іх у бабулі каля крамы. Пражаныя ў яе скончыліся, прыйшлося браць сырыя. Дома я іх дастала і падсмажыла, а некалькі з іх вельмі ўдала і своечасова засыпаліся ў шво маёй кішэні. Зараз яны мелі вялікую каштоўнасць.

— Вось вам насенне гэтых самых кветак. – Сказала я і насыпала ў далонь дзяўчыны такія звычайныя для нас семачкі.

Яна вельмі ўзрадвалася і падзякавала. Мы развіталіся і вярнуліся на “ліфце” да нашай капсулы. Свой нататнік, на вокладцы якога была зорная мапа іншай галактыкі, я ўкруціла ў яркія ручнікі Ірыны Піліпаўны і схавала пад сваё крэсла.

— Цяпер здзейснім мару Славіка і пазнаёмім яго з самым сапраўдным касманаўтам. – Сказаў Алесь.

— Куды паляцім на гэты раз? – пацікавілася я.

— На планету Зямля. – Адказаў наш правадыр. – У вас будзе магчымасць пабываць у будучыні. Адпраўляемся ў 2034 год. Гэты сусветнавядомы касманаўт нядаўна вярнуўся з чарговага свайго палёту і зараз адпачывае на лецішчы, якое размешчана недалёка ад Мінска.

— Дык ён беларус? – узрадваліся мы.

— Так, ён беларус. Ваш слынны зямляк.

Мы паспешліва занялі свае месцы ў капсуле і адправіліся ў палёт. Алесь заняўся прыборамі на панэлі кіравання, а Славік тлумачыў мне, што зараз мы накіруемся ў тунэль, размешчаны ў пункце разрыву двух Сусветаў. Гэта і ёсць своеасаблівы калідор часу, з якога можна трапіць у любы год і дзень.

Алесь уключыў дзівосную музыку і мы зноў нібыта пагрузіліся ў стан лёгкай дрымоты. Цяжка вызначыць, колькі часу доўжылася наша падарожжа, але нарэшце Алесь аб’явіў, што мы прыбылі.

З капсулы мы выйшлі на самую звычайную лясную паляну. Лёгка было здагадацца, што гэта лета, дзесьці ліпень, бо з-пад кусцікаў пазіралі цёмна-фіялетавыя вочкі чарніцы. Я нахілілася і сарвала некалькі сакавітых ягад. Які знаёмы водар і смак! Гледзячы на мяне, і Славік пакаштаваў лясны пачастунак з будучыні. Алесь не выявіў цікавасці да ягад. Мне стала шкада робата — ён пазбаўлены некаторых простых і вельмі прыемных жыццёвых радасцяў.

Наш правадыр скіраваў на ледзь прыкметную сцяжынку. Мы рушылі за ім. Праз некалькі хвілін лясная дарожка вывела нас да прыгожага двухпавярховага дома. У садзе былі гаспадары: мужчына і жанчына. Яны сядзелі за сталом ва ўтульных крэслах, вячэралі і размаўлялі аб нечым прыемным, бо ласкава ўсміхаліся адно аднаму. Заўважыўшы нас, гаспадары падняліся, зрабілі колькі крокаў насустрач і павіталіся:

— Добры вечар, Алесь, табе і тваім спадарожнікам! Запрашаем далучыцца да нашай вячэры, сядайце, калі ласка!

Праз хвіліну мы ўладкаваліся за сталом. Я бачыла, як Славік ва ўсе вочы глядзіць на гаспадароў, як цікава яму пабачыць сапраўднага касманаўта.

— Знаёмцеся, гэта слынны касманаўт Святаслаў Рыгоравіч і яго жонка Марыя Аляксееўна. – Сказаў Алесь.

Мне падумалася, што я іх нейдзе бачыла, ці яны на кагосьці знаёмага падобныя. Можа я іх ведаю?

— Вы не ўяўляеце, як мы рады нашай сустрэчы! – з цёплай усмешкай звярнулася да нас са Славікам гаспадыня. – Калі я была ў вашым узросце, ніколі б не паверыла, што такое можа адбыцца. Я маю на ўвазе нашу сустрэчу і тое, што мы разам сядзім за адным сталом.

Марыя Аляксееўна гаварыла загадкамі. Я, ды й Славік, мусіць, таксама не маглі зразумець сэнс яе слоў. Чым мы такія адметныя, што сусветнавядомы касманаўт і яго жонка так радуюцца таму, што мы завіталі да іх у госці?

— Славік, ты правільна выбраў справу ўсяго свайго жыцця. – Сказаў Святаслаў Рыгоравіч. – Вучыся старанна, ты будзеш патрэбен сваёй Радзіме.

— Я хачу стаць касманаўтам! – з бляскам у вачах сказаў Славік.

— І ты абавязкова станеш ім. – Паабяцаў Святаслаў Рыгоравіч.

Мы пілі гарбату, елі смачны пірог. Слухалі і стараліся зразумець тое, што кажуць нам гаспадары. Прызнаюся чэсна, я зусім мала ўцяміла. Простым і прыемным аказалася тое, што на століку стаяў букецік васількоў.

— Гэта нашыя любімыя кветкі. – Сказала Марыя Аляксееўна, заўважыўшы, як я гляджу на букецік. – З той пары, як мы пачалі сябраваць, Святаслаў Рыгоравіч дорыць мне менавіта васількі.

— А як жа інакш? – цёпла ўсміхнуўся сусветнавядомы касманаўт. – Яны так падобныя на зорачкі. Нашыя беларускія зямныя зорачкі!

Святаслава Рыгоравіча выклікалі на службу. Мы паспяшаліся развітвацца. Гаспадары пайшлі нас праводзіць. Марыя Аляксееўна нават сумачку сваю прыхапіла. Я здзівілася, навошта яна ёй у лесе?

Калі мы ўжо ўвайшлі ў капсулу і занялі свае месцы ў крэслах, Марыя Аляксееўна стала махаць нам рукой. Сумачка выслізнула з яе рук і ўпала на траву. З расшпіленага аддзяленны выпала нейкая кніжачка. Я паспела разгледзець сінюю ў зорачкі вокладку. “Падобна на мой нататнік! Толькі колер больш бледны!” – мільганула ў мяне думка.

Капсула паднялася ў неба. Мы ляцелі да Белай Дзіркі, якая павінна была вярнуць нас дадому. Калідор часу, па якім мы рухаліся, вёў у той самы дзень, месяц і год, з якога мы выправіліся ў гэтае касмічнае падарожжа. Стомленая фантастычнымі прыгодамі, я заснула пад дзівосную музыку, уключаную Алесем.

*     *     *

Прачнулася не толькі на Зямлі, але больш таго — у сваім пакоі ва ўласным ложку! Каляндар на сцяне паказваў дваццаць чацвёртае красавіка бягучага года, а будзільнік гучна звінеў, нагадваючы, што пара ўставаць і збірацца ў школу. Я борздзенька ўстала. Пазбавіўшыся цёплай коўдры, здрыганулася — у пакоі было досыць прахалодна. Паспяшалася зачыніць акно і ўбачыла, што на падаконніку ляжыць мой цёмна-сіні ў зорачкі нататнік.

— Які дзіўны сон мне прысніўся! – ашаломлена прашаптала я. – Славік Сымановіч, падарожжы ў іншыя галактыкі з робатам Алесем, зорны карабель, падобны на капсулу… Прысніцца ж такое!

Я ўзяла ў рукі свой дзённік і абвяла позіркам двор. Ірына Піліпаўна з дзевятнаццатай кватэры развешвала на шнурку ручнікі, на якіх былі намаляваныя вялікія сланечнікі.

— Бывае ж такое! – я працерла вочы, але ні Ірына Піліпаўна, ні ручнікі са сланечнікамі нікуды не зніклі.

Тады я ўважліва паглядзела на вокладку нататніка.  І ўжо не надта здзівілася, калі знайшла там сузор’і ў выглядзе грыба на доўгай ножцы, кляновы лісток, вавёрку…

Паснедала і пайшла ў школу. На некаторы час нават забылася пра свой дзіўны сон. Пасля ўрокаў, як і ў мінулую шчаслівую пятніцу, Славік праводзіў мяне да пад’езда. Ужо развітаўшыся, ён нясмела працягуў мне складзеную ў некалькі разоў паперку, хуценька павярнуўся і пайшоў. Я ўсміхнулася яго мілай сарамлівасці і разгарнула ліст.

Марыя! Ты мне вельмі падабаешся. Давай сходзім сёння ў планетарый, разам паглядзім на зоры. Буду чакаць цябе ў 16.00 на аўтобусным прыпынку. Святаслаў Сымановіч.

І тут я ўсё зразумела. Мой фантастычны сон — гэта наша са Славікам будучыня! У 2034 годзе ён будзе сусветнавядомым касманаўтам Святаславам Рыгоравічам Сымановічам. Гэта ж у школе мы завём яго скарочана Славік! А я Марыя, па бацьку Аляксееўна. Значыцца буду яго жонкай. Вось чаму Святаслаў Рыгоравіч і Марыя Аляксееўна падаліся мне знаёмымі. Гэта ж былі мы самі! Цяпер іх словы пра тое, што яны вельмі рады нас бачыць і вячэраць за адным сталом сталі зразумелымі. Кожнаму было б цікава бачыць саміх сябе, як гасцей з мінулага, альбо будучага.

На спатканне я прыйшла. Славік Сымановіч чакаў мяне на прыпынку. З хваляваннем хлопец працягнуў мне маленькі букецік пралесак.

— Летам, я буду дарыць табе васількі — букеты зямных фіялетавых зорачак. Гэта будуць нашыя кветкі…

Славік Сымановіч узяў мяне за руку і мы адправіліся ў планетарый глядзець на нашыя шчаслівыя зоркі.