Мовай сэрца

18 кастрычніка у РЦК г. Валожына адбылася літаратурна-музычная вечарына “Мовай сэрца”, прысвечаная 70-гадоваму юбілею з дня нараджэння былога кіраўніка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціны Францаўны Гіруць-Русакевіч. З успамінамі выступілі: пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Віктар Шніп, члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Шакун, Аксана Мітрошчанкава, Наталля Жызнеўская, Зінаіда Гасціловіч і Тамара Бярэзіна. Цёплыя словы гучалі з вуснаў удзельнікаў “Руні”, калег па працы, сябровак-зямлячак і знаёмых. Запоўненая зала шчыра вітала выступленні гасцей, вершы-прысвячэнні Валянціне Гіруць-Русакевіч і песні на творы.

Пасля мерапрыемства калегі па пяру, родныя, блізкія і знаёмыя ўсклалі кветкі на магіле Валянціны Францаўны. Прагучалі словы памінальнай малітвы за паэтэсу.

Прэс-служба МАА СПБ