Моц узнёслага роднага Слова
Кожны год 21-га лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны Дзень роднай мовы. У сярэдняй школе №1 горада Заслаўя ён таксама быў святочным: кіраўніцтва школы арганізавала сустрэчу з зямлячкай, былой выпускніцай сваёй навучальнай установы, паэтэсай Святланай Быкавай.
Аўдыторыя слухачоў была рознаўзроставай: на сустрэчу прыйшлі вучні ад 5-х да 10 класаў – тыя, хто захапляецца ўзнёслым літаратурным словам ці сам піша вершы і прозу. Таму сваю госцю ўсе слухалі зацікаўлена, уважліва.
Святлана Быкава з цеплынёй успамінала сваё дзяцінства, гады вучобы ў школе, са шчырай удзячнасцю ўзгадвала сваіх настаўнікаў, асабліва настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Драздоўскую Вікторыю Пятроўну, якая калісьці і прывіла ёй любоў да роднай мовы.
На сустрэчы прагучала шмат вершаў заслаўчанкі на беларускай мове, якія ўсхвалялі родны куточак – Заслаўшчыну, яе прыгожую прыроду. Прысутныя пачулі таксама шмат грамадзянскіх, патрыятычных і філасофскіх вершаў, якіх у паэтэсы найбольшая колькасць.
Яшчэ Святлана Анатольеўна расказала пра сваю дзейнасць з паэтычна адоранымі дзецьмі: у Заслаўскай гімназіі яна курыруе работу дзіцячага літаратурнага аб’яднання “Ізяслаўцы”. Распавяла паэтэса і пра працу над агульнагарадскімі зборнікамі дзіцячых літаратурных твораў, над выданнем якіх уласнаручна парупілася (“Струмені заслаўскай крынічкі” (2016 год) і “Нашчадкі Рагнеды” (2017 год)). Далей літаратарка паведаміла, што сёння вядзецца праца над стварэннем трэццяга зборніка падобнага кшталу, ужо ў гэтым годзе выданне павінна пабачыць свет, а таксама прапанавала прысутным уключыць іх вершы ці прозу ў новы калектыўны зборнік.
На сустрэчу з паэтэсай прыйшлі нават бацькі: ім таксама было цікава пазнаёміцца з таленавітай зямлячкай, паслухаць вершы і атрымаць ад яе слушныя парады наконт дапамогі сваім дзецям, якія спарбуюць сябе ў літаратурным слове.
Напрыканцы сустрэчы наведвальнікі мерапрыемства агучылі шмат пытанняў сваёй госці. Аднаму з найбольш актыўных, з вучню 9-га класа Аляксандру, Святлана Быкава падарыла зборнік вершаў з асабістым аўтографам. На наступны дзень ад настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, класнага кіраўніка аднаго з 9-х класаў Сінькевіч Марыны Міхайлаўны яна атрымала электронную паштоўку: “Дарагая Святлана Анатольеўна, яшчэ раз вялікі Вам дзякуй за сустрэчу! Аляксандр сёння прынёс зборнік Вашых вершаў у школу і літаральна не выпускаў яго з рук: перачытваў, лістаў яго на перапынках і нават на маім уроку! Мне таксама было вельмі карысна сустрэцца з вамі, паслухаць вашы вершы. Хачу сказаць, што, дзякуючы сустрэчы з вамі, я пачала па-іншаму глядзець на сваіх дзевяцікласнікаў, пачала лепш іх разумець…”
Напэўна, у гэтым і заключаецца прызначэнне паэтаў: пры дапамозе ўзнёслага паэтычнага Слова дакрануцца да душы чалавечай, ажывіць, абудзіць яе да ўспрыняцця прыгажосці гэтага свету наогул і ўнутраных Сусветаў іншых людзей…
* * *
У духоўнасці – моц, у свядомасці – сіла,
З імі кожны народ – неадольны асілак.
Пазбаўляюць яны ад сляпога нявецтва,
Каб з’ядналіся ўсе, каб жыло Чалавецтва!
Прэс-цэнтр МАА ГА СПБ