У сценах роднай школы

Па запрашэнні педагогаў Рубяжэвіцкай сярэдняй школы, што ў Стаўбцоўскім раёне, 14 лютага наведаў гэты калектыў яе выпускнік 1978 года, член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Сабалеўскі. Мала што змянілася ў сценах гэтай навучальнай установы пасля папярэдняга наведвання два гады таму, з нагоды 150-годдзя (!) з дня заснавання школы, але на гэты раз паэт з Уздзеншчыны быў не адным з шаноўных юбілейных гасцей, а менавіта для сустрэчы з ім сабраліся вучні старэйшых класаў, сябры літаратурна-краязнаўчага аб’яднання “Спадчына”.

“Я ўдзячны лёсу”, па назве адной з кніг творцы, назвалі настаўнікі і вучні гэту сустрэчу. Цікавым было для прысутных знаёмства з дзіцячымі, школьнымі гадамі Віктара Вацлававіча (а гэтаму паспрыялі слайды-фотаздымкі і вершаваныя радкі, зачытаныя настаўніцай Рамуальдай Сабалеўскай, (аднафамільцай паэта), і дзецьмі). І ў школьным альбоме, і ў кнігах прысутнічае нямала твораў, прысвечаных родным мясцінам: і пра вёсачку Марозавічы, у якой нарадзіўся і правёў 17 гадоў, і пра мястэчка Рубяжэвічы з багатай гісторыяй і слаўнымі традыцыямі (асаблівыя адметнасці гэтага населенага пункта: знакамітая траўная аптэка, касцёл пачатку мінулага стагоддзя, на могілках па-за якім пахавана маці Янкі Купалы).

В. Сабалеўскі расказваў пра свае студэнцкія гады, працу ў рэдакцыях стаўбцоўскай і ўздзенскай раённых газет, шматлікія журналісцкія і пісьменніцкія вандроўкі. Падмацоўваў паэт свае ўспаміны вершаванымі радкамі з уласных кніг паэзіі: “Чабаровая паляна”, “Абранніца”, “Пра бабу Маню, дзеда Васіля і іншых”, “Табою я жыву”, “Я ўдзячны лёсу”, шматлікіх калектыўных зборнікаў. Любоў да малой радзімы, вершы патрыятычнага гучання, лірыка кахання, сатыра і гумар, краязнаўчыя нарысы і замалёўкі пра прыроду, пераклады рускіх паэтаў – вось асноўныя тэмы яго творчасці. З удзячнасцю прынялі землякі ў дар дзве апошнія кнігі аўтара: краязнаўчыя нарысы, апавяданні, эсэ пад назвай “Бясцэнны скарб” і “Была нядзеля, і мы дудзелі” (фельетоны, гумарэскі, байкі), што пабачылі свет за апошнія два гады. Звыш дзесяці хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі з рук Віктара Вацлававіча аўтографы з пажаданнямі любіць сваю Радзіму, шанаваць роднае слова, расці дастойнымі грамадзянамі Беларусі.

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.