Малая радзіма пісьменніка

Малая радзіма пісьменніка

У незвычайна прыгожым куточку Беларусі, у этнавёсцы з чароўнай назвай “Белыя Лугі”, што знаходзіцца ў Карэліцкім раёне, 11 чэрвеня адбыўся семінар маладых літаратараў і прыёмнай камісіі ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Невыпадкова пісьменнікі сабраліся разам у такім месцы, дзе творцаў здольна натхніць сама прырода. Кандыдат філалагічных навук, пісьменнік, старшыня прыёмнай камісіі СПБ  Уладзімір Навумовіч, які арганізаваў мерапрыемства, нарадзіўся на Карэліччыне і добра ведае яе самыя адметныя мясціны. Таму і тэму семінар меў адпаведную: “Малая радзіма пісьменніка”. Карэліччына, якая некалі ўваходзіла ў склад Наваградчыны, натхніла на творчы ўзлёт Янку Брыля, Уладзіміра Калесніка, Яна Чачота, Вольгу Іпатаву, Рамана Тармолу, Яна Булгака. Менавіта ў гэтых мясцінах раслі і мацнелі паэтычныя крылы Адама Міцкевіча. Тут усё дыхае гісторыяй, тут б’юць гаючыя крынічкі, загадкава шапочуць паданні свіцязянскія хвалі, напеўна шумяць дубравы. Зямля гэта зараджана моцнай  энергіяй паэзіі Адама Міцкевіча, таму імя геніяльнага паэта і яго сяброў, “філаматаў” і “філарэтаў”,  і іх вершы не раз прагучалі ў час семінара.

Пасля эмацыянальнага выступлення Уладзіміра Навумовіча, прысвечанага этнічнай гісторыі Беларусі і 200-годдзю заснавання “Таварыства філаматаў”, на адкрытай пляцоўцы аднаго з будынкаў этнавёскі адбыўся паэтычны турнір маладых літаратараў. Натхнёна і ўзнёсла прагучалі вершы Кацярыны Стройлавай, Максіма Кішчанкі, Алены Басікірскай, Марыны Міклашэвіч-Наўроцкай і іншых маладых літаратараў. Потым пачаўся майстар-клас членаў прыёмнай камісіі ГА “СПБ”, прадстаўнікоў рэдакцый часопісаў “Полымя”, “Маладосць”, музея М.Багдановіча, краязнаўцаў. Перад прысутнымі выступілі лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі Уладзімір Саламаха, паэт-сатырык Анатоль Зэкаў, дзіцячы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Мікола Чарняўскі, паэт-песеннік, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў намінацыі “Літаратура і мастацтва” Іван Юркін і іншыя. Прыемна было пачуць беларускую песню ў выкананні Людмілы Навумовіч, салісткі хору Белдзяржуніверсітэта “Родніца”.

Пазней адбыўся разгляд твораў маладых літаратараў. Члены прыёмнай камісіі агучылі прапанову прыняць маладых кандыдатаў-удзельнікаў  у ГА “СПБ”, а іх творы рэкамендаваць для публікацыі ў беларускіх выданнях. Закончыўся семінар праглядам кінастужкі з серыі “Зваротны адлік” праекта АНТ  “Ігнат Дамейка. Герой Чылі з-пад Навагрудка”.

Мне было вельмі прыемна прыняць удзел у такім цікавым мерапрыемстве, успомніць пра славутых людзей Карэліччыны, пра якіх пісала ў сваіх кнігах, і пажадаць маладым паэтам, каб іх творчы палёт ніколі не прыпыняўся, і каб крылы натхнення ўзнімалі паэзію да вышыні неба.

Калі дадаць, што ўдзельнікі семінара мелі магчымасць у гэты дзень пабываць на экскурсіі пад назвай “Са сталіцы – у святліцу”  і пазнаёміцца з атмасферай беларускай этнавёскі “Белыя Лугі” (в. Ціневічы), якая знаходзіцца ў акружэнні чароўнай прыроды свіцязянскага краю, прайсціся па старадаўняму бруку, паабедаць у беларускай карчме, то можна лічыць, што семінар, праведзены ў такой незвычайнай форме, удаўся і надоўга запомніцца ўдзельнікам.

Святлана КОШУР

ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.