Маладосць — на старце і фінішуе першай

Гэта той самы выпадак, калі кожны з аўтараў мае пэўную тэматычную скіраванасць, зону зацікаўленасцяў і як вынік — асаблівы почырк.


Так, пачнём з паэтычнага дэбюту гэтага месяца. Марына Дубень — 22-гадовая настаўніца, выпускніца філфака БДУ. Філфак заўжды накладае адбітак на маладзёна, які бярэцца пісаць мастацкія тэксты. Часам гэты адбітак можа мець неадназначную ацэнку: альбо гэта залішняе перайманне стылю вядомага творцы; альбо сентыментальнасць, народжаная шчырай, але праз тое не менш інфантыльнай захопленасцю нашай роднай-мілагучнай; гэтаксама пачатковец часта трапляе ў пастку літаратуршчыны. А як іначай? Начытаўшыся такіх аб’ёмаў класікі і не толькі, трэба ж недзе скарыстаць гэтыя веды… І пачынаюцца цытаванні, спасылкі і алюзіі, за якімі не бачна галоўнага — самога паэта.

Усё гэта пералічвалася дзеля эфекту «ад зваротнага»: Марына Дубень шчасліва пазбегла філфакаўскіх хваробаў. Аднак у яе ёсць іншае захапленне, якое ўплывае на манеру напісання: гэта рок. Можна згадаць Міхала Бараноўскага, які напрыканцы таго года выдаў зборнік «Volume.1», ужо азначаны не абы-якой прэміяй. Паэзія Міхала таксама мае рокавае гучанне, аднак, у адрозненне ад дэбютанткі Марыны Дубень, Міхал Бараноўскі «рокавы» па змесце: грамадзянская тэма сама міжволі нараджае гэтую надрыўную, драматычную інтанацыю.

 У маладосцеўскай паэткі-дэбютанткі пакуль што прыналежнасць да песенна-рокавай культуры выяўляецца фармальна, то бок у выразнай, бойкай рытмізаванасці радка, напеўнасці не ў сэнсе лірычнасці інтанацый, але ў сэнсе лёгкасці, з якой з верша можна зрабіць песню. Насамрэч, нават не чытаўшы кароткую біяграфічную даведку спадарыні Марыны, можна зразумець, адчуць гэтае яе захапленне. Цікава, што тая самая даведка адпачатку пазначае: паэтка пра каханне не піша. Ёсць у гэтым, вядома ж, поза, жаданне аўтара, маладога і, тут трэба падкрэсліць, — дзяўчыны, неяк вылучыцца, ад пачатку сказаць, чым жа яна адрозніваецца ад дзясяткаў іншых. Ці ёсць у гэтай «рысе тэматычнай аседласці» рацыя?.. І так, і не. Наўпроставых вершаў-споведзяў, якія мы так часта бачым у «Маладосці», Марына Дубень не прэзентуе. Аднак лірычных інтанацый, пяшчоты яна не пазбегла. Мне, прынамсі, бачыцца ў гэтым плюс. Застаецца дадаць, што жаданне быць непадобнай дае плён, і сапраўды хацелася б пабачыць надалей новыя творы Марыны Дубень.

Упершыню ў «Маладосці» друкуецца проза Аляксея Карпекі, але не ўпершыню з’яўляюцца яго творы ў друку. Імя яго мусіць быць вядомым чытачам, якія сочаць за поспехамі Школы маладога літаратара, прынамсі, за выніковымі зборнікамі школы. Разгляд апавяданняў Аляксея Карпекі гэтаксама друкаваўся на старонках «ЛіМа».

 Мінулым разам, напрыклад, адзначалася імкненне аўтара быць лаканічным, добрая скупасць стылю. Таксама было заўважна, што, жадаючы перадаць пачуцці свае ці героя, апавядальнік часам усё ж зрываецца то на шматслоўнасць, то на сентыментальнасць, у якой насамрэч нічога заганнага няма, аднак яна дысануе са стылем аповеду менавіта ў Карпекі. Маладосцеўская публікацыя прыкметна розніцца ад той прозы. Тут увогуле няма героя. Дый гэта не апавяданні: нешта сярэдняе між эсэ і замалёўкай з натуры, у цэнтры карціны — горад, Мінск. Вось тут здольнасць тонка адчуваць, прыхаваная за той самай стылістычнай скупасцю, прыдалася вельмі дарэчы. Аўтар сапраўды спазнаў гэты горад. Ён ведае яго, ведае парадны бок Мінска і яго здзічэлыя завулкі завадскіх раёнаў. Атрымаўшы права судзіць горад, празаік адмаўляецца ад гэтага самага права. Пабачыўшы непрыглядны яго бок, Аляксей Карпека палюбіў гэты горад. «Мора Мінска» і «Мінскае Маконда» — цудоўныя ўзоры сучаснай кароткай прозы. Пара дзясяткаў такіх тэкстаў могуць скласці добрую кнігу. Тым больш што Аляксей займаецца яшчэ і фота. Ягоныя небанальныя работы разам з такімі ж тэкстамі дадуць неблагі вынік.

Алесь Емяльянаў-Шыловіч апошнім часам гучыць у літаратурных колах як перакладчык. Сыграўшы на гэтым вобразе, паэт назваў сваю маладосцеўскую падборку вершаў «Мой пераклад». І гэтым разам ён перакладае з мовы інтымных перажыванняў на мову знакаў, сімвалаў, намёкаў. Вершы Алеся пазнавальныя. Як паэт ён, лічы, сцвердзіўся. Аднак мне, па самых суб’ектыўных адчуваннях, усё ж не хапае разняволенасці. Не пакідае ўражанне, што вершы гэтага аўтара — яшчэ не дзіця волі і натхнення, але толькі інструмент дасягнуць жаданае свабоды. Гэтая паэзія хоча быць смелай і шчырай да поўнай аголенасці пачуцця, але атрымліваецца неяк сарамліва. Ты не да канца верыш словам паэта. Зрэшты, усё гэта — толькі ўражанне аднаго чытача.

 І вось тэма, нечаканая ў гэтым нумары, у такім зборы твораў: жыццё ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, праблемы супастаўлення вядомай карцінкі гэтага жыцця і зусім іншай рэальнасці. Недастаткова глыбокае ўспрыняцце таго, што завецца сёння Вялікай Перамогай; самота, непатрэбнасць — усё гэта ёсць у апавяданні «Ветэран» Андрэя Сідарэйкі. Моцны момант аповеду — дурны жарт двух маладзёнаў, якія ўваліліся ў хату ветэрана і абудзілі яго крыкам «немцы ў хаце!». П’яныя дуркаватыя гіцалі, якія прыходзяць у дом свайго ж суседа і патрабуюць грошай ці гарэлкі, — узнікаюць асацыяцыі?.. Мне адразу ж згадаліся падобныя карціны з ваеннай прозы, дзе размова ідзе пра паліцаяў. У адрозненне ад правільнай савецкай прозы на гэтую тэму, сучасны малады аўтар не навешвае ярлыкоў з адназначным знакам «мінус». Асобна разгортваюцца гісторыі гэтых маладых людзей, ёсць спроба не апраўдаць, але зразумець іх. Чаму так сталася?.. Бо насамрэч імі кіруе не злосць, не прага пажывіцца, а нейкая дурная весялосць, адчуванне маладой сілы й беспакараннасці.

Як адлюстраванне гэтай сцэны — блізкі да развязкі момант з помстаю ветэрана: звязаўшы паснулых разбойнікаў, стары наводзіць на іх стрэльбу са словамі «хэндэ хох, рускія ў хаце!».

Гэтыя два люстраныя моманты робяць аповед асаблівым у плыні такіх квазіваенных аповедаў, напісаных маладзёнамі, якія той вайны ў вочы не бачылі. І — дзякаваць Богу.

 Пра жыццяздольнасць паэмы як жанру чарговы раз заяўляе Глеб Ганчароў. Яго паэмы не перастаюць здзіўляць сваёю жывасцю: так, у век кароткай прозы і вольнага верша Ганчароў працягвае пісаць паэмы, якія не выглядаюць рэліктавымі. Яны сапраўды чытэльныя. Найперш — дзякуючы разняволенасці аўтара ў гэтым жанры, адэкватнай змене памеру верша, які прывязаны зазвычай да настрою героя твора, да зменаў абставінаў, у якіх героі знаходзяцца. Гэтым разам Глеб Ганчароў звяртаецца да трагічнай гісторыі кахання Лесі Украінкі. Украінская паэтка выступае цэнтральным персанажам паэмы, шматлікія раздзелы якой — маналогі самой гераіні. Ці ўдалося аўтару паставіць сябе на месца палкай, таленавітай, гераічнай паэткі? Мяркую, што так. І сваю казачную справу працягвае Маргарыта Латышкевіч. «Над Вугерай — дождж» — празаічны твор, звязаны з «Вершнікамі на дарозе», якія, калі вы іх чыталі, мусілі запомніць. Фантастычны свет, які стварае спадарыня Маргарыта, — спрэс беларускі, але выяўляецца гэта не ў плакатных выказваннях пра нацыю. Беларусь жыве ў імёнах, пейзажах, музыцы сказа, слоўцах герояў. Гэтак і мусіць быць у ідэале, як бачыцца мне.

 Што да сумніўных публікацый ці твораў на суд чытача, гэтым разам датычна «Маладосці» мы іх прамінём.


 ***

Выдатнай публікацыяй часопіса «Полымя» за чэрвень адназначна назавём даследаванне Васіля Шура «Рэгіянальнае і нацыянальнае ў анамастыконе жыхароў Мазыршчыны». Гэта толькі назва гучыць застрашліва. Насамрэч, даследаванне чытаецца на раз. Вы сустрэнеце шмат знаёмых прозвішчаў з іх дэшыфроўкай ды паходжаннем. Гісторыя краіны разгортваецца праз гісторыі асобных фамілій (г. зн. сем’яў). І няважна, хто ты, Радзівіл ці Стасенка, — гісторыя абодвух родаў аднолькава старажытная.

 А вось сумніўным падаецца на гэты раз мастацкі складнік нумара. Незразумелая адраснасць урыўка з паэмы Івана Карэнды, змяшаная прасцякаватасць у жыццёвінках Васіля Ткачова, банальныя вершы Таццяны Цвірка… Так, ніхто ў шчырасці аўтараў не сумняецца. Аднак шчырасць — гэта адно, а мастацтва, літаратура — зусім, зусім іншае. Не ведаю, ці зразумеюць гэта калі-небудзь нашыя аўтары, але веры не губляю.

Неадназначна ўспрымаюцца (таму й выносяцца на суд чытача) вершы Мар’яна Дуксы і апавяданне Ніны Рыбік. У першым выпадку пытанні выклікае змест твораў. У другім — зноў жа, адсутнасць новага погляду на стасункі чалавека з лёсам. Наконт прадвызначанасці і чалавечага выбару напісана багата. А новага нічога не сказана.


***

Выдатнай публікацыяй завяршыла цыкл пра знакавых пісьменніц Зінаіда Краснеўская. Шэраг тэкстаў пад назвай «Пантэон жаночых сэрцаў» друкаваўся ў «Нёмане» цягам года. Апошні тэкст прысвечаны малавядомай Барбары Пім. І вось што цудоўна: разглядаючы творчасць і жыццё аднае аўтаркі, Краснеўская адначасна ўздымае пытанні, якія не маюць межаў у часе ці геаграфіі. Гэтым разам — што ўвогуле з’яўляецца чыннікам знакавасці пісьменніка? Каго і чаму мы ставім на такога кшталту п’едэстал? Пытанні, вядома, застаюцца адкрытымі. Але гэта не прычына не задаваць іх надалей.

Сумніўнымі выглядаюць вершы пра каханне ў вуснах не самых маладых вершаскладальнікаў. Гэтым разам у іх шэрагі сталі Мікола Шабовіч і Валер Максімовіч. Зразумейце правільна: вядома, не існуе абмежаванняў у тэмах для нейкіх узростаў. Любові скараюцца ўсе і г.д. Справа не ў тым, пра што. Справа ў тым, як. Яны наўрад ці дадаюць красы нашай літаратуры ў сэнсе формы, вобраза, адкрыццяў.

На суд чытача пакінем апавяданне Станіслава Падліпскага «Як стаць вялікім мастаком». У ім — здаровая іронія, задзірлівасць юнака, але не стае яшчэ стылістычнай вытрыманасці, што выдае пачаткоўскую няўпэўненасць і сумневы ў сабе. Чаго тут болей — няхай вырашаць чытачы «Нёмана».

Наста ГРЫШЧУК

“ЛіМ”