Літаратурны марафон “СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ”. Зінаіда ГАСЦІЛОВІЧ
Share the post "Літаратурны марафон “СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ”. Зінаіда ГАСЦІЛОВІЧ"
Зінаіда ГАСЦІЛОВІЧ
* * *
Раскажы мне пра вайну, салдат…
Прыпыніся, салдат, прыпыніся на хвілінку:
раскажы мне пра вайну тую – апошнюю,
выпрабавальную, святую.
Мне пашчсціла нарадзіцца потым,
але я ўсёй сваёй істотай
адчуваю напал
страшэннага ваеннага ліхалецця,
і таму
недзе на генетычным узроўні
мне, як і табе,
хочацца засланіць сабой планету –
ведай аб гэтым.
І помні.
І яшчэ запомні,
як я ў маленстве пасадзіла ў зямлю
(каб вырасла шмат)
кавалачак цукру,
які лічыўся вялікай раскошай
у пасляваенным галодным дзяцінстве.
Таму я хачу быць з табой
у цесным адзінстве.
Я пастараюся. Мне здаецца, я змагу,
бо я вучуся на тваім подзвігу,
на тваёй самаадданасці,
на тваім гераізме.
Раскажы мне пра вайну, салдат…
Мне яна сніцца начамі:
парываюся ісці ў атаку першай,
але ты
не дазваляеш зрабіць гэта –
бо ты ўжо зрабіў гэта.
Ты здзейсніў подзвіг,
які немагчыма параўнаць ні з чым,
які нават уявіць нельга,
які можа быць апетым
толькі паэтам.
Раскажы мне пра вайну, салдат…
Шкада, што ты не чуеш,
як весела смяюцца
твае ўнукі і праўнукі;
не бачыш,
якой стала планета –
планета твайго выратавання.
А можа
чуеш?
Бачыш?
Адчуваеш?
І з глыбіні Вечнасці
не дазваляеш ёй
узарвацца ізноў,
ствараеш магчымае і немагчымае,
каб вечным быў на Зямлі
дзіцячы смех
і пільны, калі спатрэбіцца,
позірк салдата,
які стаіць
на варце
выратаванай табою
Цывілізацыі.