Літаратурны марафон “СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ”. Валянціна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ

Валянціна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ

* * *
Як ударылі грамы громкія,
Бліскавічныя над старонкаю –
Ой, як выстаяць?!
Ды паўстаў народ
За зямлю і род
Супраць ворага ненавіснага.
Бушавала навальніца
Больш за тры гадочкі,
Пакінула навальніца
Чорныя слядочкі…
Хаты мірныя палалі
(Слёзы й сёння душаць) –
З дымам у неба ўзляталі
І дзіцяткаў душы…
Поле роднае ўзрыхлялі
Бомбы ды снарады…
Засявалі…засявалі
Ўсё свінцовым градам…

І слязамі палівалі
Сірат, удоў і маці,
Родных, што павыпраўлялі,
Скуль… ці прычакаці?..
Бушавала навальніца
Больш за тры гадочкі,
Пакінула навальніца
Горкія слядочкі…
Малацілі танкі ніву,
Ды ўсё не снапочкі…
За край мірны і шчаслівы
Ішлі ў бой сыночкі.
І пагналі ўсе змея-ворага,
Як матулечка, каму дорага
Родная зямля.
Каб пасля дамоў
Усіх, хто выжыў, вёў
Пераможны шлях.
Бушавала навальніца
Больш за тры гадочкі…
І сягоння не забыцца
Пра яе слядочкі.
Колькі згінула герояў
У той навальніцы…
Памяці іх светлай сёння
Трэба пакланіцца.
Каб, што будуць пакаленні,
Зналі: у бітве ратнай
Не пасталі на калені
Прадзеды-салдаты.

І заціхлі ўсе грамы громкія,
Бліскавічныя над старонкаю –
Змаглі выстаяць!
Бо ўвесь стаў народ
За зямлю і род
Супраць ворага ненавіснага.
Сонца яснае, песні звонкія
Над радзімаю над старонкаю.
Мы – шчаслівыя!
У чысціні нябёс
На шчаслівы лёс
Звоніць жаўранак пералівамі.