Літаратурны марафон “СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ”. Галіна НІЧЫПАРОВІЧ

 

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ

Памяць партызана
Многа год з той ваеннай пары,
Толькі памяць і сёння баліць.
Партызанскія сцежкі ў бары
Ветэран кожнай ночкаю сніць.
Толькі там ён зусім малады
Вёў нябачнаю сцежкай атрад.
У балотах – па пояс вады:
Не зрабілі ні кроку назад.
Семдзесят пятай мірнай вясне
Узарвецца у небе салют.
А салдат – ён ваюе і ў сне,
Удыхаючы горыч пакут.
Праз гады, з той ваеннай пары
(Толькі памяць і сёння баліць)
На спатканне прыходзяць сябры
ў яго снах… А маглі б яны жыць.

Мацярынскае сэрца
                          Балада
Свіст куль. Звярыная навала.
Разрывы, нібы бліскавіца.
Адчайна маці прыціскала
Дзіця. Маленькаму не спіцца.
Яно да хрыпаты крычала,
Прасіла ежы і цяпла.
Той плач матуля сунімала,
Ды толькі што яна магла?!
Дрыгва, губляецца сцяжынка.
Калючы позірк як… загад:
− Накінь на твар яму хусцінку,
Інакш загубіш наш атрад!
Ці пад кустом пакінь малое…
– Кругом фашысты, там іх цьма.
Не ў сілах, не зраблю такое,
Радней мне за яго няма.
Мацней дзіцятка прыціскае
І робіць толькі крок убок.
Іх багна прагна праглынае
Пад стогн: «Даруй, даруй, сынок!»
У час не той на свет з’явіўся,
Для нас тут абарваўся шлях.
…Атрад прайшоў, не прыпыніўся.
Быў сведкам боль, адчай і жах.

Была вайна…

Была вайна…
Пакуты, слёзы, страты…
І кожны трэці
Не прыйшоў дахаты.
Была вайна…
Мы знаем з успамінаў
Дзядоў, бацькоў,
Хто ў той вайне не згінуў,
Аб тых страшэнных днях –
Там смерць касіла.
Па сыне маці галасіла,
Бо на стале
Ляжала “пахаронка”,
А за акном
Спявалі птушкі звонка.
Вясна будзіла
Клейкія лісточкі.
Не дачакаўся хтосьці
Сына, дочкі,
І ўдовы маладыя гаравалі:
Недалюбілі, недацалавалі.
Была вайна…
Плыве набат Хатыні.
Была вайна…
І кроў у жылах стыне.

Разрушенное счастье
                  правдивая история
Время кружит тот свадебный вальс –
Лейтенант приглашает невесту.
Торжествует любовь в этот час –
Дальше в горе и в радости вместе…
Счастье в доме, бушует весна.
Ожидает семейство ребёнка…
Слёзы, горе – чужая война,
И разлука в молчании долгом.
Ждёт от мужа известий она,
Но торопится дней вереница.
Плачет тихо в подушку. Одна.
Дождалась. Вот письмо. На страницу.
Расплываются строчки-слова –
Горький стон, как у раненой птицы.
Как темно, и болит голова…
Может, это всего лишь ей снится?
За казённой бумагою – смерть.
В цинке – счастье. Сырая могила.
Ей бы в пору самой умереть…
Но сыночек. Дай, Господи, силу.
Вдовьи слёзы афганской войны
В колыбель льются горестной песней:
«Спи, сыночек, с тобой мы одни.
Папа твой никогда не воскреснет».
Сын растёт без отца столько лет.
И похож на любимого с детства.
Вёсны… зимы… его уже нет.
От тоски разрывается сердце.
Не вернуть всех отцов, сыновей –
Облик их далеко, за туманом.
Кружит память друзей – суховей,
Что остался в ущельях Афгана.
Я схілю галаву…

Я схілю галаву
Перад кожным салдатам,
Хто ў баях за Айчыну
Страху смерці не знаў.
Я схілю галаву
І між будняў і святаў,
Бо за наша жыццё
Кроў салдат праліваў.
На акопах вайны
Падняліся бярозы,
Зелянее трава
І рамонкі цвітуць.
Я схілю галаву,
Хай жа высахнуць слёзы,
Бо ў нашчадкаў у сэрцах
Яны ўсе жывуць.

Фотаздымак
Фотаздымак таты
Я ў руках трымаю
І трохкутнік,
Што дасланы быў з вайны;
На стале – медалі,
Іх перабіраю
Ў гэты цёплы ранак
Мірнае вясны.
І гучыць акордам
Голас татаў звонкі.
Памятаю песні,
Што любіў спяваць,
Ды абсяг шырокі
Горкіх успамінаў
Незагойнай ранай
Зноў кладзе пячаць.
Запісы ў блакноце
Татавай рукою
Зроблены ў акопах
Пад гарматаў гул.
У хвіліны тыя
Там была з табою
У малітвах мама,
Берагла ад куль.
Фотаздымак таты
Грэе мне далоні –
Усмешлівыя вочы,
Бравы, малады…
Мне цяпер завея
Адбяліла скроні,
Твой наказ бацькоўскі
Помню праз гады.