Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць». Таццяна ЦВІРКА

Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць»

Таццяна ЦВІРКА

.
У КУПАЛЬСКУЮ НОЧ
.
Смяецца поўня зубам пазалочаным,
Кладзецца на начлег пад вербай дзень –
Суцішаны, натруджаны, находжаны.
А змрок за руку ноч ужо вядзе.
Стракочуць конікі на лузе разнаколерным,
У купал-стог склікаючы сяброў.
Крынічка калыханку задаволена
Спявае для тутэйшых жыхароў.
Зрывае ноч гарлачыкі пахучыя,
Ступае басанож, каб не спужаць
Купальскіх зор. Бо сёння ім даручана
За кветкай шчасця пільна цікаваць.
.
ВЕРШ-РЭВЕРС
(від верша, які чытаецца злева направа і справа налева, пакідаючы сэнс нязменным)
.
Горад марыць спакойна паспаць.
Вочы-зоры самотна мігцяць.
Сорак! Ліўся агністы паток.
Ноч чакае дажджу глыток.
Хворы месяц кульгае босы,
Сэрцы сыплюць модлы нябёсам.
Шторы вокны міла цалуюць.
Кілагерцы лета пульсуюць.
.
Пульсуюць лета кілагерцы.
Цалуюць міла вокны шторы.
Нябёсам модлы сыплюць сэрцы.
Босы кульгае месяц хворы.
Глыток дажджу чакае ноч.
Паток агністы ліўся. Сорак!
Мігцяць-самотна зоры-вочы.
Паспаць спакойна марыць горад.
.
СМАК ЛІПЕНЯ
.
Каменьчык, цюкнуўшы у шыбу,
Даў знак – сустрэчу святкаваць.
Нясмела ты мяне паклікаў
Па кроплі ліпень смакаваць.
Збіралі зёлак пах ля рэчкі,
З рамонкаў мералі вянкі.
І елі спелыя парэчкі–
О, што за цуда смак такі!
Пасля бязглуздай нашай спрэчкі
Ад крыўды слёз мне не стрымаць…
Якія кіслыя парэчкі!
Ну проста нельга ў рот узяць.
.
***
.
Водар ліпеня. Вечар ліпавы
Зоры-зернейкі высееў густа.
Мы з табою пад ліпамі і на “Вы”…
Пальцы ў пальцах сціскаем да хрусту.
Водар ліпаў сплыў. Вечар жнівеньскі
Зоры-зернейкі высееў густа.
Ах, які гэта месяц быў! Ах, які!
Без цябе так самотна, так пуста…
.
 
Пресс-служба МАА СПБ