Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць». Таццяна КАЛЕНІК

Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць». 

Таццяна КАЛЕНІК

Чаму кацянят становіцца меней?
Ці бачылі вы, 
як жнівеньскія яблыкі 
свецяць цяжарным зоркам?
…Таму і хіляцца голлем да самай зямлі
яблыні,
трымаюць вагу наліўных ліхтароў,
пакуль шукаюць прытулак пад іхнымі шатамі
зорныя прыхадні.

Ці чулі вы,
як падаюць зоркі ў ваш сад?
Як, адарваўшыся ад галінак,
стомлена падаюць побач
іх пуцяводныя агеньчыкі ‒ яблыкі?
Аб чым жа шэпчуцца яны
падчас вокамгненнага спаткання,
ці чулі вы?
Ці бачылі...
як нараджаюцца зорныя немаўляты?
Як дагарае маці-звязда?
Як на плач асірацелых нованароджаных
спяшаюцца спагадлівыя коткі?

…Не спыняецца жыццё нябесных дзетак
пад кашлатымі чэравамі тутэйшых матуль!
Галубяць яны малых
цёплымі языкамі,
падсілкоўваюць моцай зямных таямніц
і не ведаюць,
што зноў і зноў
расквечваюць сувоі
міжпланетнага бязмежжа
зорным ззяннем,
што запальваюць і запальваюць
ураджай духмяных ліхтароў у вашым садзе.
Багіні жыцця…

Як спыніць ім цябе, чалавек,
каб незнарок, у пагоні за прыгажосцю ўласнага існавання,
не спыніў ты
бясконцы кругаварот жыцця?

Мастак Таццяна КАЛЕНІК

ПРЭС-СЛУЖБА МАА СПБ