Літаратурны марафон “Па кроплі лета смакаваць”. Таццяна ЦВІРКА
Літаратурны марафон “Па кроплі лета смакаваць”
Таццяна ЦВІРКА
.
–
–
–
–
–
–
–
–
–
У КУПАЛЬСКУЮ НОЧ
.
Смяецца поўня зубам пазалочаным,
Кладзецца на начлег пад вербай дзень –
Суцішаны, натруджаны, находжаны.
А змрок за руку ноч ужо вядзе.
Стракочуць конікі на лузе разнаколерным,
У купал-стог склікаючы сяброў.
Крынічка калыханку задаволена
Спявае для тутэйшых жыхароў.
Зрывае ноч гарлачыкі пахучыя,
Ступае басанож, каб не спужаць
Купальскіх зор. Бо сёння ім даручана
За кветкай шчасця пільна цікаваць.
.
ВЕРШ-РЭВЕРС
–
(від верша, які чытаецца злева направа
і справа налева, пакідаючы сэнс нязменным)
–
Горад марыць спакойна паспаць.
Вочы-зоры самотна мігцяць.
Сорак! Ліўся агністы паток.
Ноч чакае дажджу глыток.
Хворы месяц кульгае босы,
Сэрцы сыплюць модлы нябёсам.
Шторы вокны міла цалуюць.
Кілагерцы лета пульсуюць.
Пульсуюць лета кілагерцы.
Цалуюць міла вокны шторы.
Нябёсам модлы сыплюць сэрцы.
Босы кульгае месяц хворы.
Глыток дажджу чакае ноч.
Паток агністы ліўся. Сорак!
Мігцяць-самотна зоры-вочы.
Паспаць спакойна марыць горад.
СМАК ЛІПЕНЯ
–
Каменьчык, цюкнуўшы у шыбу,
Даў знак – сустрэчу святкаваць.
Нясмела ты мяне паклікаў
Па кроплі ліпень смакаваць.
Збіралі зёлак пах ля рэчкі,
З рамонкаў мералі вянкі.
І елі спелыя парэчкі–
О, што за цуда смак такі!
Пасля бязглуздай нашай спрэчкі
Ад крыўды слёз мне не стрымаць…
Якія кіслыя парэчкі!
Ну проста нельга ў рот узяць.
.
***
.
Водар ліпеня. Вечар ліпавы
Зоры-зернейкі высееў густа.
Мы з табою пад ліпамі і на “Вы”…
Пальцы ў пальцах сціскаем да хрусту.
Водар ліпаў сплыў. Вечар жнівеньскі
Зоры-зернейкі высееў густа.
Ах, які гэта месяц быў! Ах, які!
Без цябе так самотна, так пуста…
.
Пресс-служба МАА СПБ