“Літаратурнае падарожжа” па Лагойскай зямлі

“Літаратурнае падарожжа” па Лагойскай зямлі

Да Года Малой Радзімы было прымеркавана “Літаратурнае падарожжа” па Лагойскай зямлі. У складз творчага дэсанта ўвайшлі пісьменнікі, супрацоўнікі бібліятэк і аматары высокага паэтычнага слова. Па запрашэнню Янушкавічскай сельскай бібліятэкі адбылася сустрэча з чытачамі. Вядомы пісьменнік Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Васіль Шырко ўзгадаў, што падчас яго працы на тэлебачанні недалёка ад гэтай мясцовасці здымаўся фільм пра вялікага песняра — Янку Купалу.

Па словах Васіля Аляксандравіча, гэта была цікавая адказная праца, але і не абыходзілася без кур’ёзаў. Паэт Леанід Багдановіч, для якога Лагойская зямля стала невычэрпнай крыніцай натхнення, прадставіў некалькі патрыятычных вершаў. Леанід Уладзіміравіч амаль два дзесятка гадоў назад змяніў сталічнае жыццё на райскі куточак Лагойшчыны. Пісьменнік Уладзімір Тулінаў звярнуў увагу слухачоў на сваю кнігу “Гвардзейцы Гіппакрата”. Паэтэса Вольга Сакалова, аздобіўшы выступ фотаздымкамі з выявамі родных сэрцу мясцін, прачытала вершы пра сваю родную вёсачку на Гомельшчыне Азарычы. Лідзія Шагойка ўзгадала знакамітыя імёны паэтаў Лагойшчыны і роднай ей Магілёўшчыны. Загадчык сталічнай бібліятэкі №7 Людміла Яўгенаўна Каляда падзяліся цікавымі напрацоўкамі і ўзгадала сумесныя літаратурныя праекты з Мінскім гарадскім аддзяленем СПБ “Паэтычны аўторак”, “Літаратурныя сезоны”.

На пачатку выступа паэтэса Святлана Быкава звярнулася да роднага Заслаўя, а пасля звярнулася да адвечнай тэмы кахання. Вядучая і арганізатар “Літаратурнага падарожжа” паэтэса Іна Фралова прызналася, што мясціны, дзе прайшло маленства, менавіта для яе – гэта пачатак усяго, “пачатак неба”. Узгадала літаратурную падзею на свёй роднай Вілейшчыне – фэст ”Светлае слова”, адкрыццё сумеснай выставы з фотамастаком Віктарам Суглобам у Вілейскім Эстэтычным цэнтры, бібліятэцы імя Ганны Новік, Ільянскай школе.

На завяршэнне  чытачы бібліятэкі атрымалі ў падарунак акрамя “свежых” кніжак выступоўцаў яшчэ і навінкі сучасных аўтараў, якія падрыхтавалі Мінскае гарадское і абласное аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сярод іх былі кнігі Міхася Пазнякова, Віктара Шніпа, Міколы Шабовіча.

Далей курс “Літаратурнага падарожжа” ляжаў праз Лагойск, дзе творчая дэлегацыя наведала персанальную выставу Сяргея Давідовіча – пісьменніка, мастака і ганаровага жыхара Лагойска і Мінскай вобласці.

Зразумелыя кожнаму тэмы і героі работ Сяргея Фёдаравіча кранулі сэрцы гасцей і, як вынік, у знак удзячнасці ў сценах галерыі нарадзілася невялікая паэтычная імпрэза. З дапамогай Сяргея Фёдаравіча госці наведалі месца, дзе размяшчалася сядзіба Ядзвігіна Ш. Высокая гара, якую яшчэ маляваў Язэп Драздовіч, волат-дуб, пад якім маглі праходзіць сустрэчы з пачынаючым паэтам Янкам Купалам, сарамлівая крынічка і пасаджаная гаспадаром ліповая алея –  усё гэта захоўвала дух таго часу. Дарэчы, вёска Карпілаўка, якая прымыкае да знакавага месца, Радзіма Сяргея Давідовіча. Да бацькоўскай хаты творца прыбудаваў майстэрню, якая шырокарасплюшчанымі вачамі-вокнамі глядзіць у свет.

Ганна СТАРАДУБ

Саюз пісьменнікаў Беларусі

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.