«Купалінцы» – 25 год!

«Купалінцы» – 25 год!

Падтрымка літаратурна адоранай моладзі – вялікая і пачэсная справа Мінскага раённага аб’яднання «Купалінка». Яно дзейнічае з 1993 года пры аддзеле адукацыі Мінскага райвыканкама.

16-га мая г.г. у ДУА «Сеніцкая сярэдняя школа імя Янкі Купалы» адбылося мерапрыемства, прысвечанае 25-гадоваму юбілею «Купалінкі». Сапраўднае свята юных літаратараў Мінскага раёна распачала куратар літаб’яднання Антаніна Уладзіміраўна Рагіла – метадыст Мінскага раённага аддзела адукацыі. Пасля віншавання з гэтай датай членаў і гасцей літаратурнага аб’яднання яна ўручыла дыпломы пераможцам раённага конкурсу на лепшую старонку сайта літаратурных суполак сярэдніх навучальных устаноў раёна.

Сярод ганаровых гасцей быў Мікола Чарняўскі – адзін з заснавальнікаў «Купалінкі». Ён прыняў удзел ва ўзнагароджанні пераможцаў конкурсу аматарскіх літаратурных выданняў творчых работ юных паэтаў і празаікаў, якіх было прадстаўлена 27. На спецыяльным стэндзе стаялі цікава аформленыя альманахі, усе яны былі аздоблены фотаздымкамі або ілюстрацыямі. Узнагароды атрымалі:

Дыплом І ступені – літаратурна-творчае аб’яднанне “Ізяслаўцы” Заслаўскай гімназіі;

Дыплом ІІ ступені падзялілі паміж сабой літаратурна-творчае аб’яднанне “Купалінка” Чурылавіцкай сярэдняй школы і літаратурна-творчае аб’яднанне “Спадчына” Ратамскай сярэдняй школы;

Дыплом ІІІ ступені атрымалі літаратурна-творчае аб’яднанне “Слова” Сеніцкай сярэдняй школы і літаратурна-творчае аб’яднанне Бараўлянскай СШ.

Пасля ўручэння ўзнагарод Мікола Чарняўскі ўзгадаў, як стваралася літаратурная суполка, як праходзілі першыя яе пасяджэнні, а ў заключэнне прачытаў прысутным некалькі сваіх вершаў і выказаў упэўненасць, што век у “Купалінкі” будзе доўгі і яна дапаможа знайсці сябе і развіць свае здольнасці яшчэ шмат каму з юнакоў і дзяўчат.

Вясной гэтага года ў мэтах падтрымкі выдання кнігі “Дзеці за мір” грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” ў Мінскім раёне праводзіўся раённы этап Рэспубліканскага паэтычнага конкурсу “Шчасце – жыць у мірнай краіне!”. На яго было прадстаўлена 40 работ з 32-х устаноў адукацыі Мінскага раёна.

Пераможцаў гэтага конкурсу ўзнагародзіла старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Святлана Быкава. Самымі лепшымі былі вершы Варанцовай Аліны (Навасельская СШ, дыплом І ступені), Храмцова Уладзіслава (Заслаўская сярэдняя школа №1, дыплом ІІ ступені), Гапуцінай Яны (Заслаўская гімназія) і Яўгена Савінцава (вучня Шчомысліцкай СШ) – дыпломы ІІІ ступені.

Пасля ўзнагароджання юных літаратараў раёна старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» ўручыла ўзнагроды самым актыўным кіраўнікам літаратурных суполак навучальных устаноў Мінскага раёна – тым, хто і сёння ўносіць значны ўклад у развіццё творчага патэнцыялу вучнёўскай моладзі. Граматы і падзякі ад пісьменніцкай арганізацыі Міншчыны атрымалі метадыст Мінскага раённага аддзела адукацыі Рагіла Антаніна Уладзіміраўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Заслаўскай гімназіі Даманава Валянціна Аляксандраўна, педагог Ждановіцкай сярэдняй школы, член ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Кацярына Хадасевіч-Лісавая, настаўніца беларускай мовы і літаратуры названай установы Чэшун Рэгіна Генадзьеўна і настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Азярцоўская сярэдняя школа” Багдановіч Людміла Віктараўна.

Напрыканцы свайго выступлення Святлана Быкава яшчэ раз павіншавала ўсіх прысутных са святам і выказала ўпэўненасць, што тыя, хто прайшоў школу “Купалінкі”, назаўсёды далучацца да яе вялікасці Паэзіі. Безумоўна, не ўсе “купалаўцы” стануць  літаратарамі, але закладзены ў іх сэрцы творчы запал будзе дапамагаць ім у любой прафесіі, зробіць яе творчай, а чалавека –  духоўна багатым.

На юбілейным канцэрце выступілі выхаванцы дзіцячых творчых калектываў школ Мінскага раёна. Яны спявалі, танцавалі, а ўдзельнікі літаратурнага конкурсу “Шчасце – жыць у мірнай краіне!” прачыталі са сцэны свае вершы. На ўстаноўленым у зале экране прысутныя маглі ўбачыць будзённае жыццё шматлікіх літаратурных суполак школ Мінскага раёна, а Ждановіцкая сярэдняя школа прадэманстравала два мультыплікацыйныя фільмы, перакладзеныя на беларускую мову і агучаныя вучнямі школы.

Цікавым было выступленне былой выхаванкі “Купалінкі” Ганны Ільясавай, якая сёння працуе вядучым бібліятэкарам ДУ “Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь”.  З цеплынёй і словамі ўдзячнасці яна звярнулася да стваральнікаў “Купалінкі” і ўсіх тых, хто дапамог асабіста ёй удасканаліць творчыя здольнасці. Яна нагадала пра цікавыя акалічнасці і здарэнні, якія адбываліся шмат год таму ў час пасяджэнняў раённай літаратурнай суполкі.

Падчас юбілейнага свята прагучала шмат віншаванняў, пажаданняў, адрасаваных  настаўнікам і удзельнікам “Купалінкі”. Ім зычылі  новых цікавых творчых праектаў, творчага росту і плёну.

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.