Кацярына Хадасевіч-Лісавая
Хадасевіч-Лісавая Кацярына Станіславаўна нарадзілася 24 красавіка 1979 года ў аграгарадку Ждановічы Мінскага раёна. Скончыла 9 класаў Ждановіцкай сярэдняй школы, Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж (1994 – 1998), Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (1999 – 2004). З 1998 года працуе настаўніцай ДУА “Ждановіцкая сярэдняя школа”.
Першыя творы з’явіліся ў 10-гадовым ўзросце. Дэбютавала ў друку ў 1996 годзе ў часопісе «Першацвет». Працуе пераважна ў галіне дзіцячай літаратуры, але ёсць творы і для дарослых. У творах Кацярыны часта сустракаюцца касмічныя сюжэты.
Друкавалася ў часопісах «Вясёлка», «Бярозка», «Качели», «Маладосць», «Нёман», «Родная прырода», газетах «Літаратура і мастацтва», «Мінская праўда», «Настаўніцкая газета», «Прысталічча» і інш. Творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой выходзілі ў калектыўных зборніках.
Аўтар кніг «Падарожжы ў Чароўны Лес» (2008), «Касмічная адысея хлопчыка Стасіка» (2012), «Казкі Сіняй падушкі» (2013), «Казкі сівой даўніны» (2014), «Код геніяльнасці» (2014), «Казкі чараўніцы Зімы» (2015), «Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка» (2016), «Таямніца незвычайнай школы» (2018), «Вухуцiк. Васiльвася» (2019), «Нявеста для Кветкавага караля» (2019), «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці» (2019), «Знаёмцеся — #Падабай.к@!» (2020), «Зорка нябесная. Зорка зямная» (2020), «Казкі Кветкавай феі» (2020), «Палёт на Вухуцію» (2020), «Загадка прынцэсы Агнэсы» (2021), «Прыгоды лісачкі Красуні» (2021), «Таямніца зачараванага балота» (2021), «Сакрэты аднаго каралеўства» (2022), «Гаспадыня Ліловага цмока. Помста Змрочнага птаха» (2022), «Вухуцік і яго таямніца» (2022), «Па чырвоных стрэлках…» (2023), «Малюй-вандруй!» (2023), «Новыя прыгоды лісачкі Красуні» (2023), «Падарунак караля» (2024), «Вухуцік і Дзіва» (2024)
Лаўрэат Мінскай абласной прэміі ў галіне літаратуры ў намінацыі “Дзіцячая і падлеткавая літаратура” (2015) і Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2020).