Іван Муравейка
Муравейка Іван Андрэевіч нарадзіўся 21 кастрычніка 1921 г. у вёсцы Таль Любанскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Любанскую сярэднюю школу і паступіў у Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі (1939). У канцы 1939 года быў прызваны ў Чырвоную Армію. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Заходнім, Данскім, 3-м Украінскім і 1-м Беларускім франтах. Быў паранены.
У 1945 – 1947 гадах у складзе Цэнтральнай групы войск служыў у Германіі. У 1947 годзе дэмабілізаваны. У 1948 – 1952 гадах працаваў адказным сакратаром і рэдактарам любанскай раённай газеты «Кліч Радзімы». Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1964), працаваў адказным сакратаром любанскай раённай газеты «Будаўнік камунізму». Дэбютаваў у друку ў 1936 годзе (газета «Піянер Беларусі»).
Аўтар зборнікаў паэзіі для дзяцей «Песня над палямі» (1955), «Ручаінкі» (1956), «Вось якія мы» (1958), «Пра работу і ляноту» (1960), «Дружная сямейка» (1961), «Сняжынкі-смяшынкі» (1962), «Сем колераў вясёлкі» (1965), «Лясное возера» (1970), «Мы таксама падрасцём» (1971), «Дуб і дубок» (1977), «Няхай сонца не заходзіць» (вершы, паэмы, казкі, 1981), «Я прыдумаў казку» (1985), «Вадзіца з крыніцы» (2006), «Растуць дзеці» (2011), «Як завуць казу?» (2016), “Званочкі ў блакіце” (2016) і інш. У сааўтарстве з А. Андруховічам выдаў кнігу «На зямлі камунараў» (1979). Тэме вайны прысвечаны такія зборнікі вершаў, нарысаў, успамінаў як «Прынёс з вайны» (1991), «Была вайна» (2009), «Я — Іван з Беларусі» (2010, 2014).
Узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны I-й (двойчы) і II-й ступені, Ордэнам Чырвонай Зоркі, Медалём Ф. Скарыны (2002). Заслужаны работнік культуры БССР (1982), лаўрэат літаратурнай прэміі «Залаты Купідон».
Памёр 5 сакавіка 2021 года.