Генадзь Аўласенка

Аўласенка Генадзь Пятровіч нарадзіўся 16 жніўня 1955 года ў вёсцы Ліпавец Ушацкага раёна. Скончыў біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам на Мінскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі “Натальеўск”, у ПТВ-80 будаўнікоў (г. Чэрвень) і амаль дваццаць гадоў настаўнікам хіміі і біялогіі ў Вайнілавіцкай школе Чэрвеньскага раёна.

Літаратурную дзейнасць пачаў у трыццацігадовым узросце. Спачатку гэта былі рускамоўныя вершы, якія друкаваліся ў рэспубліканскай перыёдыцы. Частка з іх увайшла ў калектыўны паэтычны зборнік “Первая встреча”, які выйшаў у “Мастацкай літаратуры” ў 1989 годзе.

У сярэдзіне дзевяностых звярнуўся да драматургіі. Пьесы  ставіліся лаўрэатамі першых рэспубліканскіх конкурсаў беларускай драматургіі, друкаваліся ў часопісе “Тэатральная творчасць”, у калектыўных зборніках. У Саюз пісьменнікаў Беларусі Аўласенка Г.П. быў прыняты менавіта як драматург.      Зараз творчыя гарызонты Аўласенка Г.П. значна пашырыліся.

Сёння ён піша прозу – раманы, апавяданні, казкі; гумарыстычныя пародыі, вершы.  Таксама рознабаковы ў жанрах. Апошнім часам шмат піша для дзяцей, школьнікаў сярэдняга школьнага ўзросту і падлеткаў. Казкі аўтара увайшлі ў калектыўныя зборнікі “Чароўныя пацеркі” і “Вежа міру”, якія выйшлі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”  адпаведна ў 2006 і 2007 гадах. Цікавым быў і праект “Чырвоная кніга ў казках і вершах” (“Літаратура і Мастацтва”, 2007). У 2011 годзе Генадзь Аўласенка выдаў своеасаблівы падручнік для пачынаючых паэтаў пад назвай “Азы вершаскладання”. Увесь час пісьменнік актыўна супрацоўнічае з перыядычнымі выданнямі для дзяцей.

У 2009 годзе аўтар выдае раман і дзве аповесці ў кнізе “Дзікія кошкі Барсума”, якія папаўняюць серыю “Бібліятэкі сучаснай беларускай фантастычнай і прыгодніцкай прозы” Саюза пісьменнікаў Беларусі.  Праз некалькі год у выдавецтве “Беларусь” з’яўляецца яшчэ адзін твор у гэтым жа жанры  – фантастычны раман “Пещера”, на рускай мове.  Творы разлічаны на аўдыторыю падлеткаў.

Аўласенка Г.П. прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах, што праводзіць Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, выступае ў школах раёна.