Шумяць яго дубровы…

004-300x188

Пайшоў з жыцця на 93-м годзе Васіль Рыгоравіч Гурскі. Старэйшына ў пісьменніцкай грамадзе Міншчыны. Старэйшына ў нашым творчым саюзе. Гэта здарылася 10 мая. На другі дзень пасля 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Развітваючыся з пісьменнікам, нельга не ўзгадаць, што быў ён чалавекам руплівым, рашучым, невыпадкова сама постаць, сама жыццёвая і творчая біяграфія натхніла яго маладзейшага таварыша Дзмітрыя Вінаградава на стварэнне дакументальнай кнігі пра Васіля Рыгоравіча. Ёсць у той кнізе розныя старонкі. Шмат — і пра драматычныя моманты жыцця, пра неспакойны характар чалавека з выразнай грамадзянскай, сацыяльнай пазіцыяй. Такімі, пэўна, з’яўляюцца і ўсе сапраўдныя, баявыя, смелыя партызаны і франтавікі. Такім быў і Васіль Гурскі — кавалер двух ордэнаў і шматлікіх медалёў.

Аўтар амаль трыццаці кніг, дзе ў большасці твораў — пранізлівы, шчыры аповед пра Вялікую Айчынную. Пісьменнік уважліва ўглядаўся ў сучаснае жыццё. Таму і цягнуліся да яго калегі па пісьменніцкай грамадзе Уздзеншчыны, таму любілі бываць у яго вясковай хаце. «Ля вытокаў Нёмана», «Хмары над Міншчынай», «Пушчы і дубровы славай шумяць» — гэтыя кнігі неаднойчы прыцягвалі ўвагу крытыкаў, гэтыя кнігі з таго арсенала бібліятэк, які знаходзіць сваіх чытачоў. І спадзяёмся, што будзе знаходзіць надалей. У творах Васіля Гурскага — боль і пачуцці чалавека, які любіць сваю Радзіму, які дзеля яе красы і славы не шкадаваў жыцця, не хаваўся за чужымі спінамі.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Саюз пісьменнікаў Беларусі, Мінскае абласное аддзяленне СПБ смуткуюць з прычыны смерці пісьменніка Васіля Рыгоравіча ГУРСКАГА і выказваюць шчырыя спачуванні яго родным і блізкім.

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/05/19-2015.pdf