Ф.Гурыновіч. Роднасць

Поры года Гурыновіча

Пачынаеш чытаць паэму Фёдара Гурыновіча «Роднасць» — яе асобнай кнігай выпусціла выдавецтва «Кнігазбор» — і апаноўвае прадчуванне свята. Не так і важна, што Новы год наступіў ужо колькі месяцаў таму. Не гэтак істотна і тое, што турботныя будні моцна бяруць цябе ў абдымкі. Свята — з табой.

…А ўсё ж бываюць цуды на зямлі!

Мігцелі ёлкі весела ў квадратах

Аконных рам. І галасы гулі,

І хлопаўкі ў дварах чуваць былі,

І снег пайшоў за некалькі хвілін

Да бою навагодняга курантаў.

Фёдару Гурыновічу ўдаецца дакладна схапіць чароўныя імгненні. Хочацца жыць, знаходзіцца ў свеце непаўторнасці і свежасці, які створаны талентам паэта, але, разам з тым, узяты з самой рэальнасці. Так, у творы нічога не прыдумана, а прысвячэнне «Памяці дарагіх мамы і таты» яшчэ больш запэўнівае ў сапраўднасці. Аўтар удала скампанаваў твор: паэма складаецца са свайго роду дванаццаці паэм, па колькасці месяцаў. Ёсць яшчэ важная адметнасць: задума паэмы нарадзілася не ў звычайную навагоднюю ноч, а ў тую, калі адбываўся пераход у новае тысячагоддзе, у ноч змены эпох. Тым самым у Ф. Гурыновіча з’явілася магчымасць, асэнсоўваючы пэўны кавалак уласнага жыцця, у нечым падвесці рысу і над усім мінулым стагоддзем.

Праўда, усё, нават найбольш важнае і істотнае з таго, што адбывалася ў гэты час з беларускім народам, паэт ахапіць не збіраўся, хоць пры жаданні мог увесці ў сюжэтную канву многія падзеі, лёсавызначальныя для краіны. Перад ім, як відаць са зместу, стаяла іншая задача: праз уласны лёс асэнсаваць жыццё пасляваеннага пакалення. У паэме праўдзіва адлюстраванае жыццё вёскі тых часоў, калі ўтрыманскае стаўленне да зямлі прывяло да яе дэградацыі, а чалавек-працаўнік ператварыўся ў чалавека-спажыўца. Хоць нельга не падкрэсліць і іншае: на першым плане ўсё ж жыццё самога лірычнага героя, яго маленства і юнацтва.

Паэма «Роднасць» — быццам побыт душы літаратурнага героя. Нішто, звязнае з традыцыйным вясковым укладам, не праходзіць міма позірку паэта: ад сялянскай работы да хатніх спраў і адпачынку. Чытачы родам з вёскі пазнаюць сваё — блізкае і знаёмае. Толькі ў адным ім не параўнацца з аўтарам паэмы: у ягоным захапленні паляваннем і веданні яго сакрэтаў! Гэтыя старонкі пранізаныя асаблівым настроем, свежыя, як снег, на які не паспела ступіць нага чалавека, і чыстыя, як паветра, настоенае на пахах лесу і ворыва.

Прыродай Ф. Гурыновіч не проста захапляецца — жыве ёю, адчуваючы сябе часцінкай таго, з чаго і складаецца сама вечнасць.

А ранак, ранак выдаўся які!

Сказаць цудоўны, казачны, харошы!..

Хоць слоўнікаў дзясяткі перакінь,

Не падбярэш эпітатаў такіх,

З чым параўнаць яго.

Я ўзвёў куркі

І, бы малітву, выдыхнуў: «Па-ро-ша!»

Праўда, атрымліваецца пэўная нестыкоўка. Лірычны герой захапляецца прыродай і разам з тым не прамінае магчымасці «ўзвесці куркі».

Дарэчы, і сам Гурыновіч не абыходзіць гэты момант. Прама гаворыць пра тое, што і самому нярэдка не дае спакою: «… часам і сябе не разумею: / Два чалавекі розныя ўва мне / Жывуць: адзін і муху не кране, / Дыханнем пчолку адагрэе ў жмені… / Другі з двухстволкай ходзіць тым не меней, / Страляе па дзічыне й ні маргне». Гэта таксама выклікае павагу да паэта: не хібіць, не імкнецца падацца лепшым.

Толькі ў «Роднасці», вядома, важныя не столькі прыватныя моманты, колькі высокае паэтычнае майстэрства, з якім напісаны твор. Фёдар Гурыновіч не шукае той ці іншы непаўторны вобраз, а жыве ім. Трапляюцца параўнанні настолькі натуральныя, што здзіўляешся, як гэта табе самому раней у галаву не прыйшло менавіта такое ўспрыняцце малюнка. Вобразы набываюць важкі сэнс, спрацоўваючы на ажыццяўленне аўтарскай задумы: расказваючы пра пэўны месяц, узнавіць народны побыт, звязаны з гэтай парой года.

Напрошваецца параўнанне з вядомымі «Чатырма порамі года» Крысціёнаса Данелайціса. З той толькі розніцай, што вядомы літоўскі паэт адлюстраваў працу, побыт, народныя звычаі, цудоўную прыроду Літвы, а Фёдар Гурыновіч — з няменшым паэтычным майстэрствам — расказаў пра жыццё беларусаў.

Не магу не правесці яшчэ адну літаратурную паралель — з «Вандроўным шчасцем» Кастуся Кірэенкі. Свайму празаічнаму твору аўтар даў жанравае вызначэнне «рыбацкая паэма». Калі прытрымлівацца падобнага падыходу, дык у Ф. Гурыновіча атрымалася «паляўнічая паэма», споўненая самім паветрам Беларусі, сагрэтая цяплом Бацькаўшчыны.

Безумоўна, «Роднасць» Фёдара Гурыновіча — адзін з найбольш значных паэтычных набыткаў у беларускай літаратуры апошніх гадоў.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

ЛіМ-11, 2016