К.Цыбульскі. МАМА, МАМАЧКА, МАТУЛЯ

МАМА, МАМАЧКА, МАТУЛЯ

С МАМОЙ-1988Недалёк ад прыгожага і ўтульнага горада Маладзечна ёсць невялічкі хутарок Забалоцце, у далёкім мінулым маёмасць польскага пана Гайковіча. Хутарок шчыльна прыціснула да векавога лесу  балота. Край некранутай дзівоснай прыроды з казачным птушыным і жывёльным светам стаў для майго дзеда Касцюка Мікіты Осіпавіча з вёскі Баяры і чатырох яго родных братоў Радзімай. Хоць і дабірацца да “цывілізацыі” людзям прыходзілася праз топкую, непралазную грэблю. Яшчэ ў Вялікую Айчынную вайну праз гэту грэблю ішлі на ворага нашы войскі і тапіліся ў багне танкі і гарматы.

Тут раслі і растуць векавыя волаты-дубы, ля якіх біла вірлівая, гаманкая, са сцюдзёнай, дзівосна смачнай вадой крынічка-неўгамонка. Тут стаіць бацькоўскі зруб, дзе нарадзілася мая родная матуля – Зоя Мікітаўна. Тут нарадзіўся і я.

Не сатруцца з памяці матуліны песні ля майго дзіцячага ложка, а часам і малітвы. Не развеецца дзівосны пах яе смачных, румяных караваяў з рускай печы, водар каўбас, кумпякой і паляндвіц у кладоўцы.

Ранак у нашай хаце быў дзіўным святам. Матуля распальвала печ. Хата напаўнялася пахкім водарам дранікаў і неверагодна смачнай мачанкай з запечанай каўбасой і шкваркамі ў чорнай ад сажы патэльні. Я са старэйшай сястрой Зінай займалі пачэснае месца на канапе за сталом. Бацька з маці садзіліся насупраць.

Нібы з рога – на стале было ўсяго многа. Квашаная капуста і марынованыя грыбы, смятана з тварагом ад сваёй кароўкі Зоркі, нарэзаная паляндвіца з кумпяком. У фарфоравай місачцы заўсёды былі налітыя варэнне з суніц, агрэсту і духмяны мёд да гарбаты на лясных травах. А на ўскрайку стала гучала радыё “Івалга”, адкуль даносіліся зухаватыя песні маладых “Песняроў”…

Пасля снедання мы з сястрой прыбіралі хату. Матуля ў пакоі раскладвала на падлозе авечую воўну і рабіла валёнкі. Рабіла так ладна і спраўна, што чарга жадаючых набыць лёгкія, прыгожыя, як з карцінкі валёнкі, у яе была на месяц уперад.

Калісьці ў дзяцінстве яе бабуля-суседка навучыла гэтаму старажытнаму рамяству, і мала-памалу матуля авалодала сакрэтамі немудрагелістай, але вельмі цяжкай працы. Унесла свае ноу-хау і стала вядомай майстрыхай на ўсю Мінскую вобласць. Нават мяне маленькага яна навучыла роўненька раскладваць воўну, прыкладваць форму, абкручваць яе вельмі далікатка, апускаць у ваду, кіпяціць на пліце гадзіну. Затым заганяць у мокрыя, бясформенныя валёнкі драўляныя правілы і біць драўлянай качалкай да той пары, пакуль валёнкі не прымуць патрэбную форму…

Я нават  зрабіў такі абутак свайму любімаму рыжаму кату, які хадзіў па хаце ў новых валёнках, а мы з сястрой трымаліся за жываты ад смеху…

Я С МАМОЙ-01Доўгія гады маці плённа працавала ў меліярацыі. Яе абавязкам было абкошваць безліч канаў на месцы асушанага векавога балота, ачышчаць ад ціны руслы, высякаць лазу па берагах. Мяне малога яна заўсёды брала з сабою, давала ў рукі невялічкую касу ці сякерку, і я стараўся не адставаць ад матулі. І так да поздняй восені. Мужчынская непасільная праца ўвайшла ў маё юначае жыццё. Бо наш бацька, залатых рук майстар, здрадзіў сям’і і пайшоў да чужой мамы з двума дзецьмі. Назаўсёды выкрасліў родных дзяцей са свайго жыцця. Доўга на душы ў мяне было крыўдна, балюча і горка…

Неўзабаве ва ўладанне матулінай “гаспадаркі” перейшла рака Уша. Усё лета на веласіпедах мы з ёй ехалі чатыры кіламетры на працу, касілі аксамітную траву, сушылі яе, скідалі ў копы. Пасля я запрагаў свайго коніка Жука, і бухматы воз паволі сунуўся да хаты…

Такіх вазоў за сенакос патрэбна было з добры дзясятак, бо ў хляве стаялі две каровы, конь, каля двадцаці авечак.

Зараз я здзіўляюся, як мая дарагая матулька паспявала ўсё даводзіць да ладу: сеяць у час агарод, паліць у печы, гатаваць смачную ежу, даіць кароў, выганяць іх у поле з самага ранку, карміць свіней, а самае галоўнае, выхоўваць нас з сястрой Зінай. А яшчэ біць валёнкі ўсю зіму пры керасінавай лямпе.

Сорамна прызнацца, але і я яшчэ заканчваў школу пры лямпе, бо самадур і гарлапан старшыня калгаса імя Гастэла Мажуць, наадрэз адмовіўся праводзіць святло на наш хутар. Вялікая адлегласць ад “цывілізацыі” нашага маленькага хутарка вельмі пужала закаранелага партакрата. І нядзіўна. Бо мне і маім сябрам  прыходзілася мераць тры кіламетры да Насілаўскай школы. А пасля два гады – да Лебедзеўскай.

Затое да матулі заўсёды прыходзілі шчырыя і гаваркія суседзі. Да пазна гулялі ў лато, даміно, шашкі. Гучалі песні, цікавыя аповяды пра даўніну і жыццёвыя прыгоды. Часам гучаў акардыён майго дзядзькі Грышы, пад які я засынаў, заслухаўшыся. Як прыемна зараз успамінаць тых працавітых, мужных, сумленных людзей, якія жылі па суседстве: Маркоўскіх, Бярозаў, Свянціцкіх, Зімодраў, Свірыда, Чарнэцкіх, Каранкевічаў…

Я С МАМОЙАдпеў, адсвістаў разлівістымі салаўямі няспынны час. Я адслужыў у войску у далёкіх украінскіх Карпатах з пяшчотай і спадзяванем у сэрцы ад цёплых, матуліных пісем. Адвучыўся на філфаку БДУ, амаль кожныя выхадныя наведваючы маю дарагую матулю. Больш двадцаці гадоў прайшощ цярністымі міліцэйскімі дарогамі, даслужыўшыся да падпалкоўніка. Толькі кожны час, кожную хвіліну я думаў пра родную і мілую жанчыну, якая дала мне жыццё, пасяліла спагаду і дабрату ў сэрцы, веру ў душы, навучыла быць чалавекам. І вось ужо колькі год, як яе душа на нябёсах, але не-не – ды і прыходзіць у снах яе добры, прыгожы твар, пяшчотны, ласкавы голас. І ў гэты неспакойны час на душы становіцца лёгка і светла, як ад першага снегу. Зноў і зноў рука цягнецца да паперы, каб прысвяціць ёй самыя цёплыя радкі сваіх вершаў і песень…

Я  ПРЫЙДУ  НА  ЗАРЫ…

Я прыйду на зары

Нечакана i цiха.

Падымуся на ганак,

Пагрукаю ў дзверы…

Ты апесцiш мяне,

Як буслятак буслiха,

Ты прытулiш мяне

У чаканнi бязмерным.

Я прыйду на зары,

Калi конi на лузе

У расяныя ўзоры

Сплятаюць сляды…

Калi зноў заклякоча

Разбуджаны бусел,

Калi выдыхне комiн

Аладкавы дым.

Я прыйду на зары,

I зайду не у хату –

Падымуся ў маленства,

У песнi твае…

Ты спячы каравай,

Як калiсьцi на свята,

Бо ў жыццi маiм смаку яго

Не стае…

КАЛЫХАНКА

Непамерна далёка,

Ў вечаровых заранках,

Засыпалася лёгка

Пад тваю калыханку.

Вечарова заснулi

Над зямлёю заранкi.

Спiць мой цiхi сынуля

Пад тваю калыханку.

  

 ЦЯПЛО МАТУЛIНЫХ  ВАЧЭЙ

Ты нясеш у вяках

Мае крыўды і гора.

На старэнькіх плячах,

На збалелых руках.

Ты са мною у снах

Да світанку гаворыш,

І у садзе гарыць

На каліне вясна.

Ля святога кастра саграваюся я,

Ля цяпельца вачэй, часціні і дабра.

Ля святога кастра дрэмле памяць мая,

Сагравае душу ля святога кастра.

І закружыцца снег,

На юначыя сцежкі,

Дзе ішлі басанож

І журба, і любоў.

Толькi грэе мяне

Любай маці усмешка,

І у садзе касцёр

Разгараецца зноў.

  

ДАРОГА   ДА  МАЦI

Спазняемся вечна да роднае мацi,

Дзе цёпла ад печы, дзе светла у хаце.

Дзе водар мядовы сунiчнага ранку,

Дзе помнiць калыска яе калыханку.

Па роснай сенажацi,

Па сцежцы напрамкi.

Вяртаемся да мацi,

Як з выраю шпакi.

Спяшаемся да хаты

З дарог і бальшакоў.

Нiбыта птушаняты

Пад матчына крыло.

 

Дарогi, вакзалы, чужыя гатэлi,

Ды соладка спiцца у роднай пасцелi.

Ад шумных кварталаў, ад тлуму сталiцы,

Спяшайцеся, дзецi, да мацi ў святлiцу,

Спяшайцеся, дзецi, дай Бог не спазнiцца…

  

БЕЛАРУСI  МАТУЛЯ

(Гімн беларускім матулям)

Ты жала у полi,

Дзяцей гадавала,

Пра лепшую долю

Прыгожа спявала.

І верыла ў шчасце,

Што ходзiць па свеце,

А дзетак забрала

Вайны лiхалецце.

Беларусi  матуля,

Бог цярпеннем цябе надзялiў.

Беларусi матуля,

Прыгажэй не знайсцi на зямлi.

Беларусi матуля,

Ты кахання зямнога працяг,

Ты святая Мадонна,

Што трымае дзiця на руках.

 

На фронце была ты,

Сястрой ў медсанбаце,

І кулi і бомбы

Ляцелi у мацi.

Даўно зацягнула

Акопы і раны,

Ды гора прыйшло

Пахаванкай з Афгана.

Накрыты у свята

Сталы рушнiкамi,

І пахне у хаце

Вясной і блiнамi.

Матулiны песнi,

Як сонца над краем.

Тваю калыханку

Я сыну спяваю.

 

НЕ СТАЛО МАМЫ НА ЗЕМЛЕ…

У дома красная калина,

И белый снег ещё белей.

А дом пустой встречает сына –

Не стало мамы на земле…

В моей душе теплится память,

Как уголёк в печной золе.

А в сердце болью бьётся пламя –

Не стало мамы на земле…

В доме старая икона,

От болезней, зла, беды.

Помогает нам сегодня,

Где за нас молилась ты.

В доме старая икона,

С ней – надеюсь, с ней – люблю.

За детей своих сегодня

Я Всевышнего молю…

Портретик твой под черной лентой,

Четыре розы на столе.

Свеча горит, но мало света –

Не стало мамы на земле…

Январский вечер красит окна,

Ты в них смотрела столько лет.

Теперь они в молчанье скорбном –

Не стало мамы на земле…

Адзін каментарый

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.

  • Аркадзь Жураўлёў, Ссылка

    Так, Кастусь, мама — самае дарагое, што ёсць у нас. І няхай удзячная сыноўняя памяць заўжды моцна трымае кожную рысу, кожнае слоўка дарагога чалавека! Ва ўсялякім разе яно навечна ў маім сэрцы. Аркадзь Жураўлёў.