Дом нацыянальных літаратур першымі “заселяць” перакладчыкі
У Мінску адбылася прэзентацыя Дома нацыянальных літаратур, створанага летам гэтага года пры Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве.
– Гэта сустрэча чаканая тым, – расказвае першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, – што беларускія літаратары змаглі пазнаёміцца з прадстаўнічай камандай вядомага Літінстытута, вучыцца дзе, без перабольшвання, марылі пісьменнікі ва ўсе часы. Як вядома, Літінстытут быў створаны ў 1933 годзе па ініцыятыве М. Горкага, а сувязь з месцам, дзе навучальная ўстанова знаходзіцца і зараз – На Твярскім бульвары ў Маскве – трымалі яшчэ значна раней многія знакамітасці.
Літінінстытут і зараз утрымлівае статус прэстыжнага ВНУ і час ад часу ў яго паступаюць прадстаўнікі Беларусі. “Але гэта зусім не той маштаб супрацоўніцтва, які можа паслужыць на карысць беларускай, і не толькі, літаратуры”, – упэўнены рэктар інстытута Аляксей Варламаў.
Год назад на паседжанні савета па культуры і мастацтву пры Прэзідэнце Уладзіміры Пуціне ён выказаў прапанову аб стварэнні Дома нацыянальных літаратур. Прэзідэнт РФ падтрымаў гэту ініцыятыву.
“Такім чынам быў выдзелены будынак у цэнтры Масквы паблізу з беларускім пасольствам”, – такую прыемную навіну паведаміў у Саюзе пісьменнікаў Беларусі Аляксей Варламаў. Там будуць праходзіць сустрэчы пісьменнікаў розных краін, фестывалі, прэзентацыі, майстар-класы.
З першай прэзентацыяй Дома нацыянальных літаратур масквічы ехалі менавіта ў Беларусь, добра ведаючы пра ранейшыя цесныя стасункі нашых літаратараў.Яны начуты таксама пра тое, што і зараз беларускія літаратары трымаюць сувязі з калегамі з многіх краін. Яркае сведчанне таму – дзейнасць партала “Сугучча” Выдавецкага дома “Звязда”, пераклады з розных моў на беларускую ў літаратурных выданнях Беларусі, выхад кніг замежных аўтараў.
З боку гасцей было вялікае жаданне пачуць беларускую мову. У Літінстытуце плануюць адкрыць беларускую групу, якая будзе займацца мастацкім перакладам – яшчэ пра такі неардынарны крок з боку інстытута паведаміў рэктар ВНУ Аляксей Варламаў.
На жаль, колькасць маладых спецыялістаў, якія ведаюць мовы народаў Расіі і славянскія мовы, вельмі мала. Дарэчы, у савецкія часы, беларуская група перакладчыкаў інстытутам выпускалася. “У нас захавалася ўся метадычная база па гэтаму накірунку. І зараз яна найлепшым чынам можа паслужыць падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў”, – запэўніла прадстаўнік кафедры перакладаў Марыя Зоркая.
Прадстаўнікі Літінстытута упэўнены, што ўдзельнікі гэтага праекта, якія пакажуць высокія вынікі, атрымаюць падтрымку Рассупрацоўніцтва.
У хуткім часе Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Літінстытутам будзе аб’яўлены конкурс, па выніках якога стануць вядомы імёны тых, хто паедзе ў Маскву вучыцца перакладчыцкай дзейнасці.
Марыя ЛІПЕНЬ