Вялікаму караблю – вялікае плаванне!

Новы год, Нараджэнне Хрыстова… Гэтыя святы заўсёды прыносяць людзям аднаўленне, надзею, надаюць новыя сілы, спрыяюць раскрыццю духоўнага патэнцыяла. Менавіта ў гэтыя дні года будуюцца новыя планы, закладваецца падмурак будучых спраў і дасягненняў.

Для горада Заслаўя год пачаўся са стварэння новай культурнай пляцоўкі: пры гарадской бібліятэцы пачала працаваць Заслаўская літаратурна-музычная гасцёўня. Першая сустрэча паэтаў, бардаў і прыхільнікаў паэтычнага слова і музыкі адбылася на пачатку студзеня 2018 года. Падтрымаць добрае пачынанне заслаўчан прыехалі сталічныя пісьменнікі: паэтэса Іна Фралова і вядомы празаік Сяргей Трахімёнак.

Мерапрыемства пачала Святлана Быкава – старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, якая з’явілася ініцыятарам і арганізатарам творчай імпрэзы. Пасля прывітання і віншавання з надыходзячым святам, яна перадала слова гасцям.

Таленавітая паэтэса Іна Фралова распавяла пра сваю творчасць, падзялілася ўражаннем аб мінулым Свяце паэзіі і песні, што праходзіць у горадзе Маладзечна, на якое яна была запрошана ў складзе творчай дэлегацыі. Узгадала юбілей вялікага песняра Янкі Купалы і прачытала некалькі вершаў, якія гучалі на святочным мерапрыемстве ў Вязынцы. Адказала на пытанні слухачоў і прачытала вершы Валянціны Паліканінай, Міхася Пазнякова і Мікалая Пераяслава ў сваім перакладзе. А таксама падарыла для чытачоў горада Заслаўя свой паэтычны зборнік “Белы бераг”, які перадала загадчыку бібліятэкі Салаўёвай Жанне Сямёнаўне.

Пасля паэтэса прадставіла і перадала слова другому госцю са сталічнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі – Сяргею Трахімёнку. Ён прапанаваў аўдыторыі анонс некалькіх сваіх кніг, якія выйшлі апошнім часам у выдавецтвах Расіі і Беларусі і, каб падтрымаць святочны настрой, зрабіў слухачам музычны падарунак. Першай Сяргей Аляксандравіч выканаў песню на словы Іны Фраловай “Светлае слова”. У верасні мінулага года гэта песня ўпершыню прагучала на адкрыцці Вілейскага раённага фестываля музыкі і паэзіі, а пасля стала і гімнам гэтага мерапрыемства. Пасля прагучалі песні на словы Мікалая Шыпілава і Віктара Верстакова. Падчас свайго выступлення Сяргей Трахімёнак, пісьменнік, творы якога па рэйтынгу бібліятэк уваходзяць у кола самых папулярных аўтараў Беларусі, пакарыў слухачоў сваёй сціпласцю. Да спадобы ўдзельнікам першай літаратурнай гасцёўні прыйшліся таксама і пачуццё гумару Сяргея Аляксандравіча.

Утульная чытальная зала бібліятэкі прыняла і зацікаўленых чытачоў, і выступоўцаў з горада Заслаўя: мясцовыя паэты і барды таксама прыйшлі, каб паслухаць сталічных гасцей, а таксама паказаць сябе, свае творчыя здольнасці. Святлана Быкава дала слова заслаўчаніну Анатолю Шкоду, які прачытаў шэраг сваіх вершаў і расказаў пра творчыя планы.

У зале прысутнічаў і Валерый Вітальевіч Бародзіч, стаматолаг па спецыяльнасці, які таксама піша вершы. Прыйшлі на творчую імпрэзу і юныя заслаўскія паэты – Кацярына Валовіч і Здор Варвара. Яны з’яўляюцца ўдзельнікамі дзіцячага літаратурнага клуба “Ізяслаўцы”, які два гады таму ў Заслаўскай гімназіі заснавала Святлана Анатольеўна Быкава. Прачытаўшы адзін са сваіх вершаў, Варвара таксама парадавала прысутных сваімі паэтычнымі здольнасцямі.

 

Пасля паэтычнай часткі вечарыны творчая ініцыятыва зноў былы перададзена барду – заслаўчаніну Максіму Гершанкову. Зноў паліліся чаруючыя гітарныя пераборы. Усе слухачы былі прыемна ўражаны глыбокім сэнсам тэкстаў песень Максіма і высокім узроўнем іх выканання. Трэба адзначыць, што апошнім часам гэты малады чалавек стаў пісаць песні на роднай беларускай мове, з некаторымі з іх ён і пазнаёміў слухачоў. Калі Максім Гершанкоў скончыў свё выступленне, прысутныя шчыра пажадалі яму далейшых творчых поспехаў, натхнення  і новых песень.

Трэба сказаць, што слухачы былі вельмі зацікаўленымі і актыўнымі: кожнаму выступоўцу яны задавалі пытанні. Прысутных цікавіла, што натхняе творчых людзей, калі і як да іх прыходзіць жаданне пісаць вершы і песні, калі яны знаходзяць час, каб займацца гэтым, і шмат іншых акалічнасцей творчага працэсу.

…Усё мае свой пачатак і канец…Скончылася і першая Заслаўская літаратурна-музычная вечарына. Напрыканцы Святлана Быкава падзякавала гасцей і слухачоў за ўдзел у творчай сустрэчы і звярнулася да іх з просьбай дапамагчы падабраць для гасцёўні добрую, прыгожую назву, бо як кажуць: “як назавеш карабель, так ён і паплыве”.

Хай жа гэты цудоўны“карабель” чакае доўгае, прыгожае плаванне па хвалях паэзіі і музыкі!

 

     Прэс-Цэнтр МАА ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.