Кніжныя вынікі 2017 года

Кніжныя вынікі года, як правіла, падводзяць складаннем рэйтынгаў, аднак крытэрыяў можа быць безліч: паводле значнасці, папулярнасці, арыгінальнасці, грунтоўнасці… У кожнага эксперта (ці гэта выданне, ці гэта чалавек) — спісы кшатлту «Кнігі года» розныя. Бо ўсё гэта, папраўдзе кажучы, справа густу. Таму паспрабуем сёлета вызначыць не асноўныя літаратурна-мастацкія выданні, але асноўныя літаратурныя тэндэнцыі кніжнага 2017-га.

Вяртанне назад як рух наперад

Год, што прайшоў пад знакам Францыска Скарыны, прынёс багата плёну не толькі ў навуковай сферы. Кніга перастварэнняў Алеся Разанава прадмоў Францыска Скарыны да надрукаваных ім кніг «Бібліі» «Маем найбольшае самі» («Мастацкая літаратура») не проста данесла да нас праз стагоддзі голас першадрукара, але і стала своеасаблівым адкрыццём новых магчымых шляхоў развіцця мастацкай літаратуры ў сучаснасці. Алесь Разанаў, які шмат разоў выступаў як вынаходнік паэтычных жанраў, урэшце прыйшоў і да перастварэння як спосабу адаптаваць 500-гадовы тэкст да ўспрымання чалавека ХХІ стагоддзя. Відаць, дзякуючы таму, што «Скарына адгукаецца», паводле прызнання самога паэта, кніга перастварэнняў стала ў нейкім сэнсе і цалкам самастойным мастацкім тэкстам. На такім узроўні развіцця літаратуры, калі, здаецца, ніводнага новага слова ўжо немагчыма сказаць наваствораным тэкстам, шлях, якім пайшоў Алесь Разанаў, бачыцца сапраўды плённым.

Сімвалічна, што ў гэты ж Скарынаўскі год, калі так многа гаворкі вядзецца пра гісторыю беларускай кнігі, выйшла і найгрунтоўнейшая манаграфія Ларысы Доўнар «Кніжная справа ў Мінску (канец XVIII — пачатак XX стагоддзя)» (БДУКМ, нягледзячы на тое, што годам выдання пазначаны 2015, да чытацкай аўдыторыі кніга выйшла на пачатку 2017-га). Больш як тры тысячы мінскіх выданняў, у тым ліку 600 не ўлічаных раней беларускімі бібліёграфамі, дазваляюць не толькі ў больш поўным аб’ёме даследаваць гісторыю беларускага кнігавыдання, але і ацаніць гэты працэс крыху з іншага гледзішча. Шматгадовая даследчыцкая праца ў фондах бібліятэк, музеяў і архіваў Беларусі, Літвы, Расіі і Польшчы, прывяла Ларысу Доўнар да шэрагу высноў, якія могуць падацца нечаканымі тым, хто прызвычаіўся за смугой стагоддзяў бачыць Мінск як губернскую правінцыю. Не праз рамантызацыю мінулага, але праз факталагічную канкрэтыку аўтар манаграфіі стварае разгорнутую карціну не толькі кнігавыдавецкага працэсу і функцыянавання кніжнага рынку, але і своеасаблівы партрэт гараджан (якія выданні выпісвалі, спансавалі, якія культурніцкія праекты падтрымлівалі, якім мовам аддавалі перавагу пры выбары літаратуры і г.д.).

Добра, што грунтоўны даледчыцкі плён не застаўся адно ў межах манаграфіі, якая распаўсюдзіцца ў асноўным па навуковых залах універсітэцкіх і рэспубліканскіх бібліятэк, і выйшаў на старонкі літаратурна-мастацкага выдання, разлічанага на больш шырокае кола чытачоў. У багата праілюстраванай кнізе з неарыгінальнай сёння назвай «500 гадоў беларускага кнігадрукавання» («Мастацкая літаратура», укладальнікі Алесь Бадак і Віктар Шніп) сабраныя навуковыя артыкулы Ларысы Доўнар, эсэ гісторыкаў літаратуры і літаратуразнаўцаў, вершы класікаў і сучасных паэтаў, прысвечаныя тэме кнігадрукавання.

Сёння актуальным робіцца шлях не толькі паглыбленага даследавання, але і пераасэнсавання нацыянальнай спадчыны ў пазітыўным рэчышчы: кінуць нарэшце «вечны плач аб старонцы» і натхняць сучаснікаў усведамленнем уласнай годнасці. У гэтым кантэксце згаданыя кнігі надзвычай каштоўныя. Маем грунт пад нагамі, маем багата шляхоў у будучыню, «маем найбольшае самі».

Пазітыўная класіка

Ці не таму вялікі розгалас атрымалі сёлета і выданні літаратурнай спадчыны класікаў? Уладзімір Дубоўка, Алесь Дудар, Барыс Мікуліч…

Найбольш размоў было, бадай, пра Уладзіміра Дубоўку — самага яркага паэта 1920-х, аднаго са стваральнікаў, натхняльнікаў і ідэолагаў «Узвышша». І ён — легенда, і пра яго легендаў існуе не менш. Аднак пры гэтым для таго, каб пазнаёміцца з творчасцю паэта ў найбольш поўным аб’ёме, даводзілася звяртацца да часопісаў і газет 1920—1930-х гг. Рабіць гэта, вядома, будзе не кожны. Таму двухтомнік Дубоўкі, што пабачыў свет сёлета ў выдавецтве «Лімарыус» (серыя «Галасы Айчыны»), бясспрэчна, стаў знакавай з’явай у літаратурным жыцці. На сёння гэта самае поўнае выданне: вершы, паэмы, проза, артыкулы, лісты, пераклады. Праца ўкладальніка Дзмітрыя Давідоўскага, а таксама складальніка каментарыяў Віктара Жыбуля і аўтара прадмовы Ірыны Багдановіч заслугоўвае найвышэйшай адзнакі. (Праўда, калі імкнуцца да дасканаласці, то варта адзначыць, што мог атрымацца і трохтамовік.)

Цікава, што адначасова са зборам твораў славутага паэта выйшла і дакументальная кніга Ганны Севярынец «Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго», у якой сабраныя ўспаміны, лісты, дакументы, датычныя жыцця і творчасці Дубоўкі. Такім чынам, атрымаўся надзвычай цікавы дуэт. Мэтай укладальніцы было стварыць аб’ектыўны расповед пра жыццёвы шлях пісьменніка. Аднак сказаць, што Ганна Севярынец нарэшце развеяла самыя распаўсюджаныя міфы, усё-ткі нельга. Хутчэй, дадала яшчэ некалькі. Можа, гэта і не ёсць заганай. Як бы мы ні імкнуліся сёння прайсціся дарогамі ўлюбёнага аўтара, патрапіць след у след усё адно не здолеем. Жыццё паэта — паэма, метафара, алегорыя. Хай жывуць міфы і легенды, галоўнае, каб заставалася цікавасць.

Вельмі важным і няпростым быў праект па ажыццяўленні выданняў твораў Барыса Мікуліча. «Залатыя мары» аматараў і сваякоў пісьменніка нарэшце здзейсніліся, прычым — двойчы. Бабруйская бібліятэка № 4, якая носіць імя славутага земляка, не толькі стала ініцыятарам першых Мікулічаўскіх чытанняў (на ўзор Узвышаўскіх, што ладзіць штогод Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва), але і знайшла магчымасць для выдання двухтамовага збору твораў пісьменніка, шэраг з якіх друкуецца ўпершыню. Напрыканцы года выйшла кніга твораў Барыса Мікуліча «Мае залатыя мары» і ў «Мастацкай літаратуры». Працягвае тэму чарговы пятнаццаты том серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры», які сабраў лепшыя ўзоры паэзіі міжваеннага перыяду: Андрэй Александровіч, Змітрок Астапенка, Міхась Багун, Зінаіда Бандарына, Наталля Вішнеўская, Анатоль Вольны, Цішка Гартны, Міхась Чарот, Сяргей Дарожны, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Юлі Таўбін, Уладзімір Хадыка і іншыя.

Адна з заўважных тэндэнцый асэнсавання класічнай літаратурнай спадчыны — зрабіць яе захапляльна цікавай, і калі дзеля гэтага давядзецца крыху адступіць ад гістарычнай праўды, гісторыя гэта перажыве, а сучаснасці — адно на карысць. Менавіта таму пры складанні рознага кшталту анталогій мяняюцца акцэнты: перавага аддаецца не тым творам, што звыкла гучаць апошнімі гадамі альбо вандруюць па старонках школьных падручнікаў. Пераадолець інерцыю грунтоўнасці патрыятычна-грамадскага пасылу на карысць вытанчанай лірыкі альбо смелай вобразнасці для нас, беларускіх літаратараў, справа няпростая. Аднак сёння выглядае на тое, што толькі такім шляхам — шляхам прыгажосці — можна ўрэшце зламаць стэрэатып пра беларускую літаратуру першай паловы ХХ стагоддзя як пра прыземлена-побытавую, сялянскую…

Нарэшце маем сучасную энцыклапедыю для дзяцей «Янка Купала» («Беларуская энцыклапедыя»), якая на многіх старонках… не зусім сучасная. Выдатна, што ёсць цікавыя разнастайныя ілюстрацыі, падрабязныя тлумачэнні незнаёмых сённяшняму сямігадоваму беларусу слоў і рэалій, вершы самога Купалы і яго партрэты, зробленыя ў розны час майстрамі жывапісу. Аднак падбор тэкстаў і назвы тэматычных раздзелаў, што адсылаюць нас наўпрост у сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя, відавочна, варта было пераасэнсаваць.

Разам з тым, назіраючы шквал эмоцый вакол абмеркавання постаці Уладзіміра Дубоўкі (ужо не толькі творчасці і дачыненняў з іншымі пісьменнікамі, але і — рысаў характару, акалічнасцяў прыватнага жыцця і інш.), адчуваеш, так бы мовіць, этычнае хваляванне: заглыбляцца ў вывучэнне найдрабнейшых нюансаў творчасці паэта падаецца больш плённым, чым у… яго стасункі з жонкай, напрыклад.

Бліскавічнасць жаночых абліччаў

Той, хто сочыць за папулярнымі тэмамі ў беларускай інфармацыйнай прасторы, вядома, адзначыць, што ўсё часцей абмяркоўваюцца пытанні гендарнай (ня)роўнасці. Тычыцца гэта не толькі дня сённяшняга. Беларуская літаратура першай паловы ХХ, што стэрэатыпна ўспрымаецца як пераважна мужчынская, дала свой грунтоўны контраргумент выданнем анталогіі жаночай паэзіі міжваеннага перыяду «Бліскавіцы» («Кнігазбор»). Упершыню пад адной вокладкай змешчаныя творы 61 беларускай паэткі, напісаныя ў міжваенны перыяд — з 1918 па 1941 г. Паказальна, што ўкладальнікі Віктар Жыбуль і Аксана Данільчык не проста знаёмілі нас з імёнамі і творамі беларускіх паэтак пэўнага часу, але і раскрывалі іх у тым ліку і для сябе. Вядома, не ўсе з прадстаўленых у анталогіі засталіся ў літаратуры, аднак тое, што яны пісалі паўнавартасныя вершы (а не толькі забаўлянкі-калыханкі для дзяцей, якія нідзе, акром уласнай памяці, не фіксаваліся) і друкавалі іх у перыядычных выданнях, сведчыць пра многае і змяняе палітру літаратурнага жыцця акрэсленага перыяду.

Выказаўся на жаночую тэму і Анатоль Бутэвіч. Напрыканцы года ў «Мастацкай літаратуры» выйшла кніга яго гістарычных нарысаў «Жанчыны з легенды». Пісьменнік прапаноўвае зазірнуць у гістарычнае закуліссе, распавядае пра шэрых кардыналаў беларускай гісторыі ў сукенках. Тое, чаму мы зазвычай не надаём асаблівай увагі: матывы ўчынкаў вялікіх князёў і каралёў часта палягалі не ў дзяржаўна-палітычных інтарэсах, а ў імкненні спатоліць прагу кахання. Але і не ў гэтым найгалоўнейшая роля жанчыны. Калі зазірнуць «за намітку часу», то акажацца, што жанчыны былі не толькі натхняльніцамі, але ініцыятарамі і непасрэднымі здзяйсняльніцамі вялікіх спраў. Барбара Радзівіл, Соф’я Гальшанская, Настасся Слуцкая, дачка Гедыміна Альдона, Сафія Слуцкая, Кацярына Сабеская, дачка Вітаўта Соф’я… Для кожнай гераіні Анатоль Бутэвіч знаходзіць свае словы, і гэтым разам мы маем магчымасць паглядзець у іншым святле не толькі на літаратуру, але і на беларускую гісторыю ўвогуле.

Нечаканая традыцыйнасць

І, як гэта ні дзіўна, сваёй традыцыйнасцю ў агульным полі пераасэнсаванняў вылучаецца кніга Адама Глобуса «Сям’я» («Мастацкая літаратура»). Гранічна шчыра, пранізліва-аддана пісьменнік занатоўвае празрыстыя, ледзь улоўныя, як кроплі дажджу, кроплі ўспамінаў. Тонкая назіральнасць, што дазваляе творцу ў краявідах за акном бачыць алегорыі жыццёвых перажыванняў, уражвае кранальнасцю эмоцыі. Пярэдадзень зімовых святаў, якія прынята сустракаць у сямейным коле, — найлепшы час нагадаць пра тое, што сям’я — бадай адзінае месца, дзе можна схавацца ад холаду і сцюжы адзіноты. Бо кожны з нас — пад сваім крыжам, і чалавека, што прысвяціў сваё жыццё мастацтву, гэта тычыцца ці не найперш. Новая кніга Віктара Карамазава «Пад крыжам» («Кнігазбор»), прысвечаная асэнсаванню вечнай спадарожніцы таленту — жыццёвай самоты, у дадзеным выпадку — канкрэтнага творцы Фердынанда Рушчыца, як заўжды поўніцца філасофскай глыбінёй і маштабнасцю мыслення.

Можна і не быць сур’ёзным, можна крыху пахуліганіць. Хаця б для таго, каб прыцягнуць увагу распешчанага капрызлівага чытача. Новая кніга прозы Анатоля Крэйдзіча «Хуліган» («Чатыры чвэрці», серыя «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі») правакуе патэнцыйнага чытача на розныя тэматычныя фантазіі. Аднак аповесці і апавяданні, змешчаныя за такой хуліганскай вокладкай, насамрэч прысвечаныя ўранаважана-традыцыйным тэмам: каханне, здрада, пошукі шчасця і гармоніі ў знаёмых кожнаму з нас жыццёвых нягодах. Зноў жа — да актуальнай тэмы асэнсавання незаўважанага альбо паўзабытага: дакументальная аповесць «Атлантыда Янкі Рамановіча», дзе распавядаецца аб прафесійным мастаку з вёскі Моталь. Чалавек, у якога агучаныя жыццёвыя прынцыпы супадаюць з рэальнымі, сапраўды заслугоўвае таго, каб стаць героем аповесці.

Пачуць свой голас

Актуальным застаецца не пошук новых тэм і спосабаў выяўлення, але пошук новых ракурсаў, новае не праз стварэнне, а праз пераасэнсаванне. Мы не вынаходзім, але спрабуем «дастрававаць» тое, што з розных прычын не было зроблена своечасова.

Магчыма, менавіта таму заўважна актывізаваўся і перакладчыцкі працэс. Прычым сёлета асабліва вылучаюцца праекты, звязаныя з перакладам дзіцячых кніг. Тут ёсць адзін важны момант, які не заўсёды акцэнтуецца. Калі аматары прыгожага пісьменства, дзякуючы краўдфандынгавым кампаніям, нарэшце атрымліваюць магчымасць спасцігаць на роднай мове ўлюбёных замежных аўтараў, што ўжо чытаны-перачытаны па-руску, то дзіця, бацькі якіх аддаюць перавагу беларускамоўным кнігам, прачытае ці пачуе, напрыклад, «Маленькага прынца» Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, «Алісу ў краіне цудаў» Л. Кэрала альбо «Пітэра Пэна» Дж. М. Бары ўпершыню менавіта па-беларуску.

Дарэчы, выданне «Пітэра Пэна» («Кнігазбор», перакладчык Уладзь Лянкевіч, мастак Кацярына Дубовік), якое толькі-толькі з’явілася на паліцах кнігарняў, не толькі выдатная ідэя падарунка да зімовых святаў, але і добрая нагода звярнуць увагу сучасных беларускіх аўтараў, якія пішуць для дзяцей, што захапляльным можа быць чытво і без арыентацыі на сюжэты камп’ютарнай анімацыі. Сёння беларуская дзіцячая літаратура існуе паміж строгай выхаваўча-маралізатарскай дыдактычнасцю і спробамі пакласці класічныя сюжэты пра прынцэс, што чакаюць свайго казачнага прынца, на мову камп’ютарных гульняў. Хацелася б, як заўсёды, залатой сярэдзіны.

 На выспе сталасці

Калі маладыя аўтары ўсё-ткі спрабуюць шукаць новыя словы ці, прынамсі, нязвыклыя адценні слоў, то сталыя літаратары ўсё часцей звяртаюцца да таго, што падаецца знаёмым і вывучаным хіба па недасведчанасці. У кірунку асэнсавання свайго літаратурнага шляху і сэнсу літаратуры ўвогуле створаныя кнігі Алеся Разанава «Невядомая велічыня: гутаркі, артыкулы, згадкі» («Логвінаў») і зборнік эсэ Франца Сіўко «Штрыхкоды» («Галіяфы»).

Калі для прызнанага мэтра айчыннай паэзіі Алеся Разанава літаратурная творчасць па-ранейшаму застаецца «невядомай велічынёй», што натхняе і самога аўтара і яго прыхільнікаў, то Франц Сіўко спрабуе знайсці дакладныя адказы на многія пытанні-выклікі жыцця. Невялічкія эсэ-штрыхкоды, размеркаваныя па пяці выспах — Выспа Міжрэчча, Выспа Мова, Выспа Літаратура, Выспа Дараванне, Выспа Смерць, — апісваюць ці не самае характэрнае ў творчым лёсе літаратара, што ментальна — у цэнтрычным сталічным кантэксце, аднак рэальна, фізічна — па-за ім.

Ёсць і іншы шлях падсумавання — 500 старонак выбраных твораў «Далеч вячэрняя» Міхася Башлакова («Народная асвета»). Насамрэч, рызыкоўная задума — сабраць пад адной вокладкай творы ад пачатку літаратурнай дзейнасці да дня сённяшняга. Міжволі з’яўляюцца параўнанні: чаго на творчым шляху было болей: набыткаў ці стратаў? Крытыкі адзначаюць, што Башклакоў-пачатковец і Башлакоў-юнак — нібы два розныя творцы, што і не дзіва. Радкі паэта ўсочваюць уражанні пройдзеных дарог, нібы люстэрка, адбіваюць пачуцці, радасці, беды і нягоды. Магчыма, скласці своеасаблівую дарогу ў 500 вершаваных старонак, важна для паэта гэтак жа, як напісаць адзіна праўдзівую біяграфію.

Калі літаратурныя выданні падводзяць плён года напрыканцы снежня, то ў традыцыйным чалавечым разуменні час збірання ўраджаю, хай сабе і слоўнага, — гэта восень. Надзея Салодкая ў новай кнізе, дзе сабраныя вершы, эсэ, замалёўкі, згадкі-роздумы, нібы загадвае: «Спавядайся, восень» («Чатыры чвэрці»). Шчырая ў асабістым, узнёслая ў патрыятычным, пісьменніца алегарычна паяднала пад адной вокладкай тэмы споведзі, духоўнага ўраджаю і па-восеньску спелай жыццёвай сталасці ў шырокім культурным кантэксце.

У такі ж спавядальны восеньскі час, мабыць, стваралася і новая кніга выбранага Навума Гальпяровіча «Час лістападу» («Чатыры чвэрці»). Вершы, напісаныя ў розныя гады, тым не менш, адгукаюцца суладдзем настрояў і тэм: вяртанне праз гады да роднага парога (хай не ў прамым, а ў метафарычным сэнсе), самота згадак пра страчаных сяброў, тужліва-шчымлівае развітанне з маладосцю, усведамленне таго, што ёсць раны, якія ні час, ні спагада людская не гояць. У гэтых лістападаўскіх вершах сапраўды багата болю. Паэт часта звяртаецца ў мінулае, праз успаміны спрабуе адшукаць той грунт, які не размываецца нястрымнай плынню часу, — вера, радзіма, адданасць… І ў той жа час можа супыніцца, каб паназіраць за палётам кляновага ліста — кароткім імгненнем штодзённасці, што знікне незваротна. Калі не занатуецца ў вершы.

Крыху па-іншаму, з дакументальнай дакладнасцю і непрыхаваным пад імёнамі персанажаў аўтабіяграфізмам гучаць «Жыццёвыя запаветы» Івана Ярашэвіча («Чатыры чвэрці»). Бясспрэчна, імкненне падагульніць, асэнсаваць пройдзены шлях ёсць сведчаннем пэўнага ўзроўню творчай сталасці. Зрабіць гэта можна па-рознаму: выданнем выбраных твораў, падрыхтоўкай да друку крытычных і літаратуразнаўчых артыкулаў, што раскідаюцца па часопісах, газетах і сайтах, падагульняльна-спавядальнай тэмай… Голас творцы адгукаецца скрухай у святочнай мітусні разнастайных гукаў, пахаў, фарбаў, учынкаў. Галоўнае, каб заўсёды былі тыя, хто адгукнецца рэхам: не толькі адчуюць супадзенне сваіх пачуццяў з думкамі аўтара альбо лірычнага героя, але і, прачытаўшы кнігу, запомняць, распавядуць іншым, будуць вяртацца да яе. Вызначаючы кніжныя пуцявіны года, варта бачыць на іх не толькі пісьменнікаў, але і чытачоў.

Міфалагічная праўда літаратуры

Падсумоўваючы скіраванасць культурніцкіх тэндэнцый у сёлетнім літаратурным руху, міжволі прыгадваеш яшчэ аднаго героя, чыя біяграфія паміж міфам і рэальнасцю, — Зыгмунта Мінейку, кніга ўспамінаў якога выйшла сёлета ў серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» («Лімарыус»). Беларускі «граф Монтэ Крыста», адзін з удзельнікаў паўстання 1863—1864 гг. Яму давялося, што праўда, паўдзельнічаць толькі ў адным баі, аднак ён усё адно быў высланы ў Сібір, адкуль неверагодна авантурным чынам здолеў уцячы, пражыць пэўны час пад чужым прозвішчам, блукаць у пошуках свайго лёсу праз Францыю, Балгарыю, Грэцыю… Калі чытаеш успаміны Зыгмунта Мінейкі, то сюжэт рамана Людмілы Рублеўскай «Дагератып» («Янушкевіч») не падаецца такім ужо фантасмагарычным, самая сапраўдная жыццёвая праўда вельмі часта падаецца неверагоднай, не вартай даверу мастацкай гульнёй.

Вось так, паміж захапляльнай выдумкай і празаічнай праўдай, хаваючыся ад саміх сябе пад маскай безлічы прызнаных імёнаў, праз вандроўкі ў часе, прасторы і геаграфіі — сучасная беларуская літаратура крочыць па шляху спазнання свайго прызначэння.

Жана КАПУСТА

«Літаратура і мастацтва»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.