Багатая на натхненне восень
Скончылася лета, мінуў верасень, а гэта час актыўнай работы на прысядзібных участках, у агародах. Большасць уздзенскіх літаратараў жывуць у прыватным сектары райцэнтра ды ў вёсках, таму за шматлікімі дамашнімі клопатамі не заўсёды хапала часу для таго, каб сабрацца разам, падзяліцца апошнімі творчымі навінамі, планамі, проста пагаварыць у коле аднадумцаў. Цяпер такая магчымасць будзе надарацца часцей.
А на кастрычніцкую сустрэчу ў мясцовы храм кнігі пісьменнікі, члены літаратурнага аб’яднання “Нёманец”, як заўсёды, прыйшлі не з пустымі рукамі. Адразу некалькі кніжак папоўнілі фонды цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса. Прэзентавала свой новы зборнік “Мы родом из детства” член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Шытыка. Яе апавяданні, замалёўкі, лірычныя эцюды чытаюцца лёгка, добра ўспрымаюцца як дарослымі, так і юнай аўдыторыяй, носяць глыбокі эстэтычны і выхаваўчы сэнс. А вось новая кніга Дзмітрыя Вінаградава “Кумир бронзовой птицы” вяртае нас у мінулыя стагоддзі, прымушае задумацца над праблемамі, што існавалі калісьці, застаюцца актуальнымі і сёння. З філасофскім падтэкстам і кніжка Тамары Каляды “Триумф поющих душ”.
Шмат вершаў, празаічных лірычных урыўкаў прагучала на сустрэчы, якая мела назву “Багатая на натхненне восень”. Цёпла віталі літаратары даўняга сябра літаб’яднання Уладзіміра Белага. Цяпер наўрад ці хтосьці з прысутных скажа, што восеньскія будні шэрыя, нецікавыя.
Віктар Сабалеўскі