Б.Ганушкіна. Вершы

***

Я рэдка пішу пра каханне,

Сяброўства, Радзіму, бацькоў,

Бо гэта не проста прызнанне –

Маленне, што спета наноў.

За кожным найменнем – асоба,

За словам – і радасць, і боль,

А вершы – яны толькі спроба

У заўтра складаць бандэроль.

З кахання не зробіш пакунак,

Сяброўства не ўкруціш з бакоў,

Не створыш Радзімы рахунак,

За шкло не схаваеш бацькоў,

Каб нехта не змог іх параніць,

Не знішчыў бы ветразь надзей –

Сурочыць, ламаць і паганіць

Ёсць звычка такая ў людзей.

Таму я маўчу пра каханне,

Сяброўства, Радзіму, бацькоў,

Бо гэта – не проста прызнанне…

Маленне, што спета наноў…

Развітальнае

Якая ёсць… А што шукаеш ты

Сярод блазноты, пыхі і вар’яцтва

У краі, дзе на клей змянілі ткацтва,

А на татэм – крыж веры залаты?

Не прыніжай! І твой спрадвечны шлях

Змяніўся ўпотай брукам бездакорным

Да хаты, дзе мацнейшы – Богу роўны,

Пяшчоты рух зрываўся на замах.

Адчай пакінь – пакінь і не вяртай.

І не вяртайся, страціўшы надзею –

Мне самасць будзе лепшай прывілеяй,

Пакуль шукаць ты будзеш вечны рай.

***

Гэта ўсё, што ёсць у чалавека:

Гонар, стрыжань, пошук, боль.

У адчаі кожны з нас – калека:

Прыгук, недахоп і золь,

Паўадценне, зніклае ў эскізе,

Цень, прывід, клішэ, няўрод,

Прахалода, толькі коска ў кнізе,

След, нішчымнасць і сыход.

***

Я знікну. Я гэта адчула

Раптоўна. І не адмыкаюць

Ключы. Рашуча і чула

Зламаю. Так ранкі знікаюць.

Жывая. І боль – толькі сведка

У часе. Цябе прагартаю

Цікаўна. Застылая кветка

Не звяне. А восень жывая.

Прабач мне. Ты шчасце, якога

Не будзе. Я зерне – яго рассяваюсь

На полі. Кагосьці дарога

Чакае. Усе прабачаюць.

***

Мой кожны дзень – апошні…

Мой кожны крок – у бездань…

Вакол людскія пожні…

Бесцань…

Маркота ў кожным гуку…

Вачэй бясконцы смутак…

Бяспечны шэры бруку

Скрутак…

Ламалася жалеза

Пад ветрам беспрычынна…

Бясспрэчна соль дыеза

Гліна…

Мой вечар – расстраляны,

Бязладны, бессаромны…

І танчыць крык жарсцвяны

Домны…

***

Вар’ятка. Безумоўна, я вар’ятка.

Бо веру людзям. Веру. У людзей.

У думках каляровых сум-зярнятка

Гадую для апірышча-надзей.

Мяне знішчалі. Што далей? Я веру!

І кожны дзень – мой доказ вам усім,

Што людзі не схаваліся ў паперу,

Каб стаць чужымі кожнаму. Зусім.

Я веру. Веру! Веру чалавеку!

Вар’ятка, пэўна… Толькі веру я!

Я веру, што і ты, як ён, адвеку

Жывеш крыштальным словам “дабрыня”.