Алесь КАРЛЮКЕВІЧ. Па законах менталітэту дружбы

Шмат гадоў, дзесяцігоддзяў і нават ужо стагоддзяў злучаны паміж сабою дзве культуры, дзве літаратуры — беларуская і туркменская. Здавалася б, адлегласць паміж Беларуссю і Туркменістанам немалая — тысячы кіламетраў, мовы настолькі далёкія адна ад адной, што і вузельчыкаў ніякіх агульных няма зусім, але вось цягне лес да гор, азёры да пустыні, пяску. Цягнуцца адзін да аднаго розныя менталітэты, розныя па рэлігіі людзі цягнуцца адзін да аднаго. І шмат якія факты — яркае таму пацвярджэнне. Узгадаем хаця б некаторыя з іх…

Давайце спярша зазірнём у сярэдзіну ХІХ стагоддзя. Ураджэнец сучаснага Мядзельскага раёна на Міншчыне Аляксандр Ходзька, падарожнік па Туркменістане, запісаў паэтычныя тэксты туркменскага паэта Махтумкулі і надрукаваў іх у Англіі.

Дадзеная падзея стала пачаткам еўрапейскай славы класіка туркменскай літаратуры. Ураджэнец мядзельскіх Крывічоў расійскі дыпламат Аляксандр Ходзька таксама запісвае і туркменскі эпас «Кёр-аглы», вершы Кемінэ. Затым публікуе ў сваіх перакладах на англійскай мове. Праца нашага суайчынніка адкрывае Еўропе туркменскі фальклор, імёны невядомых дагэтуль пісьменнікаў, знаёміць з багатым на гісторыю народам. Паводле перакладу Ходзькі рыхтуюцца нямецкае, рускае і французскае выданні «Кёр-аглы». Перакладчыцай на французскую мову выступае Жорж Санд. Вось які цікавы ланцужок цягнецца: туркмен Махтумкулі — беларус Аляксандр Ходзька — францужанка Жорж Санд…

У ХХ ст. да перакладаў Махтумкулі на беларускую мову звярталіся народны паэт Беларусі Максім Танк, Алесь Звонак, Уладзімір Караткевіч і іншыя вядомыя беларускія літаратары. У Мінску пабачыла свет асобная кніга паэзіі Махтумкулі «Салавей шукае ружу». Верш «Лёс туркмена» ў перакладзе У. Караткевіча на беларускую мову апублікаваны і ў кнізе аднаго верша Махтумкулі на мовах народаў свету, выдадзенай у Ашхабадзе. Вартая ўвагі мініяцюрная кніга ў пачатку 1990-х гг. аўтарам гэтых радкоў была перададзена ў Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф. Скарыны. А зусім нядаўна вялікі том твораў Махтумкулі выйшаў у Мінску да юбілею класіка туркменскай паэзіі. Перакладчык — выдатны беларускі паэт Казімір Камейша. Вялікую арганізатарскую працу па рэалізацыі ў Мінску гэтага праекта правёў паэт і перакладчык Ганад Чарказян. Пра гэта шмат пісалі ў беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы.

Пачатак знаёмству чытачоў Туркменістана з творчасцю беларускіх пісьменнікаў пакладзены публікацыяй апавядання Якуба Коласа на рускай мове ў газеце Закаспійскай вобласці «Асхабад». Першыя кнігі народных песняроў Беларусі Купалы і Коласа пабачылі свет на туркменскай мове ў 1941 годзе. Перакладчык — А. Ніязаў. Шырока былі адзначаны стагадовыя юбілеі Якуба Коласа і Янкі Купалы ў Туркменістане ў 1982 годзе. З’явіўся цэлы шэраг новых перакладаў, былі апублікаваныя артыкулы пра класікаў беларускай літаратуры ў газетах і часопісах «Совет эдебияты», «Совет Туркменистаны», «Эдебият ве сунгат». Вялікую працу па прапагандзе творчасці Я. Купалы вёў вядомы туркменскі публіцыст, літаратурны крытык Какалы Бярдыеў, які ўзначальваў у 1980-я гг. рэдакцыю газеты «Эдебият ве сунгат». Невыпадкова К. Бярдыеву прысвечаны асобны артыкул у беларускай энцыклапедыі «Янка Купала». Памятаю, з якім душэўным узрушэннем, з якім сардэчным хваляваннем трымаў у руках таўшчэзны зялёны том з артыкулам пра яго Какалы Бярдыеў. Урачыстасць моманту надаваў і той факт, што кнігу ў Ашхабад даслаў сам Максім Танк.

Пачатак сувязям Беларусі і Туркменістана ў галіне выяўленчага мастацтва паклаў прафесійны туркменскі мастак Назар Іамудскі — сын поўнага Георгіеўскага кавалера, камандзіра ўланскага палка, героя руска-турэцкай вайны, удзельніка штурму Шыпкі Анамухамеда Іамудскага. Разам з працамі Н. Іамудскага «Будаўніцтва закаспійскай чыгункі», «У гарах Капетдага» ў гісторыі выяўленчага мастацтва засталіся карціны «Зіма ў Беларусі», «Белавежская пушча». Беларускі скульптар Віктар Папоў (1923, Мінск — 1981) з’яўляецца аўтарам помніка Махтумкулі ў Ашхабадзе (1970) і шэрагу іншых скульптурных работ у Туркменістане (Ашхабад, Небіт-Даг). Ашхабадскі і небітдагскі Ленін у скульптуры — працы беларуса Віктара Папова. У Беларусі ваяваў (пад Віцебскам) народны мастак СССР і Туркменістана, Герой Сацыялістычнай Працы Ізат Клычаў.

Асобны радок у гісторыі беларуска-туркменскіх сувязей — навуковы лёс А. П. Пацалуеўскага. На жаль, няма імя Аляксандра Пятровіча Пацалуеўскага ў «Беларускай Энцыклапедыі». Зрэшты, энцыклапедысты могуць і паспрачацца. Пацалуеўскі хоць і нарадзіўся ў Віцебскай губерні, усё роўна, маўляў, «не наш». Радзіма вучонага, мовазнаўца, літаратара, фалькларыста — «село Букмуйжа б. Режицкого павета б. Витебской губ. (ныне находится в пределах Латвийской ССР)» (цытую па аўтабіяграфіі прафесара, атрыманай ад яго сына Яўгена Аляксандравіча літаральна некалькі гадоў таму). Нельга не дадаць, што нарадзіўся «…в семье учителя. По национальности — белорус». У прынцыпе спрачацца — справа ў дадзеным выпадку нязначная і нават зусім непатрэбная. З часам у энцыклапедыях месца Пацалуеўскаму знойдзецца, і кнігу пра яго, бясспрэчна, нават у Беларусі напішуць. Жыццё Аляксандра Пятровіча, на першы погляд пазбаўленае якіх-небудзь мудрагелістых сюжэтаў, таго вартае.

У чым жа місіянерства Аляксандра Пацалуеўскага? Прыезду ў Ашхабад (тады, дарэчы, сталіца закаспійская краю называлася Палтарацк) папярэднічалі віцебскія гады хлопца з латышскай Букмуйжы. Якія б матэрыяльныя цяжкасці ні стрымлівалі вясковага настаўніка, бацька адпраўляе хлапчука ў Віцебскую класічную гімназію. У 1914 г. — новая адукацыйная прыступка: Аляксандр паступае ў маскоўскі Лазараўскі інстытут усходніх моў. Цытую аўтабіяграфію вучонага: «Во время пребывания в Лазаревском институте параллельно занимался французским языком на курсах при обществе «Альянс Франсэз» и английским на курсах «общества сближения России с Англией». Основная специальность — «лингвист-тюрколог». Што ні кажы, старыя (разумець варта: сапраўдныя) інтэлігенты… Расшыфраваць на прадмет ведання ўсходніх моў самахарактарыстыку «лингвист-тюрколог» дапамагаюць ужо старонкі навуковай біяграфіі: з інстытута выпускнік выходзіць, «получив солидную подготовку по турецкому, персидскому и арабскому языкам». Забягаючы наперад, зазірнём у лісток па ўліку кадраў, запоўнены Пацалуеўскім у сталыя гады. З адказу на пытанне, якімі замежнымі і народаў СССР мовамі валодаеце: «…только читаю без словаря и со словарем — немецкий, итальянский, польский, латинский, арабский, анатолийско-турецкий и некоторые другие; белорусский, латышский, азербайджанский, крымско-татарский, узбекский, таджикский и нек. др.; хорошо — французский, английский, персидский (фарси), русский, туркменский».

Са снежня 1918 года па чэрвень 1922 г. Аляксандр Пятровіч выкладае англійскую і французскую мовы ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута. Затым яшчэ год працуе лектарам і выкладчыкам на курсах Віцебскага губернскага аддзела народнай адукацыі. Але Усход, мовы вялікіх персідскіх паэтаў… А яшчэ — блізкая памяць пра ўрокі, якія далі навукоўцы, настаўнікі Лазараўскага інстытута. Напэўна, і ў час вучобы Аляксандр ведаў, што да вывучэння туркменскай мовы былі зробленыя толькі першыя, далёка не дасканалыя падыходы. У 1921 г. Віцебскае аддзяленне маскоўскага інстытута адпраўляе Пацалуеўскаго ў камандзіроўку ў Ташкент. Аляксандр Пятровіч працуе лектарам персідскай мовы на Ваенных курсах усходазнаўства, знаёміцца з дзейнасцю Туркестанскага Усходняга інстытута. А на вуліцах Ташкента прагна ловіць гаворку мясцовых жыхароў, спрабуе размаўляць на узбекскай.

А ў кастрычніку 1923 г. — запрашэнне Службы асветы сярэднеазіяцкай чыгункі ў Ашхабад на пасаду інструктара-метадыста. Маладому чалавеку — 29 гадоў. Ён яшчэ не ведае, што жыць яму засталося ўсяго чвэрць стагоддзя. Але цвёрда ведае, што трэба рабіць. Выкладчыкаў замежных моў у тыя часы катастрафічна не хапае. Аляксандр Пятровіч выкладае англійскую, французскую, персідскую, а яшчэ і туркменскую, якую і сам яшчэ толькі пачынаў асвойваць, — у чыгуначнай школе 2-й ступені імя К. Д. Ушынскага, школе 2-й ступені імя М. А. Някрасава, школе імя А. В. Луначарскага, у персідскай школе. А таксама — на пяхотных камандзірскіх курсах і курсах камерцыйных ведаў. Здаецца, што Пацалуеўскі працуе па 24 гадзіны ў суткі. А ў яго ж, як і ва ўсіх, — сям’я. Ды дзяцей — чацвёра. З Віцебска прыязджае стары і хворы бацька. Але мовы — запал, спасціжэнне іх — галоўнае ў жыцці прызначэнне. І яшчэ такой цікавай, сакавітай уяўляецца няведаная раней туркменская… Праўда, амаль няма літаратуры па яе вывучэнні. На памяць прыходзіць Самайловіч, прафесар Лазараўскага інстытута. Яшчэ будучы студэнтам ён падрыхтаваў дыплом «Вопыт лінгвістычнага даследавання тэкінскай гаворкі туркменскага дыялекту», куды ўключыў і кароткі тэкінска-рускі слоўнік. Тады працу высока ацанілі, узнагародзілі маладога вучонага залатым медалём Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Але гэта быў 1903 год… Пазней Самайловіч, хоць і прымаў удзел у дыялекталагічных экспедыцыях у Туркменістан, але праблемамі туркменскай мовы блізка не займаўся… З інстытуцкіх часоў Аляксандр засвоіў шматлікія рысы свайго настаўніка. Пацалуеўскі ва ўсім спрабуе разабрацца сам. Ходзіць па рынках, ездзіць у далёкія і блізкія аулы, залучае ў экспедыцыі калег па Туркменкульце, куды яго запрашаюць працаваць. Запісвае вусную мову, адсочвае дыялекты, выбірае ў іх словы, тыповыя для некалькіх туркменскіх плямёнаў. З году ў год па два-тры месяцы праводзіць навуковец у самых глухіх раёнах Каракумаў. 1927 г. — экспедыцыя да ёмудаў і гакленаў. 1928 г. — да племя анаўлі. 1929 г. — да эрсарынцаў. 1930 г. — да салыраў і да сарыкаў. У снежні таго ж 1930-га — да племя нахурлі… Да нахурлі ў аул Нахур Пацалуеўскі яшчэ вярнуўся і падчас Вялікай Айчыннай… Маскоўскі журналіст Мікалай Галоўкін (па нараджэнні ашхабадзец), даведаўшыся пра маю цікавасць да Пацалуеўскага, падказаў: «Мая мама ўдзельнічала ў той экспедыцыі у Нахур…» Тэлефаную ў Ашхабад. Доктар філалагічных навук Яўгенія Мікалаеўна Яршова даўно ўжо на пенсіі, але ў слухаўцы голас — бадзёры, малады:

— Тады я была студэнткай педінстытута, дзе Аляксандр Пятровіч загадваў кафедрай туркменскай мовы і агульнага мовазнаўства. Што здзіўляла ў ім, дык гэта выключная працаздольнасць. Праўда, у маладыя гады мы да гэтага ставіліся неяк без належнага піетэту. Здавалася, што ўсё яшчэ наперадзе і часу, каб у навуцы горы перавярнуць, будзе ў нас дастаткова. А калі запісвалі дыялекты, фальклор у Нахуры, прафесар здзіўляў тым, што з дзехканамі размаўляў на роўных. Як быццам шмат гадоў пражыў у ауле менавіта сярод дзехканаў племя нахурлі…

Але вернемся ў 1920-я… Пацалуеўскі ўнікае ва ўсе пытанні развіцця ці хутчэй станаўлення туркменскай мовы. У жніўні 1926-га выступае ў газеце «Туркменская іскра» з артыкулам «Рэформа туркменскага алфавіта». Адна за другой выходзяць навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы, кнігі навукоўца. Ужо ў 1929 г. выдаецца яго падручнік «Кіраўніцтва для вывучэння туркменскай мовы» (у якасці дадатку — «Кароткі туркменскі слоўнік»). Яшчэ праз некалькі гадоў самастойна рыхтуе «Праект рэформы арфаграфіі туркменскай літаратурнай мовы».

…Збіраючы па крупінках інфармацыю пра вучонага, я размаўляў, перапісваўся з самымі рознымі людзьмі. У Маскве імя Пацалуеўскага добра вядома ў Інстытуце мовазнаўства Расійскай Акадэміі навук, у Інстытуце краін Азіі і Афрыкі пры МДУ імя М. В. Ламаносава, у Інстытуце ўсходазнаўства… Пісаў я і ў Ашхабад, дзе і сам жыў, працаваў у другой палове 1980-х… Пісаў знаёмым літаратарам, навукоўцам, а ў душы дакараў сябе, што тады «прапусціў» Пацалуеўскага. Шукаў ашхабадскія сляды іншых землякоў… Але з усіх беларусаў фігура Пацалуеўскага для Туркменістана маштабу самага вялікага. І гібель яго ў землятрусе 1948 года — страта незаменная.

Тады, кастрычніцкай ноччу 1948-га, загінуў і асабісты архіў вучонага. За 25 гадоў напружанай працы па «туркменскім моўным будаўніцтве» Аляксандр Пятровіч паспеў выдаць амаль 20 кніг. Тым самым стварыў навуковы падмурак для пошукаў некалькіх пакаленняў цюрколагаў. У пачатку гэтага стагоддзя ў Ашхабадзе падсумавалі падзеі папярэдняга стагоддзя, назвалі імёны туркменістанцаў, чые прозвішчы варта ўпісаць у гісторыю залатымі літарамі. І Пацалуеўскі — у іх ліку.

— А што тычыцца архіва бацькі, — распавядае сын вучонага, — то застаецца толькі меркаваць, над якімі праблемамі ён працаваў у апошнія гады. Пэўныя арыенціры дае спіс навуковых прац, складзены бацькам ў 1948 г., дзе разам з іншымі значацца працы, падрыхтаваныя да друку, але пакінутыя не апублікаванымі. А гэта — 10 нарысаў, прысвечаных дыялекту плямёнаў, агульным аб’ёмам больш за 300 машынапісных старонак, прыблізна такая ж па аб’ёме праца «Марфалогія туркменскай мовы ў навуковым асвятленні (сінтаксічныя формы)». У спісе — «Зборнік жаночых песень» на 10 аўтарскіх лістоў, «Кіраўніцтва да вывучэння персідскай мовы», «Матэрыялы для складання руска-персідскага слоўніка». Каласальная праца!..

Пасля землятрусу 1948 г. Ашхабад аднавілі параўнальна хутка. Дапамога прыйшла і з Беларусі, хоць і на ўсім нашым краі ляжала яшчэ пячатка ваеннага ліхалецця… А вось зніклыя ў страшную кастрычніцкую ноч дыялектныя зборы Пацалуеўскага аднаўляць давялося дзесяцігоддзямі. Але час не стаіць на месцы — і навуковыя знаходкі нашага земляка, яго гіпотэзы і перакананні развіваюцца ў працах вучняў Аляксандра Пятровіча. Многія з іх на ніве туркменскага мовазнаўства сталі кандыдатамі і дактарамі навук. Такую вось школу на стагоддзі пабудаваў на радзіме Махтумкулі беларус Аляксандр Пацалуеўскі.

…У гады Вялікай Айчыннай вайны газета Заходняга, а затым 3-га Беларускага фронту «Чырвонаармейская праўда» (цяперашняя «Беларуская ваенная газета») выдавалася і на туркменскай мове. У Ашхабадзе ў другой палове 1980-х гг. аўтару гэтых радкоў давялося сустракацца з намеснікам галоўнага рэдактара «Гызыл эсгер хакыкаты» (так звалася «Чырвонаармейская праўда» на туркменскай мове) Анакулі Мамедкуліевым. І хоць па гістарычнай храналогіі лічыцца, што газета «Гызыл эсгер хакыкаты»; існавала з лістапада 1942 г. па ліпень 1945-га, хацелася б прывесці наступнае сведчанне старшага палітрука Анамурада Ананурава (упершыню апублікавана ў яго кнізе «З франтавых сшыткаў» — Ашхабад, 1972): «Гонар арганізацыі і выдання франтавой газеты выпаў на нашу долю. Першы нумар нашай газеты «Гызыл эсгер хакыкаты» выйшаў 31 студзеня 1943 г., а апошні — 25 мая 1944 года. Усяго за гэты час мы і выпусцілі каля 90 нумароў газеты і 30 улётак. Да канца кастрычніка 1943 года рэдакцыя газеты складалася з двух чалавек: з пачатку арганізацыі са мной працаваў старшы лейтэнант А. Мамедкуліеў… З першага лістапада 1943 года дадаўся яшчэ адзін работнік — старшы лейтэнант А. Д. Анабаеў. У сакавіку 1944 года прыйшлі яшчэ двое: старшы лейтэнант Т. Курбанаў і старшы сяржант С. Джумасахатаў. Акрамя Джумасахатава, які працаваў карэктарам, усе супрацоўнікі рэдакцыі мелі салідны вопыт газетнай працы».

Толькі ў адным нумары туркменскай газеты «Гызыл эсгер хакыкаты» (3-ці Беларускі фронт) гэтай тэме былі прысвечаны нататкі сяржанта А. Лыгаліна «Радыст Жарыкаў», карэспандэнцыя журналіста-казаха Г. Абішава пра салдата-туркмена «Аймамед Егенджэеў». Радавы Фядзінаў распавёў у газеце пра мужны подзвіг украінскага хлопца М. Амечанкі. У нумары былі апублікаваныя вершы туркменскага паэта Р. Сяідава «Ліст маці». Пяру капітана А. Ананурава належыць артыкул «Дружба народаў — аснова сілы і магутнасці СССР». Пад рубрыкай «Лісты на фронт» нацыянальныя ваенныя газеты друкавалі разнастайныя матэрыялы пра лепшых людзей дружнай сям’і народаў СССР, аб выкананні вытворчай праграмы, пра жыццё калгасаў, фабрык і заводаў, аб дасягненнях навукі і тэхнікі…»

На працу журналістаў рэдакцыі туркменскай «Чырвонаармейскай праўды» свой уплыў аказвала тое, што чытачы нацыянальнага выдання былі раскіданы па войсках, карпусах, дывізіях, палках на розных участках фронту. Гэтая акалічнасць ускладняла працу. Але ўсё ж такі журналісты-туркмены адшуквалі землякоў і пісалі пра іх. Асабліва настойлівым быў Анакулі Мамедкуліеў. Усюды і ва ўсім ён выяўляў выключную настойлівасць. Астатнія супрацоўнікі таксама стараліся. Вынік — змястоўныя, насычаныя інфармацыяй, пісьменна аформленыя нумары газеты.

Вось што піша ў сваіх успамінах М. Ананураў: «Мы штомесяц планавалі працу газеты. У мяне захаваўся, у прыватнасці, план працы рэдакцыі за красавік 1944 года. У ім было прадугледжана выпусціць 8 нумароў, апублікаваць у іх 4 перадавыя артыкулы. Вылучаліся таксама галоўныя тэматычныя напрамкі: 1. Дысцыпліна, парадак, арганізаванасць; 2. Добра ведаць аўтаматычную зброю; 3. Гутарка-чытка — асноўная форма агітацыйнай работы сярод байцоў нярускай нацыянальнасці; 4. «Біць ворага па-гвардзейску». Акрамя таго, у плане меліся такія рубрыкі: а) у дапамогу агітатару; б) лісты аб воiнскiм выхаванні; в) у дапамогу сяржанту; г) аператыўныя матэрыялы; д) агляды ваенных дзеянняў на франтах Айчыннай вайны; е) у Туркменістане; ж) за мяжой; з) пытанні побыту; і) камсамол. Гэты план дае няхай не поўнае, але дастатковае ўяўленне аб праблематыцы выступленняў газеты». І далей: «З 31 студзеня 1943 па 20 мая 1944 года было выпушчана 78 (як бачыце, ва ўспамінах — розначытанне: дзве лічбы прыводзіць М. Анануров: 78 і «каля 90» нумароў. — А. К.) газеты. У 1943 годзе — 57 нумароў… у 1944 — 21 нумар… За гэты час апублікавана матэрыялаў аб баявых эпізодах — 303, з іх аб воінах-туркменах — 69, афіцыйных матэрыялаў — 147, прапагандысцкіх — 63, літаратурных — 30 і інш. 52 матэрыялы з іх атрыманы ад байцоў-туркменаў».

У час Вялікай Айчыннай вайны ў Ашхабадзе асобным выданнем пабачыла свет паэма франтавога журналіста Анакулі Мамедкуліева, прысвечаная беларускаму патрыёту, кіраўніку падпольнай арганізацыі Канстанціну Заслонаву. Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вызвалялі туркменскія паэты Чары Ашыраў (у складзе войскаў 3-га Беларускага фронту), Рухі Аліеў. Тэма вызвалення Беларусі знайшла адлюстраванне ў іх творчасці. Вершы Р. Аліева, Ч. Ашырава аб трагічным і гераічным тых часоў апублікаваныя і ў перакладзе на беларускую мову ў кнізе «И вспомним былые походы» (Мінск, 1990).

У гады вайны ў ваколіцах Ашхабада служыў будучы беларускі празаік і паэт Аркадзь Марціновіч. Пра гэта ён распавёў у сваім рамане «Не забывай слядоў сваіх». Праз гады ў Туркменіі пабывае яго сын — паэт Павел Марціновіч, які напіша пасля цыкл вершаў пра Туркменію і ўключыць яго ў паэтычны зборнік «Час бурштыну». У другой палове 1940-х гг. у Ашхабадзе ў сям’і сваёй роднай сястры опернай спявачкі Вольгі Мікуліч-Сабуравай (загінула падчас ашхабадскага землятрусу) жыве і працуе вядомы беларускі пісьменнік Барыс Мікуліч. Другая частка яго «Аповесці пра сябе» (апублікавана ў часопісе «Нёман») прысвечана ашхабадскаму перыяду.

У пасляваенныя гады пачалася актыўная праца па перакладах туркменскай літаратуры на беларускую мову і беларускай літаратуры на туркменскую. У Беларусі пабачылі свет кнігі Бярды Кербабаева (двойчы!), Каюма Тангрыкуліева (дзве кнігі вершаў), Агагельды Аланазарова (тры кнігі за розныя гады, з іх ліку яго знакамітая «Вясёлая азбука» ў перакладзе Віктара Гардзея — зусім нядаўна), Курбана Чаліева, Нуры Байрамава, Бабаніяза Каюмава і іншых аўтараў. У Беларусь у розныя гады прыязджалі паэты і празаікі Каюм Тангрыкуліеў, Газель Шакуліева, Пірнепес Авязліеў, Какабай Курбанмурадаў і інш., што знайшло адлюстраванне ў іх творчасці. Выдадзена ў Мінску анталогія туркменскай дзіцячай літаратуры на беларускай мове — у серыі «Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР».

Перакладчыцкая праца народных паэтаў Туркменістана Керыма Курбаняпесава (у яго аўтарскай анталогіі «Букет дружбы» апублікаваны пераклады вершаў Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча) і Каюма Тангрыкуліева (у яго аўтарскай анталогіі «Вясёлая вясёлка» апублікаваны вершы Еўдакіі Лось, Івана Муравейкі, Эдзі Агняцвет, Васіля Віткі). Выйшаў «беларускі» нумар дзіцячага часопіса «Корпе» («Дзіця») на беларускай і рускай мовах, анталогія беларускай дзіцячай літаратуры «Ачык Асма» («Яснае сонейка») у ашхабадскім выдавецтве «Магарыф» (1989). Рады, што мне давялося выступаць аўтарам каментарыяў да гэтай кнігі. А рукапіс дзіцячай анталогіі прывёз у 1987 годзе ў Ашхабад беларускі паэт Алесь Емяльянаў. Тады ён сустракаўся з Касымам Нурбадавым, Амандурды Джанмурадавым, Курбанам Чаліевым, Дангатарам Бярдыевым. Памятаю, з якой гасціннасцю прымаў нас у сябе вядомы дзіцячы пісьменнік Курбан Чаліеў, які працаваў у той час галоўным рэдактарам выдавецтва «Туркменістан». Курбан Чаліеў распавёў тады пра сваё знаёмства з беларускай паэткай Любоўю Філімонавай (яна і пераклала на беларускую мову кнігу яго вершаў), пра сустрэчы з дырэктарам выдавецтва «Юнацтва» Валянцінам Лукшам.

У Туркменістане пабачылі свет асобныя кнігі беларускіх паэтаў і празаікаў Максіма Танка, Івана Чыгрынава, Валянціна Лукшы і інш. Перакладзены на туркменскую мову лірычныя мініяцюры Янкі Брыля, апавяданні Алеся Жука, Васіля Ткачова, вершы Пімена Панчанкі, Міколы Чарняўскага, Раісы Баравіковай, Артура Вольскага, творы іншых аўтараў. Асобная старонка гісторыі — праца ў Туркменістане пісьменнікаў і журналістаў-ураджэнцаў Беларусі (пісьменнік-дакументаліст Мікалай Калінковіч, паэт, галоўны рэдактар ​​газеты «Ташаўзская праўда» Міхась Карпенка, празаік Васіль Ткачоў, публіцыст галоўны рэдактар ​​«Туркменскай іскры» Васіль Слушнік). Мікалай Калінковіч напісаў кнігу пра воіна-туркменістанца Героя Савецкага Саюза Івана Васільевіча Багданава, што вызваляў Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і атрымаў высокае званне за выяўлены ў баях за Бабруйск гераізм, — «Возвращение рассветной рани» (Ашхабад, 1987), шэраг іншых кніг пра Туркменістан — «Не разрывается земная связь», «Имя мое — Свобода».

Сярод герояў яго публікацый — беларусы Сяргей Малібожка, Барыс Тузін, якія пакінулі свой след у гісторыі Туркменістана. Выступаў у часопісах і газетах Туркменістана «Ашхабад», «Совет эдебияты», «Эдебият ве сунгаг» наш зямляк не толькі пад сваім прозвішчам, але і пад псеўданімамі — Цнянскі, Каменагорскі і інш. Кніга кандыдата гістарычных навук Мікалая Калінковіча «Полесские дни Александра Блока» (Минск, 1986) фактычна была напісана і і адрэдагавана ў тыя гады, калі беларускі даследчык жыў і працаваў у Ашхабадзе ў 1980—1984 гг. Ужо тады ў свядомасці Мікалая Калінковіча спелі задумы кніг пра беларускі перыяд у жыцці Аляксандра Грыбаедава, пра Браніслава Тарашкевіча. Характэрная дэталь, менавіта ў Туркменістане беларусаў Мікалая Калінковіча і Міхаіла Карпенку прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў СССР. Шкада толькі, што вельмі рана пайшоў з жыцця Мікалай Калінковіч — сапраўдны паўпрэд беларускай культуры ў Туркменістане. Загінуў, калі ўзрост яго набліжаўся да сарака гадоў. Няма ў жывых і паэта Міхася Карпенкі, заслужанага дзеяча культуры Туркменскай ССР, шматгадовага галоўнага рэдактара абласной газеты «Ташаўзская праўда».

У звароце да фактаў літаратурнага пабрацімства нельга не ўзгадаць і той момант, што ў 1944 годзе прафесію ваеннага лётчыка спасцігаў у Гомелі Валянцін Рыбін, пасля — народны пісьменнік Туркменістана, аўтар гістарычных раманаў «Пералом», «Уладары і качэўнікі», «Закаспій», «Мора згоды» і іншых твораў, прысвечаных мінуламу Туркменістана.

І сучасны стан беларуска-туркменскіх літаратурных сувязей (публікацыі пра туркменскую літаратуру ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», «Краязнаўчая газета», часопісах «Полымя», «Маладосць», пераклады туркменскай паэзіі ў часопісе «Полымя») не можа не ўяўляць цікавасці. У адным з пісьменніцкіх з’ездаў у Беларусі прымаў удзел народны паэт Туркменістана Каюм Тангрыкуліеў. Пасля адкрыцця новага для сябе краю ён напісаў выдатны верш «Самы вядомы на свеце аул», прысвечаны трагедыі Хатыні. На беларускую мову верш пераклаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Твор апублікаваны ў альманаху «Братэрства».

У 1980—1990-я гг. у Беларусі выдавалася цэлая серыя літаратурна-мастацкіх альманахаў, якія прадстаўляюць літаратуру іншых народаў на беларускай мове, — «Ветразь», «Братэрства», «Далягляды». На іх старонках публікаваліся і творы туркменскіх пісьменнікаў — Амандурды Джанмурадава, Алаберды Хаідава, Касыма Нурбадава, Азата Рахманава і інш. Аб «туркменскіх старонках» альманаха «Братэрства» была публікацыя ў туркменскім часопісе «Совет эдебияты». Шмат сіл, працы ў прапаганду туркменскай літаратуры ў Беларусі ўклала беларуская паэтка і перакладчыца Любоў Філімонава.

Асновай для такіх чытацкіх сустрэч (у Беларусі — з туркменскай літаратурай, у Туркменістане — з беларускай), вядома, з’яўляюцца паездкі літаратараў адзін да аднаго, адкрыццё імі іншых краёў. У Ашхабадзе гасцяваў Алесь Жук. Ён добра знаёмы з выдатным туркменскім празаікам Атаджанам Таганам. На радзіму Махтумкулі прыязджалі Максім Танк, Алег Лойка, Янка Сіпакоў, Рыгор Барадулін, Віктар Шымук, Генадзь Пашкоў, Алесь Бадак, Алена Масла і іншыя беларускія пісьменнікі.

У 1984 годзе ў мінскім «Юнацтве» выйшла знакавая кніга для паэта, празаіка, публіцыста, перакладчыка Янкі Сіпакова «Пяць струн». У падзагалоўку: «Кніга настрояў». Чаму знакавая? Янка Сіпакоў шмат падарожнічаў па былым СССР. І вельмі цёпла і ўзнёсла расказваў пра сустрэчы, адкрыцці іншых старонак. Праз шмат гадоў пасля выдання пісьменнік падпісаў кнігу мне з такім вось аўтографам: «Шаноўнаму Алесю Міклаевічу Карлюкевічу — каб яшчэ раз засведчыць, што я, гэтак жа, як і Вы, вельмі далёкую і прывабную Туркменію палюбіў шчыра і назаўсёды. Янка Сіпакоў. З студзеня 2007 года». Прабачце за нясціпласць, але вельмі ўжо хацелася падкрэсліць «туркменскі характар» аўтографа. У «Пяці струнах» пра Туркменістан расказваецца ў нарысе «Пяць струн». Пастараемся зазірнуць хаця б крышачку ў сутнаснае, што падгледзеў, што ўбачыў у Туркменістане вандроўнік Янка Сіпакоў: «Пустыня была зялёная. Яшчэ ў самалёце, падлятаючы да Краснаводска, перад якім якраз развіднела, я нецярпліва ўглядаўся ў незнаёмыя мне краявіды, настойліва шукаў жоўтага колеру, аднак барханы ўсюды, як агледзець вокам, былі зялёныя. І потым, высокаю дарогаю ад Краснаводска да Ашхабада, зноў жа не адрываўся ад ілюмінатара, але пясок нібы, дражнячыся са мною, здавалася, начыста і назаўсёды змяніў свой колер — ён таксама быў зялёны, -— і мне ўжо мроілася, што самалёт заблудзіўся і вязе нас кудысьці не туды. Я тады яшчэ не ведаў, што і з космасу вясновыя Каракумы выглядаюць зялёнымі. Гэта потым ужо даведаўся, што, гледзячы на Зямлю праз ілюмінатар касмічнага карабля, Юры Гагарын таксама шчыра здзіўляўся: «Але ж Туркменія ўся зялёная! І гэта называецца пустыня?»…

Пройдуць гады — і да сваіх туркменскіх успамінаў Янка Сіпакоў вернецца ў новай кнізе «Дзённік настрою». «Мне вельмі хацелася пабачыць Каракумы, -— узгадвае Янка Сіпакоў у кнізе, выдадзенай у 2007 годзе. — І таму, прыляцеўшы ў Туркменію, у той жа дзень папрасіў Ахмета Курбаняпесава, які сустрэў мяне ў ашхабадскім аэрапорце, паказаць мне пустыню — я, шчыра кажучы, даўно трызніў ёю…» Такое трызненне, такая ўлюбёнасць, пагадзіцеся, дарагога каштуюць.

…Вельмі доўга жыў у Туркменістане беларускі празаік Васіль Ткачоў. Многія яго апавяданні (у тым ліку — і напоўненае любові да Ашхабада апавяданне «Казан») з кнігі «Дзень у горадзе» напісаны менавіта там. Штуршком для ўвасаблення некаторых задум у апавяданні Алеся Бадака «Ідэальны чытач» паслужыла паездка пісьменніка ў Туркменістан, яго ўдзел у ашхабадскай кніжнай выставе «Залатая кніга». Невыпадкова праз гады Алесь Бадак выступіў складальнікам выдадзенай у Мінску кнігі ў серыі «Сугучча сэрцаў: Беларусь — Туркменістан»…. І гэтыя «вузельчыкі памяці» — вядома ж, далёка не ўсё, пра што варта было б расказаць, напісаць больш падрабязна і шырока…. Цяпер на маім працоўным стале ляжыць велізарны фаліянт — першы том збору твораў выдатнага туркменскага дзіцячага пісьменніка Агагельды Аланазарова. Назва ў тома — «Сонечны параход». Прывёз яго ў Мінск з кніжнай выставы ў Ашхабадзе былы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Мікалаевіч Лапцёнак. Многае з кнігі мне знаёма — у тым ліку і дзякуючы перакладам Якава Акіма. А зараз, спадзяюся, і нашы беларускія перакладчыкі пастараюцца, дапамогуць прыйсьці да юнага чытача новым вершам, новай кнізе Агагельды Аланазарова.

А вось нядаўна — новая бандэроль з Туркменістана. Гэтым разам — з кнігай, прысвечанай зусім дагэтуль невядомай паэтэсе Агульбеке Аразбердыевай… Але ж аб усім па парадку… Гісторыя на дзіва шчымлівая, нельга не спыніцца на ёй асобна.

У архіве памяці, якім з’яўляецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ёсць цікавы экспанат: ручной работы туркменскі дыван з партрэтам камандуючага 1-м Беларускім фронтам Маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага. У музей дыван перадала сям’я военачальніка ў 1968 годзе. Дарэчы, зусім нядаўна фотаздымак дэманстраваўся на беларускай выставе ў Музеі выяўленчага мастацтва Туркменістана ў Ашхабадзе.

Якая ж гісторыя хаваецца за дываном, які быў вытканы туркменскімі рукадзельніцамі ў 1943 годзе?.. Пачатак гісторыі — у Туркменістане. У 1941 ажаніліся маладыя людзі — аднавяскоўцы з аула Саюналы Тахтабазарскага этрапа: Агульбеке і Агаберды. Каханне аб’яднала маладых. Агульбеке было ўсяго 20 «з хвосцікам». Яна працавала настаўніцай у ауле Морчак. Завочна адвучылася ў Марыйскім педагагічным тэхнікуме. Агаберды і яго жонка марылі пра вучобу ў інстытуце. Але пачалася вайна. Агаберды пайшоў на фронт.

Агульбеке Аразбердыева вучыла дзяцей. Адпрацаваўшы на ўроках у школе, бегла на працу ў поле. Часта вяла тлумачальную работу, распавядала пра падзеі на фронце. І пісала лісты мужу на фронт. А ў лістах заўсёды былі вершы, што нараджаліся ў яе познімі вечарамі. Пра што гаварыла ў іх маладая туркменская жанчына і, мяркуючы па ўсім, таленавітая пачынаючая паэтэса?.. «Сваё ты, вораг, атрымаеш!..», «У пошуках вас», «Вяртайся!» — вось назвы некаторых яе твораў. Пісала Агульбеке пра тое, што фашысцкія гады хутка будуць пакараныя за ўсе здзекі і ўсё зло, што прычынілі савецкім людзям, пра тое, што яна і ўсе аднавяскоўцы жывуць верай у вяртанне дадому сваіх мужоў, сыноў, бацькоў.

Жыхары Морчака ведалі, што Агульбеке піша вершы, часта прасілі яе прачытаць новыя творы, перапісвалі кранальныя радкі для сябе і захоўвалі гэтыя старонкі як самае дарагое, цытавалі іх быццам малітвы-абярэгі. Разам з іншымі жанчынамі Агульбеке збірала ў Фонд абароны сродкі, каштоўнасці. Жыхары калгаса «Гузыл гошгун» сабралі сярод іншага і 84 кг срэбра. Захаваліся кадры кінахронікі з эпізодам, дзе маладая прыгожая туркменка ў белай хустцы здае ўласныя ўпрыгажэнні. Гэта — Агульбеке. У канцы 1943 года працаўніцы Марыйскага велаята сабралі цэлы эшалон падарункаў франтавікам. Жанчыны, сярод якіх была і Агульбеке, выткалі дыван з партрэтам Маршала Савецкага Саюза К. Ракасоўскага. Ведалі, што іх падарунак павінен патрапіць на 1-ы Беларускі фронт… Там, дарэчы, ваяваў і муж настаўніцы і паэткі — Агаберды.

Разам з іншымі туркменкамі паехала на фронт і Агульбеке. Дыван з партрэтам быў уручаны асабіста слыннаму военачальніку. Распавяла туркменка і сваю асабістую гісторыю… Камандуючы фронтам даў загад арганізаваць сустрэчу жанчыны з мужам. Быў вядомы нумар палявой пошты. Агульбеке паказала маршалу ліст, які ведала на памяць. Але Агаберды быў на самым перадавым участку фронту. Атрымалася ў гэтай няпростай баявой абстаноўцы арганізаваць толькі прамую тэлефонную сувязь. Муж і жонка змаглі пагаварыць на адлегласці. Можна толькі паспрабаваць уявіць, якім цяплом дыхалі словы любых людзей. Яны ж да сыходу мужа на фронт пражылі разам усяго тры месяцы… З фронту Агульбеке прыехала надзвычай натхнёная, усхваляваная. Новыя вершы так і сыпаліся з яе шчодрай душы, шчырага сэрца. Як і верш «Шукаю цябе»:

 Франтавая нас паклікала дарога.

Шлях віецца клопатны і доўгі,

Каб байцам аддзячыць шчодрым падарункам

І мужам каханым цёплым пацалункам.

Жах вайны — але ж усюды людзі!

Як стрымацца? І што далей будзе?

Вы — святло, галоўнае ў жыцці,

Рушым з верай вас хутчэй знайсці.

І надзея, быццам полымя нас грэла,

А душа наперад рвалася, ляцела.

Тут гарыць зямля — а значыць, мэта блізка.

Неба змрочнае вісіць варожа, нізка.

Колькі дзён трывожных перажыта!

Сэрца боль — за раненых, забітых.

Нам на слёзы, енкі не забыцца,

Гэты шлях заўсёды будзе сніцца.

Мой Агаберды, мой свеце, побач —

І сустрэча будзе ўзнагародай

Мне за тое, што прайшла ўсе межы,

Захавала пыл кахання свежы.

Толькі бой ідзе — і зараз ты на полі,

Скрозь агонь не ўбачыцца з табою.

Голас ў рацыі — у сэрцы як страла,

Я шчаслівая, бо ўсё ж цябе знайшла!

 (Пераклад Юліі Алейчанкі)

…Усё было ў новых творах — і ласка, і трывога, і боль, і, вядома ж, каханне. Прывезла Агульбеке ў аул і патэфон, які туркменцы падарыў маршал Ракасоўскі. Дарэчы, патэфон гэты захоўваецца ў туркменскай вёсцы і сёння. А ўслед за вяртаннем дэлегацыі, якая наведала байцоў і камандзіраў на 1-м Беларускім фронце, праз лічаныя месяцы прыйшла ў аул змрочная вестка: загінуў муж Агульбеке — Агаберды. Маладой паэтцы здавалася, што гэтага проста не можа быць. Для яе, як і раней, гучаў з палявога тэлефона ўсхваляваны голас каханага чалавека. «Родная, мілая! Што ты робіш у гэтым полымі, у гэтым агні?!. Цябе можа нагнаць куля! Хутчэй з’язджай адсюль! Скончыцца вайна — і мы абавязкова сустрэнемся з табой!.. Чакай мяне!..» Не дачакалася. І сэрца яе не вытрымала. У 1949 годзе маладая паэтка памерла.

Землякі і цяпер трымаюць у памяці вобраз Агульбеке Аразбердыевай. Вядомы туркменскі паэт Агагельды Аланазараў падрыхтаваў і выпусціў асобнай кнігай яе вершы… Лёс простай туркменкі ўсё ж адбыўся — у каханні да маладога чалавека, у любові да Радзімы, у выкананых перад ёй і сваім каханым абавязках. Перад родным і любым Агаберды, якога яна так самааддана чакала з фронту!..

 Алесь КАРЛЮКЕВІЧ