Алесь Карлюкевіч. Братэрства (Мн.: Выдавецкі дом “Звязда”, 2014)

У мінулым годзе, адзначаным атрыманнем Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі, чарговы раз актуалізавалася цікавасць сусветнай культурнай супольнасці да беларускай літаратуры. Але каб данесці свету сваё слова, яго трэба шматкроць “размножыць”, зрабіць дасягальным для кожнага. Кажучы прасцей, якасна перакласці і мець магчымасць прадставіць у іншых краінах, на іншых кантынентах. Як і нам — перыядычна дазваляць новым плыням улівацца ў рэчышча айчыннай літаратуры, чамусьці вучыцца ў замежных “уладароў думкі”. Культурны ўзровень нацыі вызначаецца ступенню знаёмства з найлепшымі сусветнымі літаратурнымі ўзорамі, а таксама імкненнем прадставіць уласныя літаратурныя здабыткі ў свеце.

Прыгадаем, што гісторыя беларускай перакладной кніжнасці вядзе свой пачатак ажно з ХІІ ст., калі пераклады рабіліся для патрэб царквы і дзяржавы. Францыск Скарына ўпершыню актуалізаваў асветніцкую функцыю перакладу. Улічваючы гэтыя старажытныя традыцыі, Максімам Багдановічам, Янкам Купалам, Якубам Коласам былі закладзены асновы рэалістычнага мастацкага перакладу. Са спадчыны Уладзіміра Дубоўкі, Кузьмы Чорнага, Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Ніла Гілевіча сучасныя перакладчыкі вынеслі асноўныя прынцыпы, якімі варта кіравацца ў сваёй дзейнасці: перакладаць творы, што могуць узбагаціць нацыянальную літаратуру, дасканала ведаць мову першакрыніцы і родную, вывучаць гістарычны і культурны кантэкст твора. Аднак прыспеў час пераасэнсаваць ролю мастацкага перакладу ў культурным жыцці краіны, праанілізаваць сучасную перакладную “геаграфію”, агульнымі намаганнямі вырашыць праблемы фарміравання новых перакладчыцкіх школ.

Вядома, каб будаваць нешта новае, варта падсумаваць тое, што ўжо зроблена папярэднікамі і на сучасным этапе. Так прасцей будаваць  стратэгію культурнага ўземадзеяння з іншымі краінамі ва ўмовах адкрытага, глабалізаванага свету. Праблеме беларускіх літаратурных сувязей быў прысвечаны шэраг акадэмічных даследаваняў. Але заўсёды цікава пачуць практыка, таго, хто не толькі займаецца вывучэннем, але і актыўна  рэалізуе праекты творчага ўзаемадзеяння.

Алесь Карлюкевіч не адно дзесяцігоддзе збірае матэрыялы, звязаныя з літаратурным сяброўствам Беларусі і свету. Актыўна супрацоўнічае з пасольствамі і даследчымі ўстановамі розных краін, Інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя, Цэнтрам азербайджанскай мовы і культуры і г.д. Выступае адным з арганізатараў міжнародных кніжных серый: “Сугучча сэрцаў”, “Светлыя знакі. Паэты Кітая” і асобных перакладных выданняў. Прапагандуе беларускую літаратуру падчас замежных камандзіровак і ў рамках круглых сталоў, прымеркаваных да Дня беларускага пісьменства… Таму і кніга “Братэрства” вызначаецца не пустымі гучнымі словамі, а факталагічнасцю, дакладнасцю, шырынёй ахопу прадстаўленага матэрыялу. У ёй шмат як грамадзянскага, агульначалавечага, так і асабістага, здабытага ўласным вопытам сустрэч, знаёмстваў, супольнай працы.

“Масты братэрства з суседзямі – гэта добра. І іх варта ўсталёўваць і ўмацоўваць. Масты для паразумення з ўсім светам, уваходжання ў прастору іншых цывілізацый – відавочна, не меншая патрэба часу. І ніякімі адгаворкамі кшталту “а ці цікавая наша літаратура народу самой Беларусі”, тут, пэўна, мы не апраўдаемся. Дарогі варта выбудоўваць у розных накірунках. Адзін з іх – засваенне сусветнай мастацкай прасторы”, — адзначае на пачатку кнігі аўтар. Алесь Карлюкевіч выразна акрэслівае праблему і сам шукае шляхі яе вырашэння, а ў многім і падказвае кірункі для іншых. Напрыклад, у артыкуле “Да месца, дзе нарадзіліся…”, нагадвае аб набліжэнні вялікага юбілею 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і прызывае перакладчыкаў далучыцца да перастварэнні слова Скарыны на мовы свету. І сёння, дзякуючы рупенню і неабыякавасці літаратараў іншых краін, маем  пераклад прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф» на рускай, эстонскай, літоўскай, англійскай, балгарскай, італьянскай, кітайскай, польскай, французскай, японскай і шматлікіх іншых мовах!

Цікавыя і гісторыі асабістых даследаванняў Алеся Карлюкевіча, прадстаўленых у “Братэрстве”. Так, адкрывае аўтар чытачам імя беларускай даследчыцы з далёкай Аўстраліі: “Шукаючы новыя звесткі пра сваю родную вёску Зацітава Слабада, наткнуўся ў інтэрнэт-прасторы на кнігу Алены Говар “Рускія анзакі ў аўстралійскай гісторыі”, друкаваная версія якой пабачыла свет у Сіднеі на англійскай мове яшчэ ў 2005 г. Прозвішча і імя Аляксандра Майко з Зацітавай Слабады зачапілі мяне. Анзакі – так называлі рускіх аўстралійцаў, якія ўдзельнічалі ў Першай сусветнай вайне. Аляксандр Майко – адзін з іх. Але нешта не давала спакою і ў прозвішчы Говар, дужа беларускім падалося яно ад самага пачатку знаёмства з тэкстам… З гэтай цікавасці і распачаліся нашы стасункі з сапраўды зямлячкай Аленай Віктараўнай Говар, якая нарадзілася ў Мінску”. Жывучы 25 гадоў на “пятым кантыненце”, Алена Говар абараніла дысертацыю па тэме “Рускае ўспрыманне Аўстраліі ў 1788 – 1919 гг.”, яе пяру належаць кнігі “Рускія анзакі ў аўстралійскай гісторыі”, “Рускія маракі і падарожнікі ў Аўстраліі”, “Мой цёмнаскуры брат”. Апошняя, між іншым, стала асновай для мастацкага фільма “Піянеры любові”…

Вялікае значэнне для разумення светабачання замежных пісьменнікаў, іх успрымання сучаснага літаратурнага працэсу маюць асабістыя сустрэчы, гутаркі. Выразна разумеючы гэта, аўтар змяшчае ў кнізе грунтоўныя інтэрв’ю з літаратарамі розных краін: са Слабаданам Вуканавічам, Душанам Джурышычам (Чарнагорыя), Раўлем Чычалавым (Грузія), Хоангам Тхуі Тоанам (В’етнам), Маей Длгчава (Балгарыя), Севіндж Нурукузы (Азербайджан), Худайберы Халыевым (Туркменістан), Ігарам Січовікам (Украіна), Яронімасам Лауцюсам (Літва). Размова з апошнім, дырэктарам вядомага літоўскага выдавецтва “Тры зорачкі”, дзіцячым пісьменнікам, можа быць літаральна расцягнута на цытаты! Добры госць Беларусі, удзельнік кніжных выстаў і святкаванняў Дня беларускага пісьменства, Яронімас, заўсёды падкрэслівае гуманістычную накіраванасць сваёй дзейнасці, нагадвае аб псіхатэрапеўтычным эфекце сапраўднай літаратуры. Любіць агучваць цытату з Аляксандра Дзюма: “Чалавек дваццаць раз у дзень можа перамяніць свой лёс”. А яшчэ – шчыра перажывае з-за складанай палітычнай сітуацыі ў свеце, частых ваенных канфліктвў: “Дзіцячая тэматыка можа быць часам нават болей сур’ёзнай, чым для дарослых, ці так званых дарослых. Дзеці толькі гуляюць у вайну, а дарослыя ў здаровым розуме кідаюць на гарады і вёскі сапраўдныя бомбы”. Верыць пісьменнік у сілу пазітыўных эмоцый і сцвярджае неўміручасць друкаванай кнігі: “Без кніг багатым можна быць, але шчаслівым – не”. І шчасцем гэтым Яронімас Лаўцюс умее дзяліцца: яго казку “Гэта здарылася ў Тытуліі”, выдадзеную на літоўскай, рускай і беларускай мовах, ілюстравалі дзеці з 9-й мінскай гімназіі. А ён у сваю чаргу выдаў на трох мовах беларускую народную казку “Каваль”, якую ілюстравалі літоўскія дзеці!

Відавочна, што, куды б ні закінуў лёс Алеся Карлюкевіча, ён усюды імкнецца да знаёмства з літаратурай іншых краін, знаёміць замежнікаў з літаратурай беларускай і намагаецца будаваць тыя культурныя масты, што б трывала паядналі культуры. І сваім досведам шчыра, захапляльна дзеліцца з чытачом. Знаходзячыся на службе ў Туркменістане, Алесь Карлюкевіч пазнаёміўся са многімі выдатнымі літаратарамі: Байрамам Джутдзіевым, Нарклычам Хаджагельдыевым, Какалы Бердыевым, Тыркішам Джумагельдыевым, Алаярам Чурыевым, Газель Шакуліевай, Какабаем Курбанмурадавым, Яўшанам Аннакурбанавым і інш. Вялікае ўражанне пакінулі сустрэчы з класікам туркменскай літаратуры Керымам Курбянняпесавым: “Памятаю, Керым-ага досыць выразна акрэсліваў свае сімпатыі да беларускай паэзіі, пералічыўшы, каго ведае з нашых паэтаў. Сказаў, што, калі б меў больш часу (ён, пэўна, ужо тады лічыў гады жыцця, бо прайшоў мяжу першага інфаркту), то пераклаў бы Максіма Багдановіча. Гучала з вуснаў туркменскага паэта і назва зборніка вершаў нашага “Страцім-лебедзя” – “Вянок”. Нешта я спрабаваў расказаць пра адносіны Максіма з бацькам – Адамам Ягоравічам Багдановічам. Томік паэзіі Максіма Багдановіча – адно з маскоўскіх выданняў – меўся і ў хатняй бібліятэцы Керыма. Мне вельмі карцела, каб туркменскі паэт стаў бліжэйшым да беларускай паэзіі. І нешта наіўнае я раіў свайму суразмоўцу, падчас забываючы, якой велічыні асоба перада мной”. У Ашхабадзе Алесь Карлюкевіч даследаваў беларуска-туркменскія культурныя стасункі, актыўна выступаў у газетах «Эдебият ве сунгат», «Совет Туркменистаны», часопісах «Совет эдебияты», «Ашхабад», «Яшлык» з артыкуламі аб туркменскай і беларускай літаратурах… Вельмі цёпла і кранальна, нават лірычна,  узгадвае Алесь Карлюкевіч тыя часы: “Збіраю “сваю Туркменію”.. Многа, вельмі многа ў мяне з той мілай старонкай звязана. Ды “свая Туркменія” – не толькі ўласны мой досвед жыцця ў далёкім краі. Кватэра ў доме па вуліцы Атабаева, працоўны “офіс” на вуліцы Карла Маркса, куды завітвалі і туркменскія літаратары – Акмухамед Вельсапараў, Яўшан Анакурбанаў, і беларускія – Алесь Емяльянаў, Мікола Кулінковіч, Васіль Ткачоў… Гэта ж і кавалачак Беларусі. А неяк надарыліся сустрэчы з Алесем Жуком, Янкам Сіпаковым, дык і зусім доўга думалася-перажывалася пра “беларускую Туркменію”. Алесь Жук часам пісаў мне ў Ашхабад. А Іван Данілавіч у далёкі савецкі час прывёз з Каракумаў выключна цёплы, братэрскі нарыс…”

“Братэрства” Алеся Карлюкевіча заглыбляе чытачоў у літаратурныя сусветы Расіі, Азербайджана, Балгарыі, В’етнама, Грузіі, Казахстана, Кітая, Літвы, Польшчы, Таджыкістана, Туркменістана, Украіны, Чарнагорыі. Пісьменнік глыбока разважае над тым, што з беларускага літаратурнага вопыту было б цікава замежнаму чытачу, прыводзіць сведчанні літаратараў свету, вырашае праблемы культурнага спрацоўніцтва беларусаў з прадстаўнікамі іншых народаў. Артыкулы, нарысы, гутаркі кнігі напісаны захапляльна і шчыра. Таму кніга, безумоўна, будзе цікавай як прафесійным літаратуразнаўцам, культуролагам, журналістам, так і ўсім неабыякавым да беларускага мастацкага слова. Вера ў энтузіязм, крэатыўнае мысленне і сяброўства, якое не мае межаў, сапраўды дапамагае рэалізоўваць маштабныя міжнародныя праекты!

Юлія Алейчанка