Алесь Бачыла: вершы на сербскай мове

Алесь Бачыла: вершы на сербскай мове

Да стагоддзя нашага земляка вядомага паэта, перакладчыка, літаратуразнаўца Алеся Бачылы (1918 – 1983; нарадзіўся ў вёсцы Лешніца Пухавіцкага раёна) новыя публікацыі яго вершаў з’явіліся і ў сербскай літаратурна-мастацкай перыёдыцы.

Толькі што пабачыў свет штоквартальнік “Кніжэўны прагляд” (“Літаратурны агляд”) – пятнаццаты нумар (кастрычнік-лістапад-снежань 2017 года). Гэта – перыядычнае літаратурна-мастацкае выданне, якое выходзіць у выдавецтве “АЛМА”. Галоўны рэдактар – Джорджа Оташавіч.

У падборцы Алеся Бачылы, якую з беларускай на сербскую пераклала малады і таленавіты творца Даяна Лазаравіч, – і верш нашага суайчынніка “Матчына мова”. Дарэчы, у гэтым жа выпуску сербскага выдання перакладчыца прадставіла яшчэ двух беларускіх паэтаў – Максіма Багдановіча і Людмілу Рублеўскую. Даяна Лазаравіч ўжо двойчы прыязджала ў Беларусь. Удзельнічала і ў Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час” – 1 сакавіка 2018 года. Сярод цікавых для Даяны сучасных беларускіх паэтаў, з якімі яна кантактуе, якіх перакладае, – Маргарыта Латышкевіч, Юлія Алейчанка, Марына Яўсейчык, Марыя Кобец, Віктар Шніп, Сяргей Панізнік, Алесь Бадак, Людміла Хейдарава.

І надалей хацела б перакладаць вершы Алеся Бачылы, – сведчыць Даяна Лазаравіч. – А надарыцца магчымасць, то з радасцю наведаю яго родныя мясціны, яго Лешніцу, якой, ведаю, паэт прысвяціў цёплыя, прачулыя паэтычныя радкі. Кажуць жа, што паэта можна зразумець тады, калі пабываеш на яго радзіме, у тых мясцінах, якія нарадзілі яго талент, якія натхнілі на неўміручыя творы.

Алесь Карлюкевіч

«Созвучие»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.