Адзінства вучобы і творчасці

Час ляціць хутка. Скончыліся летнія канікулы, прыйшло 1-е верасня, калідоры школ і іншых навучальных устаноў зноў зазвінелі галасамі навучэнцаў. Сёлета ўсе школы збіралі сваіх «птушанят» менавіта першага верасня – у Дзень ведаў. Урачыстыя лінейкі прайшлі па ўсёй рэспубліцы.

Мне пашчасціла прысутнічаць на лінейцы ў ДУА “Заслаўская гімназія”, дзе я на грамадскіх пачатках кірую літаратурным дзіцячым клубам “Ізяслаўцы”. На гэты раз у мяне была вельмі пачэсная місія: па даручэнні рэдакцыі часопіса “Качели” і асабіста яе галоўнага рэдактара Луканскай Эміліі Пятроўны я ўручала дыпломы і падарункі юным літаратарам гімназіі – членам клуба “Ізяслаўцы”, якія сталі пераможцамі паэтычнага конкурсу “Заветная строка”. Гэты конкурс часопіс праводзіў на працягу апошніх двух гадоў і ў ім удзельнічала шмат юных паэтаў з усёй Беларусі. За ўзнагародамі на высокія прыступкі гімназіі падняліся: Цімур Цітоў (вучань 8-га класа, дыплом ІІ-й ступені), Валеватая Вікторыя, Дубовік Юнона (вучаніцы 9 і 10 класаў, дыпломы ІІІ ступені), а таксама Макей Вольга (вучаніца 7 класа, якая атрымала прыз чытацкіх сімпатый).

Свята на школьнай пляцоўцы прадаўжалася амаль гадзіну. Гучалі віншаванні і найлепшыя пажаданні ад дырэктара школы Даманава Аляксандра Аляксандравіча, ад прадстаўніка аддзела адукацыі Мінскага райвыканкама, ад заслаўскага святара Айца Мікалая і іншых удзельнікаў свята. Вучні старэйшых класаў да Дня ведаў зладзілі невялічкае тэатралізаванае прадстаўленне, а першакласнікі нават здолелі паказаць свае веды, цудоўна чытаючы вершы, прысвечаныя першаму школьнаму дню. Скончылася лінейка, як і звычайна, першым званком, які далі вучань адзінаццатага класа і першакласніца.

Пасля лінейкі ўсе вучні і настаўнікі ўрачыста, па парах, увайшлі ў будынак гімназіі і разышліся па класах, у якіх пачаўся першы ўрок. Сёлета ён прайшоў пад назвай “Беларусь – мая Айчына”.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Даманава Валянціна Аляксандраўна запрасіла мяне ў 10 “А” клас, дзе яна ў гэтым годзе прызначана класным кіраўніком. Згодна з тэмай першага ўрока мы пачалі гаворку пра так званую малую Радзіму – наш родны горад Заслаўе. Я прачытала юным слухачам шмат сваіх вершаў, прысвечаных роднаму гораду Заслаўю, блізкім нам усім мясцінам, чытала вершы пра Радзіму і з двух агульнагарадскіх зборнікаў дзіцячай літаратурнай творчасці (“Струмені заслаўскай крынічкі” і “Нашчадкі Рагнеды”), якія мне пашчасціла выдаць за апошнія два гады. Юнакі і дзяўчаты былі прыемна ўражаны вершамі сваіх сяброў і знаёмых, асабліва тым, што сярод аднакласнікаў ёсць сааўтары гэтых зборнікаў:  восем легенд горада Заслаўя, якія сабрала і запісала Гапуціна Яна, і вершы Таўстыка Валерыі знашлі сваё месца ў зборніках. Калі званок абвясціў канец першага ў гэтым навучальным годзе ўрока, мы зрабілі вось гэты фотаздымак на памяць:

 

Святлана Быкава, 

старшыня Мінскага абласнога аддзялення

ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

 

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.