Адгалоскі свята пісьменства

1-2 верасня ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці адбылося святкаванне юбілейнага, ХХV-га Дня беларускага пісьменства. Актыўны ўдзел у мерапрыемствах свята прынялі пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Вучні 11”А” класа Заслаўскай гімназіі на чале з класным кіраўніком Даманавай Валянцінай Аляксандраўнай зацікавіліся гэтай значнай падзеяй у культурным жыцці сваёй краіны і запрасілі сваю зямлячку Святлану Быкаву, якая ўзначальвала пісьменніцкую дэлегацыю Мінскай вобласці, расказаць пра тое, як праходзіла свята, які ўнёсак у яго зрабілі пісьменнікі Мінскай вобласці.

У аўторак, 4-га верасня, Святлана Быкава правяла для зацікаўленых вучняў урок беларускай літаратуры, на якім расказала пра мерапрыемствы, у якіх прынялі ўдзел пісьменнікі Міншчыны, пра свае асабістыя ўражанні, якія атрымала ў старажытным горадзе Янава (Іванава).

Пасля паэтэса адказала на шматлікія пытанні юнакоў і дзяўчат пра акалічнасці свята, пра сваю асабістую творчасць і далейшыя планы.

Напрыканцы сустрэчы Святлана Быкава падарыла 11 “А” класу сувеніры са свята і асабістыя зборнікі вершаў.

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення ГА СПБ