Літаратурны марафон “СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ”. Уладзімір РУНЦЭВІЧ
Share the post "Літаратурны марафон “СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ”. Уладзімір РУНЦЭВІЧ"
Уладзімір РУНЦЭВІЧ
Трохрадка
Ты са мной і на прывале,
Ты са мною з бою ў бой,
Ты са мной пасябравала,
Ты – са мною, я – з табой.
І ў сяброўстве год нямала
З радасцю мы і з журбой.
Ты са мной і на прывале,
Ты са мною з бою ў бой.
Ты і ўвечары і ўранні,
Ты і ў цемру і ў святло,
Мне спрыяла ты ў каханні,
Слоў як часам не было.
Ты са мной гарэла ў танку
І была ты пад вадой.
Я на бой ішоў уранку,
Каб вясну сустрэць з табой.
Праляціць гадоў нямала,
Адгрыміць апошні бой…
Будзем разам, як бывала,
Ты ды я, ды мы з табой.
Вера
Не верыў салдат ні ў д’ябла, ні ў Бога,
І ў тым ён зусім не бачыў віны,
Бо верыў салдат у цябе, Перамога,
І верыў з пачатку халоднай вайны.
Не верыў салдат апасенням падманным,
Што здрадзіць яму ў час ліхі аўтамат,
Бо верыў салдат лістам ад каханай,
Ад маці лістам цвёрда верыў салдат.
Франтавыя шляхі
Партызанаў шляхі,
Франтавыя дарогі…
Колькі год вы вялі
Нас да дня Перамогі.
Колькі вас на зямлі,
Колькі ў сэрцах салдатаў.
Вас змясціць не змаглі б
Падрабязныя карты.
Доўгія, як бінты,
На целе салдата –
Шляхі з нематы – са шпітальных палатаў.
Праводзіны
Скразіла так з вачэй яе трывогай,
І чуўся ў голасе амаль што плач.
Абрусам расцілалася дарога,
Над ёй кружыў вяшчун-крумкач.
Расстанне дзіўнае іх так яднала
На той апошняй, на ліхой мяжы.
Яна сказаць яму жадала:
− Ты беражы сябе, ты беражы.
Туга знянацку агарнула,
Як пратрубіў паход трубач.
У грудзях дзявочых рэзанула,
Нібыта сэрца дзёўб крумкач.
Як знерухомела – яна не знала.
Спыніўся час, спыніўся, не бяжыць…
Яна сказаць яму жадала:
− Ты беражы сябе, ты беражы!
Не верыў салдат, не верыў ніколі,
Што не прычакае ўрачысты парад,
Нават, калі захлынаўся ад болю,
У цябе, Перамога, верыў салдат.