Літаратурны марафон “СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ”. Яўген ПЯСЕЦКІ
Яўген ПЯСЕЦКІ
Воіну-інтэрнацыяналісту,
падпалкоўніку
мінчаніну М. Рыжыку
Лiчылi кулi наш дэсантны ўзвод,
Шалела пекла танкавых матораў,
З крылом прабiтым падаў самалёт,
I жураўлі кружлялі мiж сузор’яў…
Я ў снах дагэтуль бачу жураўля −
Ляцiць самотны, дружбакоў гукае.
За небакрай гарыць зямля чужая
I так далёка родная зямля.
У гэтых снах я чую зноў і зноў,
Як ціха плача вецер ў Бадахшане,
І словы развітальныя сяброў,
І жураўліны крык на развітанне.
* * *
Нiхто не скажа, колькi на зямлi
Шляхоў-дарог, прасёлкаў невядомых.
Мiльёны сцежак некуды вялi,
Але адна − заўжды вяла дадому.
Яе нiдзе на картах не знайсцi,
Яе iмя нiкому не знаёма,
Але, калi прадпiсана ў жыццi −
Ты гэтай сцежкай вернешся дадому.
Яна адна для грэшных i святых,
Адна для радавых i генералаў,
Па ёй калiсьцi йшлi мае сябры
З чужых палёў, з грымотных перавалаў.
I нават там, дзе вечны супакой,
Там, дзе назад шляхоў няма нiкому,
Я стану сумаваць па той адной
Сцяжынцы, што вяла мяне дадому.
* * *
І ў наш час на раллі можна ўбачыць
асколкі мін і снарадаў мінулай вайны
На гэтым полi кветак не злiчыць,
І верас тут iмшу сваю шапоча −
Усё навокал прагне мірна жыць…
Ды з-пад зямлi вайна глядзiць у вочы.
Пякуць асколкi з глыбiнi зямлi,
Баляць, як шрамы, даўнiя траншэi −
Ў жальбе тугуе птушка на раллi,
I рэха тут ад цiшынi нямее.
Мне чуецца між гэтай цiшынi
Свiст куль, матораў рык i плач жаночы…
Нябёсы дораць мір маёй зямлi,
А з-пад зямлi вайна глядзiць у вочы.