Літаратурны марафон “СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ”. Дзмітрый КРАСКОЎСКІ

Дзмітрый КРАСКОЎСКІ

Пачатак
Вярталася з паходу рота.
Год сорак першы.
Чэрвень. Стэп.
Пыліла ботамі пяхота,
А воддаль наліваўся хлеб.
Нібы каршун, ад гарызонта
На роту самалёт ляцеў.
Крыжы на крылах. Блікі сонца.
І не схавацца – каб хацеў!
А капітан крычаў: – Да бою! –
Раскінуў рукі – у абхват,
Нібы хацеў прыкрыць сабою
Тых неабстрэленых салдат.
Над стэпам чэргі кулямёта
Набатам рвалі цішыню…
І долу падала пяхота,
Пагляд паслаўшы ў вышыню.

…У журбе заціхлі стэп і неба,
Дарога, што вяла да хат,
Дзе знішчана палоска хлеба
І рота маладых салдат.
Маліўся, узгадаўшы Бога,
Той капітан немалады…
Так пачалася Перамога.
Праз боль! Праз страты! Праз гады!