Літаратурны марафон “СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ”. Тамара БЯРЭЗІНА

Тамара БЯРЭЗІНА

СВЯТАЯ ПАМЯЦЬ
Вайны злавеснай чорная навала
Драпежнай птушкай касавала лёсы,
Без літасці, без жалю адпраўляла
Нявінных душаў безліч на нябёсы.
Праз пакаленні прарастае памяць,
Цвіце на свята белым цветам вішні
У гонар тых, хто і ў жару, і ў замець,
Не пра сябе ўсе думалі – пра іншых.

 

ПЕСНЯ НА ВАЙНЕ
Кто сказал,что надо бросить
                         Песни на войне?
                         После боя сердце просит
                         Музыки вдвойне!
                                               В.И. Лебедев-Кумач
Песня-заклік, песня-меч, песня-звон набатны
Клікала на барацьбу праз агонь гарматны,
Узнімала, як магла, абуджала сілы
Захінуць ад чужакоў край святы і мілы.
На прасторах дарагіх, на дарогах дальніх
Колькі спета іх было ціхіх і бяскрайніх,
Гулкіх, звонкіх, баявых, трапяткіх, раздольных,
Непакорных, агнявых, стомленых і вольных.
Песняй поўніцца душа, значыць, будуць сілы
Бараніць радзімы край і дзядоў магілы.
Не зламаць нічым народ, калі моцны духам,
Не скарыцца ён вятрам, чорным завірухам.