Літаратурны марафон «СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ». Аляксандр БЫКАЎ

Аляксандр БЫКАЎ

НЕВЯДОМЫ САЛДАТ
Пад рабінай горкай ён спачыў,
З года сорак першага салдат.
Столькі год — у цемры, уначы,
У сырой зямлі каля прысад.

Ён без званняў, без узнагарод
І без прозвішча, і без імя.
Столькі год — у цемры,
столькі год,
І што мір — не ведае зямляк…

У нашчадкаў з вераю святой
Даў тут першы і апошні бой.
Засталося толькі і ўсяго —
Не здаваць пазіцыю яго!

БАЯВАЯ ГАТОЎНАСЦЬ
Палігон ружовым дымам грае,
Па мішэнях б’ём, нібы ў званы.
Без вайны – мы на пярэднім краі
Спасцігаем азбуку вайны.

Імітацыя. Снарады рвуцца –
Анікога ўзрывы не крануць.
На рубеж зыходны танкі рвуцца,
Скіраваўшы фары ў каламуць.

Разумеем гэтую умоўнасць.
Толькі ведаем без цудаў-мрой,
Што душы тваёй боегатоўнасць –
Ёсць гатоўнасць і краіны ўсёй!