“Маладыя галасы – 2019” у Валожыне
6 красавіка ў Валожынскім раённым цэнтры культуры прайшло мерапрыемства па падвядзенні вынікаў раённага літаратурнага конкурсу “Маладыя галасы”, які штогод ладзіцца па ініцыятыве народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама.
Удзел у конкурсе прыняла моладзь да 18-ці год: вучні 9-ці школ раёна (з 4-га па 11-ы клас) і навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Юныя канкурсанты прынялі актыўны ўдзел ва ўсіх прапанаваных тэмах: “Шляхамі вызвалення”(да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў), “Мае вы родныя мясціны!”(да Года малой радзімы), “У юным сэрцы хваляванне…”(творы пра каханне), “На жартоўнай хвалі” ( гумарэскі, жарты, байкі).
Параможцы творчага спаборніцтва атрымалі дыпломы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за 1, 2 і 3 месцы і падарункі. А ўручылі ўзнагароды юным канкурсантам (па намінацыях) члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Краскоўскі, Марыя Шакун, Зінаіда Гасціловіч і Валянціна Гіруць-Русакевіч, якая і вяла мерапрыемства. Прысутныя ў зале змаглі пачуць не толькі вершы ўладальнікаў дыпломаў першай ступені, але і названых паэтаў, а таксама песні на іх словы.
Прэс-служба МАА ГА СПБ