З вершамі на роднай мове – у Чурылавічы
Міжнародны Дзень роднай мовы, які прайшоў 21 лютага, яшчэ дае свае адгалоскі. Па запрашэнні загадчыка Чурылавічскай бібліятэкі Давальцовай Фаіны Рыгораўны і кіраўніцтва сярэдняй школы аграгарадка Чурылавічы ў рамках Тыдня роднай мовы адбылася творчая сустрэча з беларускай паэтэсай, старшынёй Мінскага абласнога аддзялення Га “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святланай Быкавай. На сустрэчу сабраліся вучні 5-11 класаў.
Спачатку паэтэса распавяла гаворку пра свой творчы шлях, планы і праэкты. Пасля слухачы пачулі шмат яе вершаў на беларускай мове пра родныя карані, беларускую прыроду, матулю… Напрыканцы сустрэчы некаторыя з вучняў падзяліліся з прысутнымі сваімі асабістымі вершаванымі творамі. З мэтай падтрымкі творчых юнакоў і дзяўчат, усім, хто чытаў асабістыя вершы, Святлана Быкава падарыла свае кнігі. Для школьнай бібліятэкі паэтэса таксама падпісала і перадала два зборнікі сваіх вершаў.
Агульны фотаздымак зафіксаваў апошні момант сустрэчы ўдзячных слухачоў і беларускай пісьменніцы.
Прэс-Цэнтр Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”