“Якое ты цудоўнае, жыццё!”
Гэты радок з верша паэтэсы-зямлячкі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Валянціны Гіруць-Русакевіч даў назву сустрэчы з творцай, якая ладзілася 28 сакавіка ў Валожынскай дзіцячай бібліятэцы ў рамках Тыдня дзіцячай кнігі.
У пачатку мерапрыемства загадчык бібліятэкі Алена Трасцянка паведала вучням пачатковых класаў СШ №1 г.Валожына, што прыйшлі на сустрэчу, гісторыю ўзнікнення Кніжкінага Тыдня, якому сёлета споўнілася ўжо 75 гадоў, расказала пра важнасць кнігі ў жыцці чалавека, а значыць і надзвычайную важнасць літаратурнай працы пісьменнікаў, і прадставіла дзецям госцю.
На сустрэчы гучалі вершы з дзіцячых кніг В.Гіруць-Русакевіч, загадкі з будучай кнігі для дзяцей, а таксама творы пра прыроду і радасць жыць у родным краі з кнігі “На нітцы часу”, якая выйшла зусім нядаўна, у сакавіку бягучага года, ў серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі” (выдавецтва “Чатыры чвэрці”). Вершы паэтэсы гучалі як у аўтарскім выкананні, так і ў выкананні чытачоў дзіцячай бібліятэкі ўнукаў паэтэсы Любы і Грышы Русакевічаў.
Чытайце, тамніцы адкрывайце,
Спявайце, весяліцеся, гуляйце,
Цікаўцеся, шукайце і пытайце…
І толькі ў міры, шчасці падрастайце! –
такі наказ-пажаданне на завяршэнне сустрэчы адрасавала Валянціна Францаўна сваім маленькім землякам.