Вершы беларускіх паэтаў гучалі на сустрэчах пісьменнікаў Міншчыны
Share the post "Вершы беларускіх паэтаў гучалі на сустрэчах пісьменнікаў Міншчыны"
Вершы беларускіх паэтаў Бажэны Мацюк, Ірыны Карнаухавай, Віктара Кажуры, пераклады вершаў паэтаў Нуратдзіна Юсупава (Дагестан), Арбі Мамакаева (Чачня), Жака Прэвера (Францыя), Оніла Кандзісілала (Бангладзеш) гучалі на літаратурных сустрэчах пісьменнікаў Міншчыны з маладымі жыхарамі Вілейкі.
Маладую паэтэсу Бажэну Мацюк вітаюць яе маленькія землякі.
Гасцей уважліва слухалі ў розных аўдыторыях: старшакласнікі-гімназісты, школьнікі-пачаткоўцы і нават выхаванцы дзіцячага садка. Аўтар многіх дзіцячых кніг Ірына Карнаухава зацікавіла самых маленькіх прапановай пачуць, як расказваюць пра зімовыя дзіцячыя забавы паэты Беларусі і далёкіх краін.
Настаўнік, аўтар кніг для школьнікаў Віктар Кажура сярод сваіх чытачоў.
Юнацкая аўдыторыя захоплена слухала лірычныя вершы Бажэны Мацюк. Маладую паэтэсу ў Вілейцы добра ведаюць: яна вучылася ў мясцовай гімназіі, тут адбыўся яе літаратурны дэбют. Цяпер яе прадстаўляюць землякам як цікавага сучаснага аўтара, магістра філалогіі.
Са сваёй кнігай вершаў выйшаў да слухачоў настаўнік беларускай мовы і літаратуры вілейскай гімназіі № 2, таксама член Саюза пісьменнікаў Беларусі, магістр адукацыі Віктар Кажура. Яго паэтычны талент выразна праявіўся ў вядомым выданні «Азбука ў вершах і малюнках». Гэта кніга дасціпна і вобразна дапамагае дзятве засвойваць алфавіт і беларускую лексіку.
Паэтэса Ірына Карнаухава хутка знайшла кантакт з аўдыторыяй.
У сустрэчах вілейскай моладзі з пісьменнікамі ўдзельнічаў адзін з найбуйнейшых айчынных выдаўцоў РУП «Выдавецтва «Пачатковая школа». Кнігі і часопісы для навучэнцаў і педагогаў заставаліся ў цэнтры ўвагі на сустрэчах з літаратарамі. Бібліятэчка часопіса «Пачатковая школа» была перададзена ў падарунак дзіцячаму садку.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара