Вершам і песняй душу спавядаю…

Вершам і песняй душу спавядаю…

«Будзеш рухацца – горы перавернеш, будзеш сядзець – у яму скоцішся», — адна з жыццёвых высноў паэта-песенніка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі нашага земляка Кастуся Цыбульскага.

Сваімі назіраннямі, разважаннямі, знаходкамі ён падзяліўся ў час творчай сустрэчы «Я мілую гэты свет» у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча. Канферэнц-зала ў «Вераску» была перапоўнена, і гэта, як зазначыў пісьменнік Міхась Казлоўскі,  яскравае пацвярджэнне таму, што творчасць Кастуся Пятровіча любяць і цэняць на малой радзіме, як, зрэшты, і ва ўсёй краіне.

— На Маладзечаншчыну еду – па-іншаму стукае сэрца, нават рухавік у машыне інакш працуе, — шчыра прызнаўся паэт, які нарадзіўся ў невялічкай вёсачцы Забалоцце, скончыў Лебедзеўскую сярэднюю школу, працаваў на заводзе «Спадарожнік». Першыя радкі ён зрыфмаваў у школьным узросце. Прыгадаў, як у дзевятым класе напісаў сачыненне па беларускай літаратуры ў вершах. Настаўніца Вера Шупляк за змест паставіла юнаму паэту «пяцёрку», а вось за памылкі — «тройку». І падарыла зборнік Сяргея Ясеніна. «На вуліцы — месяц май, сад цвіце, салаўі  спяваюць, і я да раніцы чытаў Ясеніна, не мог адарвацца. І ўсё думаў: як можна так цудоўна пісаць? І сам паспрабаваў, склаў верш пра старую спілаваную бярозу, на пні якой вясной з’яўляюцца слёзы…»

Каб самому дасканала валодаць паэтычным словам, трэба шмат чытаць — гэта дапамог зразумець пачынаючаму творцу былы загадчык раённага аддзела адукацыі Рыгор Касцюк, якому Кастусь і сёння ўдзячны за навуку. Успамінае, як зачытваўся зборнікамі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Васіля Зуёнка, Генадзя Бураўкіна, іншых паэтаў…Дарэчы, свой першы друкаваны верш Цыбульскі ўбачыў на старонках нашай газеты, якая на той час называлася «Святло камунізму». Паэт і цяпер памятае яго назву — «Родны край» і сваю вялікую радасць, калі ўбачыў яго ў газеце, пабег паказваць матулі… Захапленне літаратурай прывяло на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. І хаця працяглы час Кастусь Пятровіч працаваў ва ўнутраных органах, мае званне падпалкоўніка міліцыі, з паэзіяй ніколі не расставаўся. Ён з’яўляецца аўтарам пяці зборнікаў вершаў, песні на яго вершы выконваюць многія вядомыя беларускія артысты, калектывы. Успамінаў, як у маладыя гады набраўся смеласці і пасля аднаго з канцэртаў падышоў да Анатоля Ярмоленкі, прапанаваў яму свае вершы, якія можна было б пакласці на музыку. Кіраўнік «Сяброў» пазнаёміў Цыбульскага з кампазітарамі Валерыем Івановым і Мікалаем Сацурам. «З таго часу і пайшлі мае песні ў людзі», — гаворыць паэт. Сярод самых вядомых — «Бацькоўскі зруб», «Зязюля-варажбітка», «Я застаюся тут», «Браток-сусед» і многія іншыя. Трэба сказаць, што Канстанцін Пятровіч не толькі выдатна чытае свае вершы, але і добра спявае. У час сустрэчы ён пазнаёміў слухачоў з многімі паэтычнымі і музычнымі творамі, якія падкупляюць сваёй шчырасцю, каларытнасцю, свежасцю думак і вобразаў. «Не імкнуся кагосьці капіраваць. Як у кожнага пальца рук свае адбіткі, так і вершы – свае, адрозныя ад іншых», — прызнаецца паэт. У яго творах — настальгія па вёсцы, у якой віравала жыццё, дзе «спавядалі душу добрай песняй, гамонкай», па шчырых адносінах паміж людзьмі. «На жаль, сёння цудоўнае слова «талака» памірае, сучасная моладзь не ведае, як усёй вёскай хату будаваць, бульбу капаць, траву касіць…», — вёў дыялог са слухачамі творца і прадстаўляў розныя цыклы сваіх вершаў. Адгукнуліся болем у яго чуйным сэрцы тэмы Афганістана, Чарнобыля, кранаючыя радкі прысвяціў сябрам-паэтам, якіх няма ўжо на гэтым свеце.

«Спадзяюся, што пракосаў новых жыццё яшчэ падорыць нам спаўна!» — на мажорнай ноце закончыў свой дыялог з землякамі паэт-песеннік. Выступілі на вечарыне і яго сябры маладзечанскія пісьменнікі Міхась Казлоўскі, Аркадзь Жураўлёў. Дырэктар ЦРБ Марыя Стасяловіч ад імя ўсіх чытачоў падзякавала Кастуся Пятровіча за змястоўную цёплую сустрэчу, за цудоўныя вершы і песні, якія дапамагаюць кожнаму з нас адчуваць сябе беларусамі.

ТЭКСТ і ФОТА: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.