Да 210-годдзя В.І.Дуніна-Марцінкевіча
10 лютага ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага цэнтра культуры запрасілі школьнікаў горада ў залу РЦК на літаратурную сустрэчу-знаёмства “Паклон удзячных нашчадкаў” да 210-годдзя з дня нараджэння паэта і драматурга, рэжысёра і артыста, моцнага духам змагара за беларускую нацыянальную культуру В.І.Дуніна-Марцінкевіча.
Слынны творца 44 гады жыў і плённа працаваў на Валожыншчыне, у сваёй Малой Люцінцы, фальварку, які ён набыў у 1840 годзе ў межавага суддзі Алойзія Сялявы. Тут, у Люцінцы, Дунін-Марцінкевіч заняўся тэатрам, стварыў хор і, вядома ж, шмат пісаў. Менавіта тут напісаў свае лепшыя творы, у тым ліку усім вядомыя п’есы “Сялянка” (або “Ідылія”), “Залёты”, “Пінская шляхта”, вершаваныя аповесці і апавяданні ”Гапон”, “Вечарніцы”, “Шчадроўскія дажынкі”, “Люцынка, або Шведа на Літве” і іншыя.
Пра ўсё гэта і расказалі школьнікам падчас сустрэчы. Цікава, ярка і эмацыянальна распавёў аб першай сустрэчы пана В.Дуніна-Марцінкевіча з люцінскімі сялянкамі (паводле твора слынныга валожынскага краязнаўцы Генадзя Равінскага “Ой, рэчанька, рэчанька…”) Валерый Мазура.
Гучалі вершаваныя радкі Беларускага Дудара і ўспаміны былога вучня яго школкі Ядвігіна Ш., якія прагучалі ў выкананні навучэнцаў Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Антона Юралевіча, Андрэя Каспяровіча і Аляксея Пінчука, а таксама вершы Марыі Шакун і Валянціны Гіруць-Русакевіч, прысвечаныя слаўнаму творцу-земляку.